І
Участковы Байда з'явіўся на свеце ці не з пылу і завейных сцюжаў.
Спачатку ўчастковы ўзрадаваў наваколле гундосай балбатнёю наконт кахання. Двухметровы бамбіза ўпадабаў дзевачку-цукерачку, дачку гарадкоўскага п'яніцы Лёніка Піпкі. Яе звалі Марысяю, і іхныя вечаровыя пагулянкі скончыліся для Байды адно ўспамінкамі, у якіх, між іншага, быў дамешак крыўды.
Магчыма, хлопец занадта рашуча патрабаваў ад дзяўчыны тое, што яе моцна хвалявала. Акрамя гэтага, каторага вечара каля ейнага акна вырасла акулярыстае стварэнне. Яно было настаўнікам з гарадкоўскае школкі і, па ўсім відаць, не вядомым міліцыянту адмысловым чынам за некалькі вечароў з заляцанкамі здзеіла тое, на што Байда марна патраціў чатыры месяцы. Участковы на гэты конт меў дакладныя звесткі праз свайго агента з ліку Піпкавых суседзяў. Ён узлаваўся на сябе і на сваю былую сяброўку. А акуляры па часе звярнуліся да Марысі з адпаведнай прапановаю і атрымалі згоду.
Лёнік на вяселлі быў трохі змрочны. Драбненькі дзядзька з рабаціннем на носе раптам дазнаўся пра наступнасць, размаўляючы з сусветам. (Увогуле, Лёнік Піпка — чалавек, які сам сабе прыдумаў трагедыю і з ёю сышоў у магілу.)
Ён рахмана зазірнуў у заўтра і нічога ў ім не ўбачыў.
Лёнік выйшаў з пакоя, дзе гула застоліца, апрануўся і скіраваў на вечаровую вуліцу. Там праглынуў для бадзёрасці колькі ўдыхаў марозлівага паветра і ўтаропіўся п'янымі вачыма ў чорную бездань над галавою, шукаючы асаблівы змест у цемрадзі і наступнасці. І цемрадзь шапотка прамовіла да яго сіберным вятрыскам і падказкаю. Ягоныя думкі марудліва нарадзіліся ў галаве: маўляў, не будзь, Лявонка, тупарылай свіннёю, а адшукай у заўтрашняй пустэльні хаця які сэнс.
Калісьці Піпка прыехаў у гарадок з наваколля і быў абыклы пагуляка, вясёлы, як малады кот, і шчыры, бы шчанюк. Змайстраваў дачушку хударлявай маладзіцы, самотнай бязбацькаўне Наталлі і, як тая нарадзіла, пашлюбіўся з ёю.
Іхняе творышча вырастала, а Лёнік співаўся. Ён працаваў інжынерам на заводчыку, але па часе змушаны быў звольніцца і ўладкавацца ў адной з дробных установаў работнікам гаспадарчае групы. Ператварыўся ў ссохлую істоту, якая пазвыклася з немудрагельным быццём і абыякава зжывала п'яныя дзянькі.
Дый праз гэтае несамавітае існаванне нарадзілася ў Піпкавае душы штось неблагое, бо калі яму было дужа пагана і калі з рота згусла патыхала спіртусовым пітвом, дык ён ліў ручаіны па засмужаным твары і з хлюпаценнем у багрыстым носе пнуўся як мага ўцямней распавесці Марысі пра незваротнасць мінулых дзён і сваю любоў да яе.
Лёнік колечы сапраўды чамусьці палюбіў дачку. Аднойчы ён убачыў Марысю выраслай і ладнай дзяўчынаю. Лёнік тужліва падумаў пра ўласнае цела, да якога апошняга часу ставіўся абыякава і якое адно адчуваў. «Гэтак і мае быць,— пасля нядоўгае развагі налучыўся Піпка з высноваю. — Можа, я, як і ўсе астатнія, народжаны для наканавання: мкнуцца да якогась будучага праз разбурэнне свайго арганізма».
Яму зрабілася брыдка з папярэдняга жыцця і захацелася, каб яно засталося ў даўнасці. Ён панакупляў кніжак з вершамі расейскіх паэтаў, паначытаўся. Дый сам улёг у грэх. Зрабіўся гарадкоўскім лірнікам.
Ён калі-нікалі прыходзіў пасля работы ў рэстарацыю і ганарыста замаўляў кубак кавы. Вымаў з кішэні даўгапіс, пакамечаны вучнёўскі сшытак. Рыфмаваў штось. Яму спадабалася быць чымсьці розумавым і духовым. Ён ужо меней выпіваў, а калі і піў, дык хаваўся ў хаце. Ажно хутка заўважыў, што яго ў гарадку шмат хто не залюбіў.
Тады ён адзінока прыгадаў мінуласць — як меў процьму сяброў і не было ў яго ворагаў, як часцяком п'яны качаўся ля плота. Атрымалася, што гарадкоўцы знекуль прыдбалі шмат хлуслівасці і жадання любіць адно гэтакіх, як самі, недарэкаў. Ленік увачавідкі адчуў гэта на сабе праз кпіны знаёмцаў і былых сяброў. Мужчына засердаваў на люд, што жывіўся з пракавечнае завядзёнкі — з імкнення схавацца ў мане, са смецця тлумных імгненняў.
Піпка нечакана ўбачыў, што ўсё ў гарадку не гэтак, як трэба. «Жахліва,— падумаў ён,— што яны смяюцца тамака, дзе пануе смутак. Яны б папарваліся з рогату, каб раптам я з'ехаў з глузду або мяне задрала рысь». Лёнік уявіў свой скон у лесе. Смяротны скок драпежніка на карак: чэк — і ўсё. «Бадай што, і пра маіх унукаў з посмехам казалі б: вунь ідзе той, чыйго дзеда ў лесе зарэзаў бясхвосты каток».
Па тых развагах ён спарадзіў адзін прыдумак: усчаў сочкі за гарадкоўцамі. Ягоныя назіранні няўрокам скончыліся познім адкрыццём, якое адбылося ціхом, употайкі ад іншых і засталося таямніцаю. Ён раптам убачыў, як — пэўна што ў згодзе з нейкім найвышэйшым парадкам — знікае яшчэ ненароджаны пачатак новасці; як штодня месцічы праз пошукі ежыва выдаюць на звычайныя здані (пошук харчоў — то сабачыя справы); як бегма прамуе немаведама куды суседка Наста, якая кінула маліцца на Бога ў баптысцкае сябрыне і занялася спортам ды грамадскай работаю; як туляецца па вулках здзічэлы манах (чаму вернікі пачуваюцца за адзінокіх?); як сыходзіць з калодзежаў вада і на Нёмне чарнее плынь; як за Піпкавым панадворкам з дапамогаю дрэнажных трубак спусташаюць дрыгвяную пустэчу.
Ён пільна назіраў і за паводзінамі жонкі.
Наталля па тым часе, як яны ажаніліся, кінула сваю самоту. Яна зрабілася злоснай кабетаю ды, як шмат хто іншы, узлавалася на Лёніка. Жанчына ўбачыла ў ім недарэчнага чалавека. Ён нарадзіўся дзеля таго, каб нічога не ўмець. Піпка і сам сумняваўся. Маўляў, нашто ты ў гарадку? Навошта табе твая бязглуздая мітусня і суцэльная няздольнасць працягваць свой век: не пітвак ты, не паэт, не чалавеча, не жывёла...
Але ён не заўважаў іншае. Наталля знайшла сабе кавалера Юрася, які рабіў свінабоем і які хутка ей абрыдаў. Ад яго кожнае сустрэчы тхнула ўспоратым падчарэўем, забойства жывога паўплывала на ягоныя вочы — яны знячэўна рабіліся страшныя,— і Наталля ўрэшце вырашыла як далей трымацца ад гэткага палюбоўніка. Яна яшчэ горш зазлавала на мужыка.
Жанчына нейкага дня схвастала яго анучаю пасля таго, як Ленік не задаволіўся парадкам у агародчыку: маўляў, агуркі зараслі пустазеллем, а на бульбе завяліся каларадаўскія жукі. Наталля крыўдавала за марна пражытыя гады побач са сваім, як яна казала, ёлупнем і старалася патрапіць анучаю па Піпкавых вачах. Лёнік, атрымаўшы колькі гучных грымакоў, адскочыў убок, адбегся трохі і крыкнуў, як ёй здалося, зусім недарэчныя словы:
–– Усё адно каларадаўскія хрушчы з'ядаюць бульбавінне!
Ён нікому не распавядаў пра свае размовы з сусветам. Яны дапамаглі яму шмат што зазнаць. То была не гутарка словамі, а маўклівы маналог бездані, якая халодным струменем зацякала ў ягоную душу і ззяла тамака дрыготкімі касмічнымі зоркамі. Гэтае свечыва нагадвала яму царкву, дзе ён быў калісьці ў дзяцінстве, сполахі адзінокіх агеньчыкаў у руках у вернікаў. Бездань ціха хвалявала пачуцці і думкі.
Аднойчы да яго яўна датыкнулася праз гэтую цішыню бясконцае адкрыццё — пра мізэрнасць сумненняў і справаў, пра веліч веры ў таемнае. Ён пачаў шукаць нейкія грунтоўныя змены вакол сябе. Але нічога не знайшоў. Ажно потым зразумеў: змены гэтыя спеляцца непрыкметам, унутры, і іх аніяк не ўбачыш дачасна. Тады ён сам іначай паглядзеў на рэчы.
Гэтае пачалося за шмат часу да таго дня, калі ён паўз вечаровую цішу на дыбках наблізіўся да дрывотні, дзе ўчастковы Байда, абняўшы Марысю, гугнявіў:
–– ...Я ведаю: ты баішся, але табе вельмі хочацца.
Марыся ўпарцілася. Казала:
— Не трэба...
Лёнік нячутна ўзяў у руку сучыстае палена і лупцануў ім па Байдавай хрыбціне. Байда сагнуўся і застагнаў. Лёнік прытка збег з падворка і пасунуўся ў цемрадзь, дзе было шмат летніх пахаў і гукаў. Адышоўшы кудысьці далёка, Лёнік паспрабаваў уявіць закаханага Байду: на салдафоністым твары міліцыянта пазнака хцівасці ператвараецца ў мяккія, пяшчотныя абрысы ды вочы, голас, словы застаюцца дурныя. Іх не зыначыш. Яны — праклён усяго Байдавага арганізма. Яны выдаюць на тое, што ўчастковаму бракуе нечага істотнага, чаго не пазычыш у іншых. І Лёнік на падпітку раптам выгукае ў неасветленую вуліцу:
— Ён з завеяў, пылу, дзярма і глупства!
II
Гледзячы на акулярыстага зяця, Лёйнік, было, разважаў наконт прыходу чалавека на зямлю і ягонага марнатраўства. Піпку па часе надакучыла бачыць два шкляныя вокі на ружовых шчоках. 3-пад шкла праменілася абыякавасць і сыць. Гэта атрутная з'ява. Лёнік прыкмеціў, што на яе пачалі хварэць і ягоная жонка, і дачка. Ён часцяком траціў цярпенне і ўсчынаў сварку.
3 гэтага Піпка нічога добрага не меў. Ён адчуў, што з ім пазвыкліся, як са звычайнаю рэччу, не вельмі патрэбнаю, але якую берагуць і не выкідваюць з нейкае незразумелае нікому завядзёнкі. Вось тады абурыўся: усе праз ненавіднага падводніка! Лёнік напіўся, схапіў загрудкі акулярыстага і стукнуў яго між вачэй, адно шкло пасыпалася. Зяць, маленькі і апошняга часу падбачэлы мужчынка, войкнуў і паляцеў кулём на падлогу. Ён спалохана залямантаваў знізу нешта зусім непатрэбнае нікому на зямлі:
–– У-у, подлюга, не смей! Я — живой человек!
Ды Лёнік не паслухаўся і дабавіў нагою па зяцевым носе. Два ўнукі, ужо школьнікі, галосна заенчылі:
— Дзеду! Не забівай тату!
Лёнікавую душу агарнула агіда, найперш да самога сябе. Ён захацеў збегчы з хаты і згінуць у прочках. Яго памкнула кудысьці па цёмных восеньскіх вулках. Потым — паўз узаранае поле, глёўкае і халоднае, да лесу, за ім, пярэрваю, да ярыстае лагчыны, дзе зазвычай спальвалі падла працаўнікі тутэйшага калгаса «Серп і молат»...
Цяперака яму зрабілася шкада акулярыстага. Хіба той мае віну, што нарадзіўся няздараю? Нельга было біць. Піпка вырашыў: у знобкіх начах ён выратуе ся6е ад пошасці пачварных думак і памкненняў, якія час-парою наведвалі яго. Толькі спачатку трэба прагнаць з сябе страх перад жыццём — тое, што неабачліва падарыла двухногім прырода. Проста трэба ўсвядоміць, што тваё жыццё належыць толькі табе (ну, магчыма, яшчэ бездані). Ён паспрабаваў гэтае зрабіць і адчуў палёгку. Будучыня болей не палохала яго, а вабіла да сябе светлай спакусаю. Будучыня для таго, каб знікнуць у ёй, пакінуўшы сябе ў мінуўшчыне лёгкай згадкаю. Някрыўднай і паэтнай, як лёткая апуха таполяў.
Гэткія думкі прыходзілі да Лёніка, калі ён бавіўся, лежачы ў сваім будане, які паставіў у лесе і ў якім грэўся ля цяпельца. Уначы ён клаўся спаць на счарнелае вуголле, падаслаўшы пад бок елачнага галля. Ён не кідаў свайго мыслярства і тады, як блукаў па наваколлі, заходзіў у якую-небудзь вёску, купляў там у краме бутэлькі віна, на калгасным полі капаў сабе бульбу, часам здабываў з Нёмна рыбу вудаю, якую змайстраваў самаруч. Яшчэ набыў сабе сшытак і аловак ды рыфмаваў вершы.
Ён прачынаўся сярод ночы ад золі і падспуднае тугі па мінуласці. Падхапіўшыся, рабіў усялякія практыкаванні, каб нагрэць цела і вохкую апратку. Тугу нельга было вытлумачыць. Лёнік падумаў: адзінае, што вяртае яго ў даўнасць,— крыўда на дачку, якая не хацела палюбіць свайго бацьку або палюбіла не гэтак, як трэ было.
Па тым часе, калі ён заўважыў прыгажосць Марысі і калі зацяўся праз жаданне зрабіцца вартым на тое, каб быць у адзінасці з сусветам, яму здалося: ну вось зачалося штось іншае ў жыцці, адрознае ад дзён, цераз якія сяк-так жыў упракідку. Ён паспрабаваў закрэсліць усё ранейшае. Ягонае сэрца зрабілася больш цяжкое, хада, бы ў вусякоў,— дрогкая і нічым не абароненая. Свядомасць зачапілася за павуцінне. Ён зразумеў, што па тым павуцінні пракавеціцца нязжытая нікім неруш.
Але Марысі былі неўпрыцям бацькавыя пакуты. Яе вабілі свае дзявочыя цікавосткі — хлопчыкі, іхныя заляцанкі, а таксама вечарыны з танцамі і спеўкамі. Потым, як скончыла вучыцца ў школе, дык налучыла ўчастковага Байду. Ёй спадабалася, як ён цалуе. Хутка дзяўчыне захацелася нечага большага за абдыманкі. Аднак Марыся пачувалася ніякавата, калі ягоны голас з пяшчотнага пераходзіў да пажадлівых нотаў і пасля прызнання ў каханні гучала:
— Ну, дык давай раздзенемся, га? Проста, каб паглядзець, і болей нічога.
Ягоныя прапановы былі прыкрыя. Дзяўчына засердавала на міліцыянтаву нягегласць і аднойчы, кладучыся спаць, запыталася ў сябе: «Ну чаму ён гэткая даўбешка?»
Марыся зведала сон без усялякага відочнага сэнсу. Бадай што, то быў самы прыемны сон з тых, якія ёй знагодзілася пабачыць або адчуць. Ён варухнуўся мяккай цеплынёю каля сэрца. Зрабілася добра з таго, што гэтая цёпласць не собскага спародзіва, а нешта захаджалае; яно мудрэйшае ад усіх адразу гарадкоўцаў. Сон нябачнай аблачынаю заляцеў у спачывальню праз прачыненую фортку і не скалануў фіранкі. Ён апусціўся на душу дзяўчыны. Счакаў трохі і ўзняўся. Злятаючы, ён панёс з сабою рэшткі подзіву і прыгажосці — ейны апошні прытулак у надакучлівым свеце. Без іх Марыся прачнулася з дарослым позіркам, у якім, схацеўшы, змеціш утому з памкненняў існаваць. ;
Ад ранку яна паднялася з думкамі пра свайго кавалера. Нягучна прамовіла колькі выслоўяў пра яго. Ужо мінулым часам. Даўгалызы і дурнаваты Байда сыходзіў прэч — прымроілася праз дзявочыя ўздыхі — па-вайскоўску, наўпраста; ён выцягнуў шыю, зважаючы на сваю былую сяброўку, і ладна пашыбаваў, з грукам выкідваючы ўгару дыбкі. Адно з твару не выдаваў на зухаватага. Па-бычынаму бо надзьмуўся. Ён пайшоў ад Піпкавае хаты з журбою і крыўдаю.
Ёй спадабаўся акулярысты, разважлівы і невысокі хлопец, які прыехаў у гарадок з Цюмені, каб выкладаць у школцы расейскую літаратуру і пісьмовасць. Ягоныя вочы тады яшчэ не мружыліся з сыці. Ён пазіраў сквапна і пакутаваў на апетыт. То было небяспечнае выпрабаванне сумлення. Са свайго ненаедку акулярысты мог бы спазнаць штосьці з сусветных сакрэтаў. Ажно яму, акрамя голаду, бракавала іншых чыннікаў, палічыў Піпка, які ў думках не ўхваліў Марысін выбар.
Дзяўчына ў акулярыстым угледзела адукаванага чалавека. Ветлівага і з перспектываю. Яна ўпадабала яго за гэтае і яшчэ за сарамлівасць, праз якую хлопец часта чырванеў. Марысю ад даўнага хвалявала думка пра каханне з мужчынам насуперак усялякім забабонам. Аднак шмат клопату брала сабе да галавы, баялася пагалоскаў і наступстваў.
Неяк яна згаварылася са сваім кавалерам пра спатканне ўпоцемак ля дрывотні. У ціхую павохную часіну акулярысты швыдка праскочыў паўз Піпкаў агарод да месца сустрэчы. Марыся яго ўжо чакала. У хлапечых грудзях было хваляванне. Ён хацеў сказаць штось палкае, але разгубіўся і мовіў:
— Так чё делать-то будем?
Марыся зніякавела, ажно потым зазлавала. Яна вырашыла сказаць акулярыстаму якую-небудзь абразу, ды той унадзіўся са сваім пытаннем:
–– Так будем чё делать-то аль нет?
Яна адказала:
— Ты — боўдзіла. — Малады настаўнік сумеўся зусім. — Калі ты мне зараз не паабяцаеш на душу зрабіць тое, што я папрашу, дык шукай сабе іншую Марысю.
Акулярысты ведаў, пра што гаворка. Ен збянтэжыўся ўшчэнт. Замест таго каб зрабіць пэўныя захады, ён сарамяжліва паведаміў:
–– Да я-то вроде как нічего против не имею.
Тады яна сашчапіла рукі на ягонай шыі. Яе апанавала хваляванне, не меншае ад акулярыстага.
Дзяўчына прамовіла:
–– Дык зразумей, што я — чалавек.
–– А я чё, я понимаю, конечно. — 3 гэтымі словамі ён палез ёй пад спадніцу.
III
Лёнік сцяміў: сердаваць увогуле ні на кога не след. Што з таго, што яму не даспадобы гарадкоўцы, жонка, акулярысты, доччыны цікавосці? Жыццё павінна належаць адно свайму ўладальніку. Перш, як зыначыць кагосьці, паспрабуй, Піпка, зыначыць сябе. Пабачыш, ці лёгка. Вядома, табе ўжо гэта абрыдла. Твая бо пуцявіна заўсёды вярталася да свайго пачатку. Аднак, шалаючыся па крузе, ты зразумеў: як хочаш сабе быць за ўладальніка ўласнага жыцця, пакінь гэтакі самы прывілей кожнаму.
На чыстым паветры родзяцца чыстыя думкі. Галоўнае, Лёнік адужаў у сабе пострах жыцця. Піпку не засмучала, што кожнага дня робіцца больш халодна, што надыдзе хутка зіма, што скончацца грошы. Ён быў вышэй за гэтыя дробязі, бо амаль што паяднаўся з безданню. Свядомасць пакрысе пакідала павуцінне цела і ўжо прадчувала, як будзе прагна наталяцца сусветнаю нерушшу.
Ён шчыра пакаяўся прад сусветам за тое, што, было, хібіў. 3 летуценнай усмешкай згадаў дачку і акулярыстага. Добра, што Лёнік ад іх сышоў; ён быў дурны, калі злаваў на іх. Ці было з чаго? На ўспамін прыйшло першае знаёмства з акулярыстым — як хлопец завітаўся на гасціны.
Ён больш маўчаў і хутка праглынаў ядкое вялізнымі кавалкамі. Зрэнкі ў вачаніцах бегалі несціхотна і з неспакоем. Потым ён штовечара пачаў заходзіць на гасціны, каб паесці, і Лёнік пазвыкнуўся з гэтай дзіўнай з'яваю. Нейкага разу хлопец прыйшоў ад ранку. Піпка ўбачыў яго на кухні. Акулярысты, ірвучы зубамі курыную кульцяпку, баязліва кінуў наўкруг вокам.
— Смачна есці! — няветла ды з наўмыснасцю выразна вымавіў Піпка і, сыходзячы з кухні, бразнуў дзвярыма.
Зусім хутка акулярысты прызвычаіўся (зразумела, па запрашэнні Марысі) снедаць, палуднаваць і вячэраць штодня. Ён тое рабіў у няёмкасці. Піпка кожнага разу пільна пазіраў у ягоны рот, але ненажэрнасць сталася мацнейшаю ад іншых пачуццяў. Неяк уночы Лёнік прачнуўся праз нягучную размову на кухні. Ён падняўся і скіраваў на галасы. Адчыніў дзверы і ўбачыў, як акулярысты нішчыць кілбасу і звараную бульбу. Хлопец, заўважыўшы ў росчыне дзвярэй Леніка ў трусах і з лютым сапам у носе, здранцвеў; ягоная сківіца спынілася ў разяўленасці, і з рота пакаціўся долу кавалак бульбіны. Лёнік падбег да акулярыстага, выхапіў з ягонае рукі кілбасу. Ён выканаў танец разбэшчанае малечы: дробна затупацеў па падлозе сінімі нагамі. Крыкнуў:
— Марыська, ды што ж ён чыніць з нас! Скажы яму, што ўжо годзе!
Лёнік хацеў выпхнуць госця за дзверы, але дачка прамовіла:
— Няхай сабе, татка. Мы вырашылі з ім пабрацца.
...У абладзе ўспамінаў і развагаў Піпка прычакаў маразоў і першага снегу. Рыба не траплялася на вуду, дый сядзець на рэчцы было дужа знобка. Таму ён рэдка бываў на Нёмне, а соўгаўся ў лесе па якім-небудзь зацішку ці бавіў час у лежыве каля цяпельца. На полі «Сярпа і молата» сям-там пракідалася бульба, што засталася пасля ўборкі. Ёю Піпка збольшага і жывіўся.
Ён зусім мала спаў, і з гэтае прычыны думак у галаве паменела, а тыя, што засталіся, існавалі марудна, амаль неварушка. Думкі ператварыліся ў відмы, якія сведчылі пра малацямную і неасэнсаваную працу ў мазгах:
з-за хмызняку яго паклікала жонка — у сваім бесхацінстве Піпка пра яе амаль не думаў — і ён доўга крочыў паўз гушчар шэрага кустоўя, ламаючы нагамі хрупасткі хлуд, покі не прыйшоў да дрыгвянога гала; на гэтай роўнядзі Лёнік нічога не змеціў (а шкада, яму абавязкова трэ было запытацца ў Наталлі, куды знікаюць узімку каларадаўскія хрушчы?);
з ягонага ляснога кодла закурняўчыла кацяня; Піпка пазнаў яго — то была пярэстая жывёлка з дзяцінства, якую калісьці Лёнік палюбіў за цеплыню і ласкавасць; аднак варкатун стаўся за няшчырага звера, бо не даўся ў рукі і порстка збег з будана да лясных нетраў;
яшчэ Піпка збіраўся перайсці па паваленай кляніне на іншы бераг Нёмна, які ад нядаўняга дня ператварыўся ў ручай, але Лёніка запыніла маці сваімі ўшчункамі ды божканнем, і той несуцешна заплакаў ды пасля на пэўны час заснуў;
а потым да яго нехта шапацеў, шморгаючы носам: «...твая бездань ад слова б...»
І Лёнік, пакрыўджана адвесіўшы ніжэйшую губу, нягнуткімі рукамі заціскаў халодныя, як у забітага кныра, вушы.
Ён змарнеў увесь, зрабіўся яшчэ меншы, чымся быў, і кінуў зусім есці і спаць. Аднойчы, калі не было пранозлівага ветру, падсвядомы покліч прывёў яго на нёманскі бераг. Быў зімовы ранак з прымаразкам, і па вадзе плыла сціжма крыгаў. Яны з ціхім пошумам запавольвалі плынь і браліся ўвогуле запыніць рэчку.
Штосьці спасобіла Піпку на невялікае ачышчэнне. Ягоны ўнутраны покліч загадаў павытрасаць усё з кішэняў, Лёнік няпруткімі пальцамі абшнарыў свае адзенне і выкінуў прэч апошнія грошы і запалкі. Потым нетаропка скіраваў у глыб абшару, слухаючы адно цішыню, і не па сцежках, а нацянькі папраставаў ускрай невялічкай спадзіны да ўзлеску. Ён дайшоў да яроў, дзе палала палітая саляркаю ялавічына калгаса «Серп і молат». Сеў на змерзлую і трохі ўснежаную зямлю ды загледзеўся на лясіну, што вырасла на грудку пасярод мяснога сметніку.
Некалі немцы абсталявалі расахатае дрэва металёвым крукам, на якім павесілі ці то партызана, ці то жыда. Па тым часе на лясіне каналі валачашчыя дварнякі. Яны харчаваліся абгарэлым мясам здыхотаў, і іх калі-нікалі вешалі дзеці — дзеля таго, каб паўзірацца на смерць. Піпка некалькі гадзінаў нерухома паглядаў на адзінокае дрэва. Ажно ззаду да яго наблізіліся знекуль участковы Байда і два сяржанты. Яны не былі відмамі.
— Дык што, туляга, паедзьма дахаты? — запытаўся Байда і, не чакаючы адказу, схапіў Піпку за валасы.
Ён пацягнуў яго да машыны з кратамі, якая стаяла наводдаль, і, лаючыся, даў Лёніку тры кухталі.
IV
Адразу, як прыехалі да міліцыі, участковы ўчыніў допыт. Аднак Піпка не адказваў на пытанні. Сядзеў ціхутка, унурыўшыся ў падлогу, і існаваў душою ў іншым, пэўна што, больш цікавым месцы, чымся міліцыянтаў кабінет з зялёнымі сценамі. Прынамсі, да таго, што з ім цяпер адбывалася, Лёнік паставіўся з абыякавасцю.
Байда, таўсматы, з дваістым падбароддзем і таўстой шыяю дзядзька, нярэдка згадваў маладосць і няўдалае каханне. Ён незалюбіў Марысю за ейную хлуслівасць і за тое, што яна яго змяняла на акулярыстага. Крыўда не мінулася па часе, хаця міліцыянт калісьці ўпадабаў даўгую хударлявую дзяўчыну і ажаніўся з ёю.
Яна працавала выхавацелькаю ў дзіцячым садку. Нарадзіла яму трох дачок. Байда з замілаванасцю ўвіваў у русявыя кудзеры дзяўчынак каляровыя каснічкі, купляў дзятве розныя падарункі і барукаўся з імі на канапе. Аднак здаралася, што няўзнак участковы траціў гумор і тады даваў трапкача ўсім траім. Ён улягаў у брыдкія кленічы і дасылаў іх наўкола: сваім падначаленым, жонцы, дзецям, арыштантам, а больш за ўсіх — службоваму сабаку Цэзару. У гэтыя хвіліны лепш было трымацца ад Байды як далей: ён шалеў праз усё, нават праз адсутнасць прычыны, каб шалець.
На Піпкавым допыце міліцыянта налучыла менавіта гэткая неспадзёўка. Ён прыгадаў, як Марыся адпрэчыла ягонае кавалераванне, і спунсавеў з твару. Лёнік не адказваў на пытанні. Байду надакучыла весці допыт. Ён раз'юшыўся і пагрозліва запытаўся:
–– Ты памятаеш, юда, як секануў мне па спіне?
Тут арыштант летуценна прамовіў:
–– Я даўно ведаў, што ты, таварыш Байда, з пылу і завейных сцюжаў.
Байда крыкнуў:
— Атвячай, сукін сыне, па сушчаству заданага вапроса!
Але адказу не было. Участковы распачаў лупцоўку. Спачатку біў па жываце, але Лёнік не прамовіў ані гуку, апроч як крэкнуў тры разы. Потым міліцыянт прыгнуў яму галаву, заціснуў яе між каленаў і адпрасаваў кулакамі сярэдзіну.
— Памятаеш, юда, як секануў мне па спіне?
Ленік нічога не казаў. Участковы, не ведаючы, што яшчэ запытацца, сам змоўк. Ён ціха падымаў Піпку за вушы, за нос, біў нагою ў пахавіну, цягаў за валасы, выкручваў рукі, заціскаў далонямі нос і рот. Урэшце ўзяў металёвы бюсцік найпершага чэкіста і выбіў ім Піпку тры ніжэйшыя зубы спераду і вока.
Лёнік зваліўся непрытомны, і Байда спалохаўся, што забіў яго. Ён паліў на свайго палонніка вады, але той не ачуняў. Тады ўчастковы патэлефанаваў лекару Юркевічу. Скрываўленага Піпку забрала да шпіталя «хуткая дапамога». Міліцыянт быў побач і раптам жахнуўся з таго, што нарабіў. Размаўляючы з лекарам Юркевічам, ён скрушна мовіў:
— Ліха ведае, чаму я не разлічыў. Здаецца ж, не першага разу ўжо.
Праз ноч Лёнік апрытомнеў. Знямога пасля зубатычынаў участковага, холаду ды голаду кружыла галаву. Яна балела. Піпку наведала дачка. Яму здалося, што яна пабрыдчэла. Зрабілася таўстухаю, ці што?
— Хутка твая хвароба міне,— сказала Марыся. — Галоўнае, што ты знайшоўся. Мо толькі дарэмна ты акулярыстага збіў. Зараз ён дырэктар у школе.
Лёнік не сердаваў болей на зяця. Ён увогуле для самога сябе ўсім прабачыў. І зяцю, і дачцэ, і ўчастковаму, і жонцы.
Пакуль ляжаў у шпіталі, Наталля ані разу не прыйшла ўводведкі. Яна скляла мужыка таго самага дня, як ён збег з хаты. Проста жанчына зазірнула ў шафу, туды, дзе ляжала тысяча рублёў на чорны дзень, і ўбачыла толькі дзве сатняжыны. Раніцаю яна заявіла ў міліцыю: маўляў, вярніце грошы, а мужыка забярыце сабе. Але з ягонага знікнення жанчына адчула маркоту ў душы. Лёнік парушыў заўсёдны лад у жыцці сям'і. Зласлівасць Наталлі памалу сталася ёй уздыхамі, у якіх з'явілася спагада да Піпкі і дараванне ягоных пахібаў. Ажно калі Байда звясціў яе, што, паводле паведамленняў аднаго палясоўшчыка, Піпка знаходзіцца паблізу гарадка, дык жанчына з ранейшаю нянавісцю падумала: «Лепей бы ты задушыўся! Лепей бы цябе папарвалі ваўкі!»
Ейная нянавісць да мужа з цягам гадоў дужэла і ператваралася ў штось большае за нязгоду бачыць і чуць яго побач. На старасць ёй захацелася, каб лёс адпомсціў, паводле ейных словаў, гэтаму нябоству якой-кольвек жудасцю. За няўтулак, што кожнае хвіліны дарыў ён сваім крэўнікам. Наталля спазнала, як і шмат якія правінцыйныя кабеты, пустку: жыццё мімаходзь прамільгнула без вельмі істотнага — радасці, і за гэта абавязкова трэба было кагосьці ўвінаваціць.
Яна з пагардаю прамовіла да Лёніка, калі ён змораны пасля хваробы, у зрэб'і, з'явіўся ў хаце:
— Шкада, што ты не апрэгся тамака, у лесе, або ў шпіталі.
За дзвярыма бралася на вясну. Адліга чаргавалася з адзімкам, сонца зганяла снег, прыпахі свежасці вярэдзілі пачуцці гарадкоўцаў. Ленік зірнуў у люстэрка, што вісела на сцяне: ці добра закрывае стужка выбітае вока (тую стужку яму зрабіла з уласнае ахвоты старая шпітальная санітарка).
–– Чаму ты мяне ненавідзіш? — запытаўся ён.
Наталля ў няпэўнасці паціснула плячыма:
— Не ведаю. Магчыма, таму, што ты ёсць. Каго ж яшчэ мне ненавідзець, калі цябе не будзе? Не будзе цябе, не будзе нянавісці. Тады я памру з адзіноты. Услед за табою.
Лёнік скіраваў да спачывальні. Ён здзеў з сябе лахманы і кінуў іх на падлогу, паклаўся на мяккі ложак. Акулярысты, покі Піпкі не было ў хаце, пасмялеў. Лёнік пачуў, як той выгукнуў ля прычыненых дзвярэй:
–– Появился-таки наконец! У-у, пират одноглазый!
Хтось з унукаў, відаць, малодшы, запярэчыў:
— Няпраўда! Наш дзед — аднавокі Джон!
Няхай, падумаў Піпка. Ён дараваў ім праз сваю міласэрнасць, спасцігнутую на волі, і здарожанасць у пуцявіне з нічога ў нікуды. Лёнік зазнаў: як адмова ўсялякага бунту спараджае ў свеце самы неўтаймоўны бунт, гэтак адмова гвалту над іншымі родзіць ідэю гвалту над самім сабою. Трэба нейкім чынам наблізіцца да бездані, каб ужо ніколі не вярнуцца на свае шляхі. Ён заплюшчыў вочы і абрынуўся ў чорную прорву. Лётам у падсподнасць, у нутро ўласнай прыроды падала ягоная душа.
Бездань была побач. Лёнік заўважыў, што яна сочыць за кашчавым, канапатым творывам двух даўно памерлых людзей. Бездань бачыць (і Піпка — таксама), як маленькая крываногая істота з вяроўкаю ў руцэ ўначы бегма прамуе паўз сметнік у ярах да разгалістае лясіны, як таропка лезе да жалезнага крука. У гэтых нервовых рухах царуе жаданне даастачы спасцігнуць нязнанасць. Усе робіцца спехам, няшмат бо хвіляў, калі ўладарыш над уласным жыццём.
І вось з болю, жаху, пакутаў выспелілася слодыч. Раптам істота спалучаецца разам з усім, што ёсць,— з сусветам. Лёнік бачыць: то яднанне вельмі тоесных рэчаў, але, відавочна, не адгадка сусветнае таямніцы.
Піпка разумее, што ён не спіць, але то і не ява. Проста ён на імгненне апынуўся ў краіне чалавечых душаў. Голас акулярыстага за дзвярыма вярнуў яго назад:
–– У-у, мерзавец! Последние мозги отпил!