Спярша намеснік дырэктара невялічкага заводзіка, што мясціўся ў гарадкоўскім цэнтры, Васіль Пятровіч Гуліч бачыў усё наўкола вельмі добра. Але ў свае сорак гадоў пачаў бачыць усяго па палове. Рука Ганны Архіпаўны, ягонай жонкі, злосна выбіла яму вока.
Васіль Пятровіч аніколі не кахаў гэтую невысокую кабету, якая нарадзіла яму двух сыноў. Даўно, калі ён, малады інжынер, прыехаў у гарадок, яму вельмі падабалася пекная дзяўчына, што рабіла на заводзіку тэхнолагам. Яна здавалася недасяжнаю, і Васіль Пятровіч не мог з ёю загаварыць: ці то палохаўся адмовы, ці то саромеўся, ці то не ведаў, як лепей распачаць заляцанні. Яму хацелася мець жанчыну, якую б ён кахаў ды лашчыў. То было даволі нясцерпнае жаданне, і Васіль Пятровіч амаль ні пра што іншае не думаў, адно рамантычна марыў.
Аднойчы ён даведаўся пра тое, што дзяўчына-тэхнолаг пайшла замуж за нейкага вайскоўца і з'ехала з гарадка. Яму зрабілася шкада. Хлопец зразумеў, што кахаў; ён адчуў незваротнасць і журбу. Яму было цяжка пазвыкнуцца са стратаю, і ен пазнаёміўся з Ганнай Архіпаўнаю. Яна працавала на заводзіку рабочаю і прыехала ў гарадок адкульсьці з Цюмені.
Ганна Архіпаўна ніколі не ведала кахання. Ёй было прыемна, калі Васіль Пятровіч з пазнакаю хцівасці на твары спусташаў свае жаданні (яны сустракаліся звычайна ў хмызняку, што рос па-над Нёманам), але яна пачувалася з ім не горш і не лепш, чымся з іншымі сваімі кавалерамі — вакол яе ўвіхалася шмат хлопцаў. Аднойчы, падумаўшы, яна вырашыла аддаць перавагу маладому інжынеру. Дзяўчына меркавала пабрацца з ім шлюбам і лічыла, што гэтак яна найлепшым чынам уладкуецца ў жыцці. Неяк яна прызналася Васілю Пятровічу, што зацяжарала і што хоча пайсці за яго. Хлопец даўно думаў пра тое, як бы яму стварыць сям'ю. Ён згадзіўся ўзяць Ганну Архіпаўну, хаця і не кахаў яе.
Ён мала размаўляў з ёю. Мінуліся гады, і ён пазбыўся страсці: проста нічога не хацеў і нікуды не імкнуўся. «Усё ж жонка — ні халеры не родны чалавек»,— аднойчы выцекла з ягоных мазгоў такая думка. Васілю Пятровічу зрабілася гідка з таго, што жыве разам з некаханаю і непрыгожаю істотаю: Ганна Архіпаўна адгадавалася да памераў велізарнае бочкі, у яе былі цяжкая і замаруджаная хада, агрэсіўны выраз твару, рыпучы голас, ёй заўсёды штосьці не падабалася, і яна бурчэла на свайго маўклівага мужыка, на дзяцей, сварылася, казала гідкія словы. Васілю Пятровічу асабліва было непрыемна пазіраць на ейныя вусы і бараду. Жанчына калісьці вышчыквала іх пінцэтам, а пасталеўшы, кінула гэты занятак ды зарасла рэдкаю поўсцю; і вось з-пад поўсці яна варушыла ніжэйшай пульхнай губою, паказвала цёмныя ад каменю зубы ды няласкава казала пра сваю сямейку. То была проста звычка. На самай справе Ганна Архіпаўна здаволілася з жыцця, лічыла яго за ўдалае (жыла ж не горш, чымся хто, дый мужык у начальнікі выбіўся), а сварылася — гэта ад ляноты, ад няма чаго рабіць, ад нежадання пашукаць якую-небудзь ідэю, ад пусткі ў душы.
Толькі аднойчы яна дужа прагнявілася на Васіля Пятровіча. Гэта здарылася, калі яе муж палюбіў разважаць сам з сабою пра прызначэнне чалавека на зямлі. Васіль Пятровіч зрабіўся летуценны і згадваў сваё каханне ў маладосці да дзяўчыны-тэхнолага. На ўспамін прыходзіла аблічча той дзяўчыны, і яму колькі разоў шчымела сэрца і карцела заплакаць праз тое, што надта няўдала закахаўся і што нічога не дасягнуў у гэтым каханні.
Неяк ён вырашыў заводскім легкавіком з'ездзіць з жонкаю да цешчы, якая дасылала адкульсьці з Цюмені цёплыя словы па авіяпошце. Машына прыйшла наранку. То быў летні ранак, цёплы, з пахам кветак ды птушынымі спевамі, і Васіль Пятровіч скіраваў да аўтамабіля, думаючы тужліва пра сваё каханне. Жонка ў тым часе затрымлівалася ў хаце. Яна вышчыквала перад дарогаю свае вусы і бараду. Яна лічыла, што паездка на радзіму ў легкавіку — гэта асаблівая падзея, гэта сімвалічнае вяртанне са здзейсненымі марамі туды, дзе навучылася добра і прыгожа марыць. Таму яна вышчыквала шчэць.
Пакуль яна мудравала са сваей знешнасцю, Васіль Пятровіч летуценна сеў побач з шафёрам ды прамовіў:
— Паехалі.
Машына кранулася. Толькі калі звечарэла, ён кінуў думаць пра каханне і зірнуў назад. Васіль Пятровіч зразумеў, што ён забыўся ўзяць з сабою жонку. Вяртацца было далёка, і ён скіраваў да цешчы адзін.
А як прыехаў дамоў, Ганна Архіпаўна аблаяла яго апошнімі словамі. Ён закрыўдаваў і падумаў: «Няўжо ёй не шкада мяне? Няўжо яна не бачыць, што я пражыў з ею марна столькі гадоў? Навошта яна хоча даканаць мяне сваймі дурнымі звягамі?» Ён схапіў жонку за горла і хацеў яе задушыць. Ганне Архіпаўне патрапіла пад руку бутэлька з-пад алею, і яна перацяла ёю мужа па галаве. Удар атрымаўся моцны, яна патрапіла ў вачніцу і пры гэтым крыкнула:
–– Каб цябе пранцы паелі, вашапруд ты!
Непрытомны Васіль Пятровіч пакаціўся долу. Ягонае вока разам з крывёю вылілася на падлогу. Замест старога яму ўставілі новае, блішчастае, шкляное. Аднак ніхто не пашкадаваў знявеку, адно кпілі ўсе нягучна. А ўчастковы Байда падышоў да недарэкі і прама сказаў:
— Ты, таварыш Гуліч, як не мусіш сваю кабету пакаціць, дык звяртайся да мяне, прыеду — дапамагу.
Васіль Пятровіч стараўся як меней злаваць, бо ў ягоным жывым воку тоілася іншая крыўда — за няспраўджаныя мары маладосці. Пра гэта ў гарадку наўрад хто здагадваўся.