Еўрапейскія гісторыі

Апавяданні

Вашко Лявон


Па завядзёнцы

Хай бы мазгі ў Віціка Казейкі не мякчэлі, дык мо і гарадкоўская б гісторыя праз іншыя брамы прабегла. А так атрымалася ўсё па завядзёнцы, як і мусіла атрымацца. У Віціка, трыццацігадовага задуменнага хлопца, сядзела нямала розуму ў галаве. Ажно розум той звычайна нядоўга варушыўся: нейкі тыдзень на месяцы, а мо і два трэ было, каб хлопцава галава проста павісела на шыі балдавешкаю, пабоўталася, пагаварыла ўсялякім смеццем, патрызніла. Адпачыўшы гэтак, хлопцаў розум ізноў рабіўся дужы і моцны, чыста жнівеньскі гарэх. Жадалася прабасці сваім розумам гарадок, убрыкнуць яго ў жывот хацелася. У тым хлопец і меў шчасце з бядою: шчасце было таму, што бяда доўжылася не бясконца — не больш як тыдзень ці ад сілы два, а бяда — таму, што шчасце не доўжылася стала, а сканчалася раз на месяц.

Як розум пачынаў стамляцца, Віцік скрушна мацаў сваю галаву. Думалася пра адно і тое ж маруднымі вусякамі, і Віцік зачынаў піць. Ягоны гарэх рабіўся мяккі (як хлопец казаў, са смаркачом усярэдзіне). Покі піў, дык не хадзіў на працу. Ён рабіў у Доме піянераў, кіраваў рознымі гурткамі. На працы ўсе прызвычаіліся да таго, што ў Віціка часам у галаве мякчэе, і даравалі яму гэткае, бо чалавек ён быў неблагі.

— Вы ж ведаеце,— апраўдваўся Віцік перад калегамі і начальствам пасля чарговага загару. — Гэтак ужо мяне прырода зляпіла: раз на месяц мушу папапіць.

Калі ў гарадок прыйшлі дэмакратычныя выбары, Віцікаў розум аджываў ад чарговага п'янога тыдня. Розум мужнеў, яму карцела пабасціся з гарадком. Віцік падумаў: «Чаму б мне не падацца ў дэпутаты? 3 маімі розумам ды ведамі я дужа спатрэблюся гарадкоўцам». Ён падбухторыў сябрукоў, і яны вылучылі яго кандыдатам у дэпутаты гарадкоўскага Савета. Ён склаў сабе праграму і надрукаваў яе ў мясцовай газеце. Маўляў, трэба змагацца супраць старых ідалаў за новыя ідэалы. Гарадкоўцам даўно абрыдзелі старыя божышчы, ім новага хацелася. Вось бы чагось невядомага з'есці, думалі гарадкоўцы. Віцік пайшоў па іхніх кватэрах і хатах; заходзіў у дзверы і казаў:

–– От дык бяда, брацці, — сістэма прагніла. Трэба абнаўляць наш Савет, альтэрнатыву шукаць трэба.

Гарадкоўцы згаджаліся, і Віцік пытаўся ў іх:

–– Кажыце, брацці, якія ў вас праблемы?

Ён даставаў нататнік і запісваў у каго што якое. Гарадкоўцам шчымела кожнаму рознае. Адны жылі ўдзевяцёх у аднапакаёўцы. Другім зубы не ўстаўлялі. Трэцім балела, што ў крамы качкі не прывозяць. Чацвертыя скардзіліся: столь цячэ. Пятыя бедавалі: халадзільнік не сцюдзіць... Віцік задумваўся. Яму рабілася шкада гарадкоўцаў, хацелася ім дапамагчы, і хлопец шчыра казаў:

— Галасуйце за мяне. Я для вас усё зраблю. Не тое, што гэтыя — што радзіму прапілі.

Асаблівую падтрымку ен займеў ад старой Куліны Гарбок, якая паскардзілася яму:

— Віцік, дзетачка, другі год аніяк не куплю сабе танныя і цеплыя боты. Хіба ж гэта жыццё?

У Віціка нават голас задрыжэў, гэтак хлопец расчуліўся:

— Цетачка, ты за мяне галасуй, дык будуць табе і боты, і панчохі, і чаравікі на абцасах. Будзеш жыць, цётачка, нібы той Мурчык на печы.

–– Ай, дзякуй табе! — захвалявалася да слёз Куліна Гарбок. — Бог цябе да нас паслаў, дзетачка.

А потым у Віціка надарыўся чарговы змрочны тыдзень. Хлопец хаваўся ўдома, піў і амаль нікуды не казаўся. Як запой мінуўся, яшчэ горш заманулася басціся і брыкацца. Ён зладзіў тры мітынгі, на якіх распавёў гарадкоўцам пра ідалы і ідэалы ды паабяцаў:

— Брацці! Мяне выбераце, дык будзеце жыць, нібы Мурчыкі на печках!

Дык узялі і выбралі. Віцік спатайка папіў трохі, а потым у гарадкоўскім Савеце надаўмеў хлопцаў — нямала ягоных сябрукоў да знаёмцаў у дэпутаты патрапіла,— каб яго старшынёю абралі.

— Сістэма гніе, брацці! — казаў ён дэпутатам. — Трэба альтэрнатыву шукаць. Мяне выбірайце. Годзе гэтым псюкам старым намі кіраваць. Трэба валіць, брацці, старыя ідалы долу. Іначай згніем, як салома на калгасным полі...

І яго абралі старшынёю. Ранейшы старшыня, Андрэй Кірылавіч Драчонік, ажно ўчарнеў увесь, калі высветлілася, што за яго прагаласавала меншасць. Ён прарабіў на старшынеўскай пасадзе шмат гадоў і лічыў, што мае вялікае дасягненне ў жыцці. Андрэй Кірылавіч Драчонік даражыўся сваім месцам і не хацеў яго аддаваць Віціку. А Віцік запальна выступіў перад галасаваннем дэпутатаў і, пырскаючы слінаю, прыгадаў агульнавядомы ў гарадку факт — як Андрэй Кірылавіч Драчонік на падпітку і без чаргі браў у лазні піва. Андрэй Кірылавіч Драчонік пачаў апраўдвацца.

— Дык жа старшыні брыдка ў чарзе стаяць! — сказаў ён. — Дзе ж тады павага! А што п'яны быў — дык, таварышы, я ж не хістаўся і не падаў!.. — Ён пракаўтнуў крыўду і запрасіўся:

— Таварышы, дайце мне да пенсіі дарабіць. Два гады засталося. Не трэба нам, таварышы, альтэрнатываў... Я і без іх з пасады пайду. Дадушы, праўду кажу — ані дня не затрымаюся, як пенсія прыйдзе...

Ажно два гады для дэпутатаў былі як два стагоддзі. На Андрэя Кірылавіча Драчоніка засыкалі, запляваліся абразамі і... прагаласавалі, ды не выбралі. Андрэй Кірылавіч ад крыўды заплакаў уголас, схапіўся за сэрца і, сыходзячы прэч, прарыдаў:

— Ну, і гарыце вы ўсе гарам разам са сваёй альтэрнатываю!

І пагарэлі. Спачатку Віцік трымаўся, не піў. Ён задумаўся, як бы ашчаслівіць гарадкоўцаў, і ягоны дужы розум прыдумаў правесці якое-небудзь гарадкоўскае свята. Але гарадкоўцы пра свята не марылі. Яны цугам ішлі да Віціка і намякалі яму на тое, што ўжо час выконваць свае абяцанкі.

— Будзе. Чакайце,— запэўніваў Віцік наведнікаў. — Дайце мне спярша тэрміновыя справы парабіць.

Старая Куліна Гарбок амаль штодня забягала. Пыталася:

— Віцік, дзетачка, а ці дастаў ты мне боты? Зіма ж праз паўгады.

— Дастану, дастану,— крывіўся незадаволена Віцік ды звыкла адказваў: — Будуць у цябе, цётка, і новыя боты, і панчохі, і чаравікі на абцасах. Пажывеш яшчэ ты, цётка, на сваю пацеху. Не спяшайся. Пачакай трохі. Пакуль у мяне без цябе справаў столькі, што чорт не злічыць.

Куліна Гарбок, сыходзячы, ласкава і слязліва казала:

— Дзякуй, што дбаеш, дзетка!

Яна гэтак яму надакучыла, што хлопец падумаў: «Хай бы ты да зімы ў магіле спрахла». Нейкага дня ён адчуў, што розум ягоны стаміўся і больш ні пра што не хоча думаць, адно — каб выпіць. «Трэба, каб галава адпачыла,— вырашыў Віцік. — Бо можа трэснуць і адваліцца». Ён засляпіў свае мазгі на тыдзень. А як выйшаў пасля запою на працу, яго абселі збянтэжаныя твары дэпутатаў. Віцік не ведаў, што б схлусіць, і таму сказаў як ёсць:

— Брацці! Гэткая ўжо звяруга — нашая прырода! Не па-людску яна да мяне паставілася. Таму — хоць плач, хоць скач — а тыдзень на месяцы мне трэба абавязкова гарэлкі папапіць. Каб мазгі мякчэйшыя сталі. Ажно я праз гэтае адно лепш працую. Далібог.

Народныя абраннікі разгубіліся: ніхто з іх і ў цюк не браў, што ў новага старшыні можа быць гэткая загана. Усе мы п'ем, думалі моўчкі, самі сабе дэпутаты, але ж на працу ходзім. Адзін толькі Андрэй Кірылавіч Драчонік не маўчаў і голасна абураўся:

— Як мне, дык і піва ў лазні не папі. А як сам тыдзень бесперастанку гужуе, дык і не лыс... Гарыце вы ўсе гарам з вашаю альтэрнатываю!

Андрэй Кірылавіч Драчонік пайшоў да Веранікі Аркадзеўны Базар і паскардзіўся ёй на Віціка. «Якая ганьба!» — падумала Вераніка Аркадзеўна Базар. Мінулася колькі тыдняў, і Віцік зноўку адпусціў сваю галаву, каб на шыі павісела. Андрэй Кірылавіч Драчонік і гэтага разу не спаў, усё распавёў Вераніцы Аркадзеўне Базар. Ён злаваўся і памалу падгаворваў дэпутатаў, каб усім разам зняць Віціка з пасады. Хлопец ведаў пра гэтае. Яго некалькі разоў клікала да сябе Вераніка Аркадзеўна Базар і ўшчувала. «Асцярожней мне трэба,— палахліва думаў Віцік. — Бо яшчэ збяруцца і сапраўды здымуць».

Аднак асцярожней не атрымалася. Нейкага дня са сваім даўнім прыяцелем Эдзем Ціхавеем гэтак чарканулі ў Віцікавым кабінеце, што з хлопца жывоцік пачаў вытрахацца. Дый ладна вытрахнуўся, ажно прыбіралыпчыца Ганця Сашкевіч адмовілася наступнага дня чысціць у кабінеце. Калі Віцік, спухлы і зняможаны, дапяўся раніцаю да працы, там ужо Андрэй Кірылавіч Драчонік ятрыўся.

— Як мне, дык і піва не папі. А як сам, дык — аж цераз горла. От альтэрнатыва! — гарэў Андрэй Кірылавіч Драчонік. — Ідзі прама да Веранікі Аркадзеўны Базар, ідал ты! Яна цябе кліча.

Аднак Віцік не пайшоў. Ён спалохаўся і падаўся да Эдзі Ціхавея, папрасіўся, каб той яго схаваў. Яны на два тыдні замаркоціліся, а калі загар мінуўся, Віцік патэлефанаваў з будкі Вераніцы Аркадзеўне Базар і сказаў, што ляжыць у абласным шпіталі з ракам.

Ён баяўся трапляцца на вочы начальству. Жыў невылазна ў Эдзі Ціхавея, і той штодня выходзіў у гарадок ды прыносіў стуль на засцярожлівым віслагубым твары розныя дрэнныя звесткі. На гарадок у тым часе нейкае ліха напала, ён развальваўся кавалкамі: то ў пяціпавярховым доме каналізацыя захліпала праз вушы, то на цэнтральнай вуліцы экскаватар перагрыз кабель — ляснула ў гарадку сувязь са сталіцаю, то па Нёмне нечае друхло паплыло... Неяк Эдзя Ціхавей прыгнёс зусім прыкрую чутку: па гарадку хадзіў шаст, нібыта Вераніка Аркадзеўна Базар высветліла, што Віцік не ляжыць у вобласці, і загадала ўчастковаму Байдзе, каб той яго адшукаў. Пачуўшы гэтае, Віцік даў каманду Эдзю Ціхавею: трэба патэлефаыаваць Вераніцы Аркадзеўне Базар і паведаміць, што мэру зусім блага, метастазы паўсюль пайшлі — як да наступнае сесіі дажыць? — таму яго ў сталіцу, маўляў, і перавезлі. «Няхай шукае ў сталіцы,— падумаў Віцік,— калі сувязь ляснула». Гэтага ж дня яны зноўку напіліся, і галава ў Віціка зрабілася зусім вадкая. «Адныя смаркачы ў галаве засталіся»,— падумаў ён і на ўсё забыўся.

Хлопец нат не памятаў, як выйшаў ад Эдзі Ціхавея і пайшоў па гарадку. Хай бы ён лепей сядзеў у сябрука давеку, бо зачапіўся за нешта, паваліўся і заснуў. Гэтак яго знайшоў Байда і даставіў у міліцыю. На ранку Вераніка Аркадзеўна Базар з'явілася да Віціка ў камеру і запатрабавала, каб той напісаў заяву па ўласным жаданні. Інакш горш будзе, папярэдзіла. Пасля п'янкі хлопцавы пальцы выгінала ў адваротны бок, але ён неяк нагрымзоліў просьбу, каб вызвалілі з пасады, і ўчастковы Байда вывеў яго з будынка, парваў перад носам пратакол і сказаў:

— Давай, грабіся адсюль. Не магу на цябе глядзець, алкаголік.

Віцік нічога не адказаў, толькі падумаў, сыходзячы прэч: «Бач, які ты шкет. Столькі гарэлкі разам выпілі, а пасля ўзяў ды затачыў».

Хлопец вярнуўся назад, у Дом піянераў, гурткі весці і, калі спатыкаўся з Андрэем Кірылавічам Драчонікам, дык здзекліва рагатаў яму ў вочы. Андрэй Кірылавіч Драчонік балюча глядзеў на гэты заўсёды прыпухлы ад гарэлкі рогат — былога старшыню так і не абралі болей на ягоную ранейшую пасаду, і шмат каму з гарадкоўцаў было весела з гэтага. Але яшчэ болей смяяліся з Віціка і з сябе, што ашукаліся. Асабліва рваліся ад смеху, калі ў хлопца розум касцеў, ператвараўся з мяккага ў цвёрды, а твар перамяняўся з апуслівага ў правадырскі, выцінаючы з рота пранікнёныя словы:

— Брацці, бой яшчэ не скончаны! Няхай тыя, што мяне з'елі, а радзіму прапілі,— не радуюцца! Мы не дамо згнісці гарадку!..

Адна Куліна Гарбок ставілася да яго сур'ёзам. Калі яна бачыла, як Віцік, звесіўшы галаву, валачэцца па гарадку, дык таропка падыходзіла да яго са словамі:

— Віцечка, ліха з імі, з ботамі. Хаця галёшы дастань.

Віцік кідаў на яе хуткі возірк, вымаўляў:

— Навошта табе, старая ты порхаўка, галёшы? — І адскокваў убок напалоханым ласём ды збягаў у цемру, дзе не было ні думак, ні гарадкоўскіх законаў, ні ашуканых выбаршчыкаў з іхняю спрадвечнаю неўладкаванасцю ў жыцці. Бег у вадкую каламуць і чуў, як у спіну яму ляціць расчулены голас старой:

— Дастань, Віцечка. Няхай лішнія будуць. Не прападуць. Мо яшчэ пажыву трохі.

І толькі калі быў цвярозы, хлопец ветліва ўсміхаўся, стрэўшы старую, ды казаў:

— Дастану, дастану. Будуць у цябе, цётка, і галёшы, і новыя боты, і панчохі, і чаравікі на абцасах...