Дзеньнік прыватнага чалавека

Апавяданьнi, iмпрэсii, эсэ

Дубавец Сяргей


Ленка

Зь Ленкай Мiхневiч мы вучылiся ў адной клясе 50-й менскай школы з матэматычным ухiлам. Мы нiколi не сядзелi за адной партай, нiколi не хадзiлi разам. Хоць жылi ў дамох, якiя й цяпер стаяць адзiн насупраць аднаго i памiж якiмi -- плошча Перамогi, якую тады называлi Круглай. Вы павiнны ведаць дом з цырульняй. У iм i жыла Ленка.

Ленка была маiм патаемным, зусiм яшчэ дзiцячым каханьнем. Русявая дзяўчына з грубаватымi, як на маё цяперашняе ўяўленьне, рысамi твару, вельмi жаноцкая для свайго тадышняга веку. Аднойчы я нават трапiў да яе дадому на дзень нараджэньня. У вялiкiм пакоi за круглым сталом сабралася шмат дзяцей, а на стале былi толькi заварныя пiрожныя. Памятаю, я моцна саромеўся свайго пачуцьця, бо Ленка сярод нас, аднагодкаў, выглядала вельмi дарослай.

Праз шмат гадоў пасьля школы я выпадкова пабачыў Ленку ў Заслаўi, дзе наша студэнцкая Майстроўня проста на траве ставiла народную драму "Цар Максiмiлян". Мы ўсё рабiлi iмправiзавана, i Ленцы нават ледзь не дасталася роля царскага пажа, але знайшлася iншая дзяўчына. Мяне тады моцна зьдзiвiла, што Ленка гаворыць па-беларуску й сьпявае разам з намi беларускiя песьнi. I я спытаўся ў яе, чаму яна не прыходзiць да нас у Майстроўню. Ленка ўсьмiхнулася й адказала, што ўвогуле ня вельмi любiць сьпяваць, бо не ва ўсiх ёсьць голас i слых.

Гэта было зусiм кароткае спатканьне, i мы зноў разьвiталiся на доўгiя гады. Аж да сёлетняе вясны, калi я дзеля справаў рэдакцыi паехаў у Коўна. Ня ведаю, праўда, цi можна тое, што тут адбылося, назваць сустрэчай.

Прозьвiшча Лены Мiхневiч я прачытаў у ковенскiм чачэнскiм iнфацэнтры, у сьпiсах людзей, якiя загiнулi за незалежнасьць Чачэнскай Рэспублiкi. Гэта яна -- тая невядомая снайпэрка, грамадзянка Беларусi, пра гiбель якой паведамiлi расейскiя iнфармацыйныя агенцтвы. Згадваю, што ў тых паведамленьнях было нешта як бы пiкантнае, i таму -- марадзёрскае.

Чачэнскi журналiст, якi паказваў мне сьпiсы палеглых, сказаў, што на баку прэзыдэнта Дудаева ваююць да двухсот беларускiх патрыётаў. Яны нашываюць сабе на адзеньне чачэнскi сьцяг i змагаюцца за сваю незалежнасьць. Чачэнскi сьцяг на зялёным тле ўнiформы не адрозьнiш ад беларускага.

Я слухаў чачэнца i думаў пра Ленку, пра сваё колiшняе дзiцячае захапленьне. Яшчэ нясьпелае, але цяпер ужо вечнае...