У перыяд Круглага Стала – упачатку лютага 1989 г. у вечаровым пакоі, у якім я апрацоўваў пісьмы чытачоў „Нівы”, сабраліся гарачыя галовы на чале з Генікам Вапам і ўтварылі Клуб Беларускай Палітычнай Думкі. Ідэю падказаў, відаць, Юрка Туронак, ён жа рэдактар бездэбітнага „Кантакту”, сцісла палітычнага часопіса. Тэза: выхоўваць кадры палітыкаў. Акрамя „Кантакту”, штомесячныя сакрэтныя дыспуты па гісторыі палітыкі. Удзельнікі адборныя, не болей дзесяці, абсалютна давераныя , не западозраныя ў знаёмстве з сышчыкамі.
Набліжаліся славутыя выбары чацвертага чэрвеня. Клуб, як закулісная структура, паклікаў ад сябе легальны выбарчы камітэт, каб пераканацца ў рэальных уплывах у грамадстве – кандыдатам у Сойм стаў Генік Мірановіч, а кандыдатам у адноўлены Сенат я. Мы найпершымі беларускімі незалежнымі кандыдатамі ў парламент у паваеннай Польшчы. Не падумалі, што няма палітыкі без мяшка грошай. Шэф акцыі, Віктар Стахвюк, з’яўляючыся сакратаром ГП БГКТ, выкарыстоўваў патэнцыял Таварыства, як любіў казаць, „на ўсю катушку”! Меў поўную свабоду дзеяння, бо само БГКТ развальвалася і сакратаром у ім стаў ён таму, што ніхто з заслужаных „партыі і ўраду” ўжо не хацеў таго гонару. Гісторык сказаў бы: улада ляжала на вуліцы.
Абодва, Генік і я, з’ездзілі туды-сюды з Віктарам, выступілі сям-там на мітынгах арганізаваных багацейшымі кандыдатамі – нашым канкурэнтам аказаўся худзенькі мазурок з тварыкам анёлка (называўся: Цімашэвіч). Мяне трыумфальна перамаглі салідарнікі, Каліцінскі і Стэльмахоўскі, і той жа Шаматовіч; дастаўшы каля дваццаці пяці тысяч электарату я ўсё ж далёка аперадзіў ганарыстых партыйных ды іх сатэлітаў, што вялі шумную, дарагую кампанію. Прыблізна выпаў і Генік Мірановіч, які не кахаў крыку і рэкламы, а і палітыкі (Клуб прымусіў яго высунуцца). Ад плакатнае вайны пацярпеў Генік Вапа, ахвярна расклейваючы дзень і ноч нашы афішы (у Беластоку трэба было клеіць іх пасля ўзыходу сонца, бо за ноч усё было абарвана кімсьці). Як бы аднае бяды мала, з’явіліся яшчэ і ўкраінцы свае гадоўлі, пару слаба думаючых магістраў з кляшчэлеўскіх хутароў, хоць шкоды ад іх мы асабліва не адчулі (потым аб’явіўся „казакуючы” войт у Бельску, які выгартаў аднекуль мапу, на якой супер-Украіна даходзіла ад поўдня да падбеластоцкай Страблі).
Нашу радасную падпольшчыну расканспіраваў адным махам пяра амерыканскі, эмігранцкі „Беларус”. Гэтая месячная газетка фамільнага профілю ўзяла ды энтузіястычна апублікавала звестку, досыць падрабязную, аб існаванні вось Клуба. Эмігранты пяклі свой хлеб на інфармацыях ад нас і таму лепей было не казаць ім нічога дэтальна, тым болей, што палітычна выказвалі яны тую ж беларускую наіўнасць ды былі забедныя, каб можна было прычакаць ад іх важкай помачы, якую ціха каналізавалі – зрэшты – невядомыя też-Białorusini (яны няблага пажывіліся, выдаючы сябе ў прыезд у Амерыку „пакутнікамі справы”).
Першым пратэстацыйна пакінуў Клуб, заўсёды сур’ёзны, Юрка Туронак. Ён зразумеў: звязаўся з людзьмі безнадзейна зялёнымі, нейкімі палітычнымі лірыкамі, якія не даспелі да нечага істотнага. Скандал згас з ім прыканцы лета восемдзесят дзевятага. Знайшла падтрымку думка міфаманскага Антося Мірановіча арганізаваць беларускую палітычную партыю. Антось, як дзіця: любіць раскласці агонь, але без тае цярплівасці насіць потым галіны ў полымя (арганічна працаваць). Паспадзяваўся Антак на млявага Вячку Станкевіча з мюнхенскай радыёстанцыі, які наклаў яму ў вушы: рабіце кангрэс, кангрэс, рабіце... Будзе, усё будзе! А быў пасля шыш ды кукіш!!
Такім, даволі несур’ёзным, чынам нарадзілася Беларускае Дэмакратычнае Аб’яднанне, 10 лютага 1990 года. Якое і па сёння ледзь зябае. Але гэта усё ж занадта свежыя справы, каб аб іх пісаць ужо цяпер. Калі васьмідзесятыя гады цямнеюць вось у гістарычнай аддаленасці, дык дзевяностыя яшчэ ўсё, бы ўчарашні дзень: жывуць героі недалёкага часу, не выветрыліся непрыемныя пахі, гнільна тлеюць непаразуменні.
Трэба пачакаць, хай ападзе з верхавінаў памяці сухое лісце... неістоты.
* * *
Трэба заўважыць удзел жанчын у беларускім руху. Тое, што памятаецца, – гэта іх маргінальная роля ў цэлым, але пераважная адначасна ў самадзейным гурткоўі, у спявацкіх гуртах. Моцныя характарам дзяячкі – некалькі – чамусьці ўсе насілі імя: Ніна. Былі Ніны, Мушынская і Ціванюк з Гарадка, Бура з Семяноўкі, і яшчэ Ніна недзе ад Бельска, яна мала бачылася. Па структурах жа Беларускага грамадска-культурнага таварыства гайсалі мужчыны (дакладней называць – мужчыніскамі). Бульбатварыя, халопскай пароды, тыя, якіх за настаўшага Гамулкі пугнулі з уладных крэслаў і з паліцэйскіх устаноў ды спаролі з партыйных седалаў. Яны – душою адданыя рэжыму, аднак непрыдатныя ўжо, калі перасталі бегаць з вінтоўкамі за бандамі ў лясах; а не выходзіла ім рухаць мазгамі. Неадукаваныя, думаць не думалі. Апынуўшыся на службовай звалцы, абудзіўся ў іх КПЗБоўскі патрыятызм, прымітыўны, на патрэбы падкантрольнага Таварыства. Іншыя беларускія арганізацыі, акрамя БГ-КТ, забараняліся.
Жанчыны БГ-КТ уплывалі на дзяўчат, а харашухі тыя на хлопцаў. Паненкі гнулі на замужжа і шукалі кавалераў, што не было так простым, як у нашыя чадныя дыскатэкі. Ну і ў даўнія звычаі лёгка кляймілі дзеўку з замілаванасцю палятухі. Пашыраўся тэрмін „фахоўка”, які разумеўся як ганебны шыфр на азначэнне тае кумпястае красуні, наконт якой узнікаў здогад, што яна ўмее так клубаваць з хлопцамі і мужчынамі, каб не пусцілі яе „з жыватом”. Палятух і фаховак нямала налічвалася ў кожнай ваколіцы, што вынікала не з заняпаду маральнасці, але з таго, што ў тую галоту здараліся ў бацькоў дочкі нармальна развітыя фізічна і з натуральнай інтэлігентнасцю ад маленства. Не ад сёння вядома, што сексуальнасць у цёмных блізкая нуля і выяўляецца толькі ў жывёльны перыяд веснавое ажыўленасці наогул у прыродзе.
У мужчынскім валадарстве ў БГ-КТ устаяўся клімат палітыканства, іскрыста заядлага, па-камуняцку неарыгінальнага, пустога. Усё зводзілася да падкопаў пад чужыя пасады. А ў жаночай старане БГ-КТ адчувалася адваротнае, усё жанілі кагосьці з кімсьці або выпраўлялі замуж. Чалавечы самец варты столькі, наколькі ён здольны звіць цяплюсенькае сямейнае гняздзечка. Іначай, аднак, чым сённячы, цаніліся ў матрымоніі начальнікі маладыя, незалежна ад узроўню іхнае дурноты. Грошы даваў жа не розум і спрыт, але пазіцыя асобы ў павуцінні палітычнай сістэмы. Аванс залежаў ад умельства падлізвацца вышэйстаячаму. Кватэра ў блёку давалася поруч рангу на службе, вернасць партыі і ўраду дадаткова гарантавала снёны талон на куплю аўтамашыны. Ціхая ж згода на тое, каб твая жонка зрабілася т.зв. бюрвай, давалкай вышэйшым над табою, неяк аўтаматычна адчыняла рагатаму мужу магчымасці бываць казённым коштам у шырэйшым свеце або і выйсці на камітэцкія паркеты. Самец, як самец: па-казлінаму зайздросны, але кар’ера панаднейшая ад цноткі. Зрэшты, да шлюбаў даходзіла не ад гарачага кахання, але з разліку, так сказаць: з прастытуцкай калькуляцыяй. Nie hołysz będzie ojcem mych przyszłych dzieci!
Ці ад тых часоў змянілася што ў этычны бок? Не думаю, каб радыкальна, але ўсё ж грошы сталіся больш залежнымі ад самога чалавека, чымсьці ад яго месца ў іерархіі. Дамінуе прыватная ініцыятыва. Ёсць такія дзяльцы ў капіталізм, што зарабляюць аж у дваццаць пяць разоў болей за прэзідэнта дзяржавы! У „эпоху БГ-КТ” так бывала дакладна наадварот, а эратычныя афёры не абцяжвалі начальніцкіх кашалькоў. Ruchano na koszt skarbu państwa.
Мізэрнае значэнне жанчын, хоць на сцэне дома культуры было іх значна тлумней за мужчын, з’явілася вынікам іхнага сацыяльнага, сялянскага, паходжання. У традыцыйнай, асабліва вясковай, сям’і баба не мела голасу, пра ўсенька вырашаў бацька або галава роду, дзед, калі яшчэ добра трымаўся ён на нагах і ў думанні. Таму Беларускае грамадска-культурнае таварыства не магло пераўтварыцца ў школу грамадзянскага выхавання, будучы папраўдзе вялізнай вёскай, распыленай на горад. Z wiechciem w bucie. Грамадзянскасць стварае выключна горад, у ім магчымае пачуццё супольнасці лёсу, jazdy na tym samym wózku. А ў вёсцы – не, бо гаспадар у ёй мае ўсё сваё: хату, студню, печку на дровы, каня з возам, карову з малаком, кормніка на мяса з салам, курэй, яйкі і г.д. Самагон! Якое ж тады можа быць тое пачуццё супольнасці лёсу паміж незалежнымі ад сябе гаспадарамі? Не большае, чым у малітве з выпадку сушы або пажару. Трохі ў родавым клане, фамілійнай мафіі.
У гэтым і разгадка нашай нацыянальнай слабасці. Беларускі рух нарадзіўся як сялянскі, а не гарадскі, і гібеў разам з сялянствам. Чужы мяшчанству. Не пусціў каранёў якраз у мяшчанстве, хоць мае там свае арганізацыйныя адрасы: БГ-КТ, рэдакцыю „Нівы”, ліцэі. На беларускія балі, арганізоўваныя на сотні пар, іншы раз пад тысячу ў вялізных фабрычных залях Беластока, сыходзілася не беларуская моладзь, але праваслаўная. З кожным годам меней і меней, што некаторыя актывісты БГ-КТ уз’еліся тлумачыць залішняй беларускамоўнасцю ў арганізатараў імпрэзаў. Фактычна: нацыянальны акцэнт успрымала бальная публіка з адчувальнай прыкрасцю, шыкоўныя жанчыны менавіта. Гэту беларускамоўнасць душылі, таксама, і ўлады, яўныя і няяўныя, абзываючы прыватна і непрыватна беларусаў нацыяналістамі. Сёння тыя шавіністычна-польскія дэгенераты, пакуль жывыя, павінны перажываць свой эмерыцкі трыумф: беларусы – лічы – нарэшце прападаюць навек! Дабіліся іх нацыянальнай смерці, ура!!! Еўропа вас за гэта пахваліць, па дурной булавешцы пагладзіць?..
Пасярэдзіне шасцідзесятых наглядалася раптоўная фемінізацыя штатнага кіраўніцтва Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Старшынёю стала Лідзія Бялецкая, знаёмства з якою прыводзіла на думку іранічнае вызначэнне яе як „цёткі рэвалюцыі”, хоць, пабыўшы ў сібірскай ссылцы пры бальшавіках, удалася яна досыць ліберальнай, незаядлай; сама зацярпела. Аднекуль з’явілася ў бюравых пакоях Вера Кулак (па арганізацыйнай лініі), эратычная і таўставатая пекната без кроплі таленту да дысцыплінаванай службы. Затое салідна падрыхтаванай паказала сябе новая шэфіха асветнага аддзела, магістр Люба Філіпік, адзіная ў апараце працаўніца аж з універсітэцкай адукаванасцю! Даволі слабою, бо савецкай. Бахгалтэрыю ўзначаліла rezolutna Гэлена Мялешка, беларучка з беластоцкіх Скарупаў, якая прыдавала некаторай далікатнасці або і шыкоўнасці часам гэтаму, па-вясковаму грубаватаму, асяроддзю. Стварыла свой жаночы аэрапаг, свайго роду салонік, у якім нашы чырвона-партыйныя хамы не дазвалялі сабе звычаёвай у іх вульгарнасці. Была жонкаю высокапастаўленага начальніка ў Кураторыі асветы. Ёй работа ў БГ-КТ спатрэбілася не дзеля большага хлеба, а дзеля выдаткаў на туалеты сярэдняга рангу дамы.
Хадзілі чуткі, што гэту фемінізацыю наклікаў на ГП БГ-КТ яго папярэдні старшыня, інтрыгант Уладзімір Станкевіч, таксама КПЗБовец, якога паратавала ад „белых мядзведзяў”... польская санацыйная турма. Ён уяўляў сабою класічнага эратамана, якому вобраз сэксоўнай pięknotki муціць мазгаўню. Наслухаўшыся яго самахвальных прызнанняў і анекдотаў з генітальнай атрыбутыкай, я схільны паверыць у Станкевічавы кашэчыя эскапады. Але ў адначассі галоўнай прычынай таго ўзвышэння бабскага элементу ў вярхоўных эшалонах БГ-КТ трэба лічыць рэдукцыю штатных заробкаў у выніку чарговых у балаганнай дзяржаве рэформаў. Wypisz-wymaluj, niczym dzisiejsze łatanie w Polsce „dziury budżetowej”.
Дзейнічае правіла – калі ў нейкай установе або фірме пачынаюць дамінаваць жанчыны, дык несумненны гэта сігнал таго, што там падаюць заробкі; мужчыны ўцякаюць у хлебнейшыя месцы. Працоўныя жонкі зазвычай згаджаюцца на горшыя ўмовы, іхныя зарплаты заўсёды служылі дадаткам да мужавых, ніколі наадварот. Nie kobieta utrzymywała chłopa!
У галіне мастацкай самадзейнасці – Зюлкоўская (Гэлена?) ненатуральнай грацыі накшталт лялькі Барбі, але па-мужчынску энергічная дырыжор хору; дагэтуль кіравала ім Людміла Панько, унікальная інтэлігентка з віленскай гімназійнасцю, з мяккай культурнасцю. Балетнай групай камандавала Таццяна Гіжэўская з бельскіх мяшчан, тых шпануючых у гутарцы на правільное петербургское произношение. Спадарыня Гіжэўская ў паўзы пакурвала папяросы, мела манеры российской мадам, што панічна бянтэжыла парослых звычаёвым мохам бандарска-зубаўскіх донжуанаў. Проста гіпнатычна паралізавала яна іх, выраслых у народнай петушиности. У немалым дзявочым натоўпе хору і балету, у палавой прыцягальнасці моладзі.
Тымі часамі, зрэшты, Беларускае таварыства атрымлівала значныя па сучасных мерках фінансавыя сродкі, утвараючы дзесяткі штатаў, паўштатаў, і аплачваючы філіяльныя памяшканні ў гарадах ды мястэчках, і ў Гданску, і ў Варшаве (меркавалі і ў Шчэціне); працавала платная інструктарская кадра. Памалу ўсё тое меншала па волі варшаўскіх дабрадзеяў з ЦК, недзе ад паловы шасцідзесятых, што ў эфекце і выявілася той жа фемінізацыяй.
Прыход жанчын адбыўся неселектыўна, не як праява ўзвышэння заслужаных актывістак арганізацыі. Такі натуральны працэс быў ужо нерэальны, сяк-так падвучаных людзей знаходзілася, як сляпой курыцы зерне; кадры ўкамплектоўваліся выпадкова. Z łapanki. І не дзіва, калі падумаць, што нават у школах настаўнічалі людзі нярэдка з сямікласным або і ніжэйшым узроўнем. Не інтэлігентней прэзентаваліся і ваяводскія візітатары прадмета беларускай мовы, але ўзамен адпавядаючыя запатрабаванням наменклатуры. Towarzysze i towarzyszki z maturą należeli wtedy do wielkiej rzadkości i nie wiedzieć jak się cenili. Puszyli się!!
За стол аператыўнага сакратара Праўлення пасадзілі ўсё ж кого то в штанах, як жартам заўважыла женщина Бялецкая. Аднекуль выкапалі на гэтае месца савецкага магістра, трасцянца Уладзіміра Юзвюка, таго самага, які цяпер лепіць Сычэўскаму анахранічныя „Беларускія календары”. Але тады, будучы маладым амбіцыйнікам, паводзіў ён сябе цалкам у норме і ў параўнанні з дзяляцкім антыталентам папярэдніка здаўся, вось, сонечным шчасцем, што звалілася хаатычнаму Таварыству з божага неба! Наконадні сямідзесятых гадоў завяршалася, як ні казаць, карысная беларускай дзейнасці дэкада, партыя, залезшы ў стагнацыйны тупік, прынялася гуляць картаю польскага нацыяналізму, як бы ў падкіднога (прабушаваў 1968-ы, клятыя сіяністы-цыклісты-жыдоўскія імперыялісты і таму падобная ЦКоўская шызафрэнія!). Прамінула яшчэ пару гадкоў і pogonili kota przyszywanym Polakom у Беластоку, кацап’ю ў аксамітных кабінетах. Вельмі падалікатнеламу тым часам.
Патрэбны ўбачыўся тып беларускага дзеяча, па-зладзейску хітрэцкага, замест прастадушных цётак з менталітэтам мінулага веку. Прагнаўшы сакатух, даўшы ім na otarcie іez каторай сытую эмерытуру, камбатанцкую, а каторай неблагую рэнту, хоць здароўе аж разносіла салам іх, заселі на Варшаўскай 11 такія рэкаменданты наменклатуры, якім нічога ў KW PZPR не трэба было два разы паўтараць. Папраўдзе спецгрупа з сакрэтнай місіяй.
З паўслова разумелі яны, што беларускі рух trzeba пераўтварыць у нешта кшталтам дэкаратыўных вазонікаў на ўрачыстых подыумах першамайскіх акадэмій. Дэкадэнцкі эпізод: перадапошні сакратар ГП БГ-КТ страціў пасаду не за нейкую палітыку, але за тое, што не адпусціў нанач варшаўскаму начальніку ў камандзіроўцы сваю апетытную каханку з чародкі курачак у бухгалтарскім салоніку. У ваеннае становішча ў Польшчы славуты наш хунбэйбін фарсіў рэвальверам.
Фемінізацыя аказалася пасрэдным звяном у працэсе паступовай маргіналізацыі БГКТ. У росквіт Герка зведзена Таварыства да нулявое бяззначнасці.
У салідарніцкі выбух беларусы на дзіва аднавіліся, падняліся з каленяў, але зусім не дзякуючы выпаласканаму з духа Беларускаму грамадска-культурнаму таварыству, г.зн. як быццам насуперак волі сваіх бацькоў выйшла з завулкаў безнадзеі новае пакаленне, якому і па сёння Таварыства прыкра фэкае саветызмам. Характэрным запахам этнаграфічнага музею.
Дзяўчаты і жанчыны апошняга часу непадобныя да тых БГКТоўскіх курачак з фанабэрыстым пеўнем, самі гатовыя схапіць яго за чуб, каб адвучыць ад мужчынскага шавінізму. От і не ўсё накрыў польскі прыпол, беларускія кураняты адбегліся.
Крынкі, 1998-2002