У двары дома сустракаю я Лідзію Паўлаўну, што жыве ў суседнім пад’ездзе, былую актрысу. Яна і зараз актрыса, толькі на даўно заслужанай пенсіі. Я з маім рэжымам да такой даўно заслужанай пенсіі ці не дажыву, ці заслужу нешта іншае.
Каля Лідзіі Паўлаўны стаіць фікус, ці яна стаіць каля фікуса, тут як і з якога боку глядзець, і Лідзія Паўлаўна трымае на павадку рыжую, паленую таксу. Не так даўно таксу гэтую бачыў я амаль чорнай, Лідзія Паўлаўна час ад часу яе перафарбоўвае, імкнучыся да нейкага аптымальнага для таксы колеру. Фікус худы і пыльны ў вышыню, такса худая і паленая ў даўжыню, а Лідзія Паўлаўна кажа:
— Раманчык, Рома, Раман Канстанцінавіч, вазьміце ў мяне пажыць у вас мой фікус і маю таксу.
Рабіць выгляд, нібы гэта жарт нейкі, ці я нечага не разумею, не выпадае. Гэта не жарт: Лідзію Паўлаўну выставілі з хаты. Не ў першы раз. Папярэднім разам, калі такса была амаль чорная, а Лідзія Паўлаўна была без фікуса, я ўзяў былую актрысу з чорнай таксай пажыць да сябе, але зараз у мяне Лі-Лі. І я адказваю Лідзіі Паўлаўне:
— Пардон, мадам, але зараз у мяне жыве Лі-Лі. А кватэра аднапакаёвая, вы ведаеце.
— Дык сама я і не прашуся да вас, Ромачка. Я прашу за вазон і сабаку.
Я неяк і не думаў, што фікус — гэта вазон.
— Вы гэтае дрэва трапічнае называеце вазонам?
— Вымахаў, як цыбук, — згаджаецца Лідзія Паўлаўна. — Абрэзанне трэба было б зрабіць, але ж яму балюча...
Пенсіянерка яшчэ саюзная, Лідзія Паўлаўна мае месца ў Доме ветэранаў сцэны недзе пад Масквой, і месца гэтага яе чамусьці не пазбавалі, хоць цяпер яна пенсіянерка іншай краіны. Але ў тым Доме ветэранаў, па-першае, холадна і амаль не кормяць, а, па-другое, вяртацца туды Лідзія Паўлаўна наадрэз не жадае. „Я надта доўга з імі жыла, каб яшчэ і паміраць з імі”.
Ужо даволі доўгі час, разменьваючы кватэры, мы перамяшчаемся, мігрыруем з Лідзіяй Паўлаўнай па нашым горадзе паралельна. Жылі ў адным і тым жа доме, калі быў я першы раз жанаты, у суседніх — калі развёўся і зноў ажаніўся, і зараз зноўку ў адным. Я разменьваў кватэры, разыходзячыся з жонкамі, а Лідзія Паўлаўна мяняла іх, можна сказаць, з-за прагі руху: то раз’язджаючыся, то зноў з’язджаючыся з адзіным сынам, з якім яна жыць не магла, і ён без яе гінуў. Пры ўсякім чарговым размене мы неслі страты, кожны свае, таму я з Лі-Лі жыву зараз у аднапакаёўцы, а ў Лідзіі Паўлаўны з сынам Ігарам Львовічам два пакоі. Лідзія Паўлаўна замыкаецца ў адным з таксай і фікусам, а сын у другім — з кім папала. Ён таксама на пенсіі — па здароўі, якое паклаў на алтар Айчыны, займаючыся нечым сакрэтным, бо доктар фізічных, ці якіх там, навук. Калі напіваецца, а напіваецца Ігар Львовіч праз два дні на трэці, два дні ляжыць нежывы, ён хапаецца за сякеру і трушчыць дзверы ў пакой Лідзіі Паўлаўны. Лідзія Паўлаўна выклікае міліцыю, Ігара Львовіча забіраюць, Лідзія Паўлаўна выкідвае сякеру, перадыхае дзень і ідзе вызваляць Ігара Львовіча. Ігар Львовіч вяртаецца, знаходзіць сякеру, напіваецца — і ўсё зноў пачынаецца спачатку...
— Рома, што мне рабіць? — пытаецца Лідзія Паўлаўна.
Я не ведаю. Такса, гэта ён — таксіст, ці як? — падымае нагу і струменіць на фікус.
— Дартаньян, фі! — абурана, нібы ніяк не чакала ад яго такой выхадкі, хоць ён гэта робіць і дома, калі Ігар Львовіч сячэ дзверы і не дае яму з Лідзіяй Паўлоўнай выйсці на вуліцу, торгае Лідзія Паўлаўна палена-рыжага Дартаньяна за ашыйнік. „Тры мушкецёры” — яе любімая кніга. Дарэчы, праз яе і мая таксама. Лідзія Паўлаўна нанава адкрыла мне гэтую кнігу, як энцыклапедыю, дзе весела і лёгка напісана амаль што ўсё пра зменлівае чалавечае жыццё.
— Памятаеце, — пытаю я, — калі д’Артаньян разбагацеў і заняў у гатэлі шыкоўныя апартаменты, гаспадыня пацікавілася, ці пакідаць за ім ягоную мансарду?
Лідзія Паўлаўна памятае.
"Пакіньце, — адказаў д’Артаньян. — Лёс зменлівы”.
— Вам трэба было пакінуць за сабой сваю мансарду.
— Так, так, — згаджаецца Лідзія Паўлаўна. — Трэба было...
Другі паверх у пяцісценцы на ўскрайку горада заставаўся ёй па смерці брата, але яна прадала яго, каб было на што жыць, а Ігару Львовічу — піць: ён забраў у яе палову грошай, пасля ад паловы яшчэ палову і чвэрць...
— Можа, мне падняцца і перагаварыць з Ігарам?
— Няма з кім... — разводзіць яна рукамі, і Дартаньян тузаецца ў ашыйніку, думаючы, што яны ідуць нарэшце гуляць. — Няма з кім, ды ён і не адзін, там кампанія.
— Я ўсё ж падымуся... Толькі фікус давайце адцягнем, каб на дарозе не замінаў.
— Гэта я замінаю, Рома. Сёння адчула, што ўсім замінаю.
Нібыта ўчора і ніколі раней не замінала і не адчувала.
Некалі я напісаў музыку да яе бенефісу. Яна драматычная актрыса, але на бенефісе захацела паспяваць і паскакаць у вадэвілі. Ёй не трэба было звязвацца са мной па рабоце. Мы сябравалі — і я надта ўжо стараўся, і драматурга старацца змушаў, таму вадэвіль выйшаў старанна-хрэнаваты. Яна не прызнала вадэвіль хрэнаватым, а сказала, што адчувае, як замінае ў ім музыцы. „Ты напісаў такую вольную музыку, якой месцы ў космасме, а не на сцэне ў пыльных кулісах. Твая музыка бруіць, плешчыцца, пераліваецца, а я торгаюся, боўтаюся ў ёй, як какешка ва ўнітазе... Разумееш?..” Што там было разумець, мяне так ніхто не абкакваў. Тую музыку вадэвільную я падраў на дробненькія шматочкі. Колькі нот — столькі шматочкаў.
Пасля бенефісу, на якім яна сыграла маці Гамлета — каго ж яшчэ, калі сорак год таму сыграла Афелію? — акуратненькі журналіст з маладзёжнай газеты яшчэ на сцэне паспрабаваў узяць у яе інтэрв’ю. Спытаўся, з чаго яна ў жыцці сваім найбольш цешыцца і пра што шкадуе? Ну, пытанне як пытанне для цікаўнай моладзі...
— Цешуся я з таго, — гучна, да ўсіх раскінуўшы рукі, адказала са сцэны маці Гамлета, — што жыла і давала! І ні пра што не шкадавала! А ўбачыўшы вас, мой юны прынц, пашкадавала, што мала давала!..
Калі яна жыла ў мяне, мы спалі ў адным ложку, бо ніякай іншай ляжанкі, нават матраца, каб пасцяліць на падлозе, у мяне няма. Мы накрываліся асобнымі коўдрамі, іх у мяне дзве, а Дартаньян качаўся паміж намі. Калі аднойчы ўночы я выпадкова закінуўся на тэрыторыю Лідзіі Паўлаўны, раўнівец ледзь не выдраў з мяне кавалак сцягна. Я ніколі не думаў, што ў гэтым батоне на роліках столькі грызучай сілы. Лідзія Паўлаўна так-сяк мяне перавязала, нагадаўшы міжволі Таццяну Савельеўну, і сказала, што сабака — не кот, не так добра ў цемры бачыць, таму Дартаньян прамахнуўся... Калі мужчына з ночы ў ноч ляжыць з жанчынай, як бервяно, яму не ўсё, што ў яго ёсць, патрэбнае. І яшчэ дадала, што калі б да яе бенефісу быў напісаны вадэвіль пра актрысу ў адным ложку з мушкецёрам і сабакам, ці нешта падобнае, дык яна б не пачувалася ў такім вадэвілі старой каргой, якая замінае музыцы. Усё гэта, зразумела, казалася нібыта жартам, але неяк так, што я ніякавеў — і адсоўваўся на самы край ложка. „А ў бабкі старой самы цымус, самы лой...” — успаміналася з дзяцінства не надта прыстойная показка.
Дзверы ў кватэру Лідзіі Паўлаўны былі прыадчыненыя, дзверы ў яе пакой свежапасечаныя, я прайшоў цераз прыхожую і рушыў на галасы ў кухні. Ігар Львовіч сядзеў за сталом і спаў, паклаўшыся галавой на сякеру. Два мужыкі цяжкавызначальнага веку, няўтульна адсунуўшыся ад стала, дзе трэці спаў на сякеры, пахмурна курылі. Гарэлка ў іх канчалася.
— Наліць? — тым не менш адразу спытаў адзін, з асіметрычным, нібы склееным з двух, тварам. — Толькі пасля збегаеш.
— Не наліць...
Гаварыць сапраўды не было з кім, але я паспрабаваў.
— Сын на маці з сякерай... з дому выкідвае... а вы...
— Дык іх справы. Няхай разбіраюцца.
— Я ёй фікус знесці дапамог, а то б... Ён фікус хацеў пад корань... — кіўнуў на Ігара Львовіча другі мужык, трохі болей сіметрычны. — Фікус тут пры чым?..
Ігара Львовіча, які замахнуўся на фікус, яны не ўхвалялі, але недзе трэба было піць. Я спытаў:
— У вас ёсць дзе жыць?
Абодва глянулі на мяне крыўдліва.
— Мы не бамжы, — сказаў абаронца фікусаў. — У нас ёсць дзе жыць. Не дома, але ёсць.
— Дык жывіце там. Чаго вы тут?..
Пытанне падалося ім вартым таго, каб над ім падумаць.
— А праўда што... — перасмыкнуўшы тварам, сказаў асіметрычны. — Чаго мы тут?.. Дапіваем і пайшлі.
Яны дапілі гарэлку, і асіметрычны падняўся.
— Хай ён дасць нам што-небудзь за гэта, — раптам сказаў фікусалюб, і нават напарнік ягоны яго не зразумеў.
— Хто?
Фікусалюб торкнуў у мяне пальцам. У плячо, балюча.
— Ён! Прыпёрся! Яму трэба, каб мы пайшлі, дык хай што-небудзь дасць! — І ўдакладніў, што мае на ўвазе. — На пляшку!
Гэта было ўжо нахабствам, якога не спускаюць. Я падсеў да Ігара Львовіча і пацягнуў паціху з-пад яго сякеру...
Зазваніў тэлефон на халадзільніку, і фікусалюб, як дома, зняў трубку.
Я махануў сякерай:
— Вушы з галавой адсяку!
— Гудкі адны... — не адхіснуўшыся, не міргнуўшы нават, паклаў трубку фікусалюб.
— Не палохай, не забаімся, — сказаў асіметрычны. — Ты пісталет у нас купі, пісталета мы забаімся.
З такім жыццём ім не было чаго баяцца... Не было за што.
— Які пісталет?..
Фікусалюб зірнуў на напарніка і паціснуў плячыма: ну, як хочаш, так дык так... Ён нахіліўся пад стол, расшпіліў заляпаную, зялёную ў лепшыя яе часы брызентавую сумку, пагрымкаў у ёй пустымі бутэлькамі і дастаў з-пад іх пісталет.
— Адкуль ён у вас?
— Знайшлі. Каля могілкаў Кальварыйскіх страляніна ўчора была, пасля яе і знайшлі. Купіш?
Я паглядзеў на аднаго, на другога — мужыкам на дваіх гадоў сто, а то і болей. Дзеці недзе, унукі... Неяк жа яны пражылі гэтыя гады, нешта рабілі, пра нешта думалі, штосьці зразумелі, павінны былі зразумець... Што ж сталася, што скрэнцілася ў часе?.. Да злому, да ідыятызму...
— Пайшлі на хрэн. Здайце ў міліцыю, адмарозкі. З яго, можа, забілі некага. Знойдуць у вас — пасадзяць.
— Забілі, дык забілі, пасадзяць, дык пасадзяць, — без эмоцый сказаў фікусалюб, зноў грымкаючы бутэлькамі і запіхваючы пад іх пісталет. — Пасядзім, адпачнем.
Я пасунуў сякеру па стале.
— Вазьмі, набор будзе. Болей дадуць, даўжэй адпачнеш.
Фікусалюб узяў сякеру, паклаў у сумку. Пустыя бутэлькі, пісталет і сякера — гэта сапраўды набор. Калі іх раптам возьме міліцыя, дык доўга будзе думаць. Ці доўга будзе біць.
— Эй, прафесар!.. — гукнуў асіметрычны. — Мы ў акадэмію, чуеш?.. Падграбай, як праспішся, прафесаршу табе пакідаем.
Ігар Львовіч пакачаў галаву з боку ўбок і слаба прамычаў.
— Не чуе, — сказаў фікасалюб. — Адсек ты яму вушы з галавой... — Ён узяў дапітую бутэльку, высмактаў з яе апошнія кроплі — і яны падаліся ў прыхожую. Там патаўкліся, пабубнелі паміж сабой, асіметрычны раздражнёна кінуў: „Дык засунь куды-небудзь, калі баішся!..” — і, яшчэ пару хвілін патаптаўшыся і пазвінеўшы бутэлькамі, бамжы нарэшце пайшлі.
Ігара Львовіча, які мычаў і слінявіўся, я пацягнуў, ухапіўшы пад пахі, у ягоны пакой, штурхнуўся спінай і тым, чым спіна канчаецца, у дзверы, але яны не адчыніліся. Я штурхнуў яшчэ, ударыў нагой, раз і другі...
— Пайшоў ты!.. — п’янавата віскнуў з-за дзвярэй жаночы голас. — Сякерай размахаўся, трэба мне!
Як зацяганы блядун, я ўсё адразу зразумеў, ды й што тут было разумець: „прафесарша”. Размяклага Ігара Львовіча трымаць было цяжкавата, я апусціў яго на падлогу.
— Адчыніце, яго спаць трэба пакласці!
Пачуўшы незнаёмага, за дзвярыма трохі памаўчалі.
— Каго яго?
Тэмбр голасу на маё здзіўленне раптам скінуўся з візготкі да зусім нармальнага.
— Ігара Львовіча, каго яшчэ...
— А, Ігара... А ты хто?..
— Сусед.
— Які сусед? Што прынёс мінет?
На гэта я не знайшоў адпаведнага адказу.
— Суседні сусед, вам хіба не ўсё адно?..
Грузна прашлёпалі па падлозе босыя ногі, павярнуўся ключ у замку — мой голас заўсёды выклікае давер у жанчын.
— Мне ўсё адно...
Яна падала на сябе дзверы, я нахіліўся над Ігарам Львовічам, азірнуўся, куды і як яго лепей цягнуць, і кінуў гаспадара на падлозе...
У жывапісе я невялікі знаўца, але Рубенс...
О, Рубенс!
Ва ўвесь дзвярны праём перада мной паўстала жыватастая, з выкачанымі на жывот і плазам кінутымі на яго жорнамі грудзей, ва ўсе бакі абвіслая мясам, неабдымная, бела-блакітная ў сеціве ружовых прожылкаў, грандыёзная, з галавы да ног голая і з ног да галавы страшлівая баба. Я ўбачыў менавіта бабу, а не жанчыну, бо толькі з грудзей яе можна было б зляпіць дзвюх зусім не хударлявых кабецін, і страшлівую не таму, што непрыгожую, я наогул не ведаю, што такое непрыгожая жанчана, а страшлівую праз адкрытую, бессаромную дэманстрацыю прыроднай сілы і жывёльных інстынктаў, якія, шукаючы выйсця, блукаюць у кожным з нас, але ўсе мы хто больш, хто менш навучыліся іх прыхоўваць, як вымагаюць гэтага прыдуманыя намі самімі ўмоўнасці, выхаванне, правілы цывілізаванай гульні самцоў і самак, якія надумалі, нібы ўзвысіліся над інстынктамі і прыродай — дзікай, першабытнай. Тут жа нават не тое, што наўмысна, насуперак умоўнасцям і правілам нічога не хавалася, тут натуральна, як таго не ведаюць звяры, не ведалася, што нешта трэба хаваць, і з гэтай гары жывога, бела-блакітнага мяса выпірала, напірала на мяне ўсё, чым гара гэтая была і чаго яна прагла. Выпіралі і напіралі яе грудзі, плечы, жывот, ногі, на якіх магла б трымацца імперыя, выпірала і напірала ўся яе сутнасць — і зусім не праз тое, што баба гэтая, цыклапічная мацерка ўсіх жанчын, была п’яная, не, яна была п’янаватая, але не п’яная, і амаль бясколерныя, ледзьве пацягнутыя шэрым адценнем вочы яе на прадаўгавата-круглым, трохі з рабіннем твары ацэньвалі мяне, маё здзіўленне і ашаломленасць, як мае быць. Яна ўбачыла раней, чым гэта сам я зразумеў, ужо ўзбуджанага ёю і гатовага да злучкі самца, і ўлавіла раней, чым я сам яго адчуў, пах жадання. Магчыма, нічога б гэтага і не сталася, не здзівіўся б я так і не ўразіўся да ашаломленасці, бо ў памяці меў не толькі музейныя палотны Рубенса, меў карціны жывыя, пачынаючы з Бычыхі каля вярбы, якую і згадаў адразу, але да Бычыхі тут шмат чаго дадавалася... З вяршыні бела-блакітнай гары зрывалася па яе навіслых схілах, калмацілася і пенілася ў шчылінах яе і далінах, падала да самага падножжа насычана рыжая, бліскучая, бясконцая плынь валасоў, таўсценна сплеценая ў касу. Да ўзвышша Жывата па даліне Грудзей яна сцякала рыжай ракой, упадала ў гэткае ж рыжае, як і яна, прыхаванае ўзвышшам Жывата возера Лона, адкуль — паміж мармуровымі апорамі імперыі — звужалася ў стромую ручаіну і пырскалася рыжыною ў падножжы... Кабыла!
"І-го-го!.. „ — заіржала яна... Не, мне не падалося... Павярнуўшыся і перакінуўшы за спіну рыжую плынь касы, што хвастом заматлялася паміж яе неабсяжнымі клубамі і вежамі ног, яна, прамінуўшы ложак, пратупала да стала каля вакна, упёрлася ў край стала рукамі, нахілілася, расстаўляючыся і выгінаючыся так, што жывот яе амаль крануўся падлогі, зірнула на мяне з-пад пахі — і па чарзе пачала адводзіць у бакі і назад, падымаць і апускаць ногі: „І-го-го!.. І-га-га!.. І-го-го!.."
У маім дзяцінстве быў сіратліва адзінокі, вечна слінявы і смярдзючы, загаўнючаны Жорка Дыдзік, які займаўся гэтым і з козамі, і з цялушкамі, і з кабыламі. З ім, прыдуркаватым, а да таго ж эпілептыкам, ніхто і нічога не мог зрабіць, ды й у галаву па тых часах нікому не прыходзіла, што ён скоталожнік і на яго ёсць закон. Ён быў натуральна ўладкаваны ў няхітры побыт людзей на ўскрайку цывілізацыі, яго адусюль гналі, кідалі ў спіну палкі з камянямі, збівалі ў кроў, калі лавілі пры скаціне. Аднойчы я знайшоў яго за хлявамі амаль нежывога, адвалок да рэчкі, абмыў... Сам я ніколі не бачыў, як ён гэта вырабляе, мне карцела паглядзець, і я папрасіўся: „Жорка, возьмеш мяне як-небудзь з сабой, пакажаш, як яно з кабылай?.. Я табе ліхтарык за гэта дам, амаль цэлы...” Прыдуркаватая ўхмылка расплылася на ягоным твары, і ён згодна, па-змоўніцку кіўнуўшы галавой, сказаў: „ З казой пакажу..."
Назаўтра ён сам знайшоў мяне: „Давай ліхтарык!.."
Белая каза, наважаная на ўзлеску, падпусціла да сябе Жорку без аніякага спуду. Жорка скарміў ёй трохі капусніку, ухапіў за рогі, ушчыміў казу перадам, задраўшы ёй галаву, між двух бярэзін і прыладкаваўся ззаду... Паскакаў з хвіліну, паторгаўся — і ўсё... Мог і не ўшчымляць казу між бярэзін, бо яна, як стаяла абыякава, пакуль Жорка тузаўся, так спакойна азірнулася на яго, калі ён зашпіліў порткі, бэкнула і пайшла сабе паскубваць траву...
Я быў страшэнна расчараваны, я чакаў чорт ведае якога відовішча, але што возьмеш з прыдурка і казы?.. Мне шкада стала ліхтарыка, хоць і паламанага...
Жорка Дыдзік скончыў жыццё пад капытамі кабылы. Ладкуючыся да яе ў стайні, ён зваліўся з жэрдкі — і падкаваная кабыла разнесла яму чарапок. Я гэтага не бачыў, толькі чуў... Поп не даваў пахаваць Жорку на могілках, не было каму асабліва папа ўгаворваць, і Плыткоўскія, гаспадары кабылы, закапалі Жорку Дыдзіка недзе ў лесе, бліжэй да звяроў...
"Дык як яно, Жорка, з кабылай?.."
"І-го-го!.. — чакаючы, падымала і апускала яна то адну, то другую нагу, паварушвала крыжам і памахвала хвастом. — І-го-го!.."
Ах ты жывёліна!.. Ты захацела, цечка ў цябе, кабыла, ты падклікаеш жарабца?.. І ты думаеш, можаш думаць, дазваляеш сабе думаць, што я і ёсць жарабец? Твой самец, гэткая самая скаціна, як і ты?.. Што праз цябе забудуся на ўсё і ўсіх, займуся з табой, сракастай абразінай, тым жа, чым сёння ўсю ноч і нараніцы займаўся з Лі-Лі?.. Што пасля яе спакушуся гэтай тлустай, друзлай гарой мяса, якая патыхае потам, брыдой, міязмамі?.. Што, вырываючыся з шырынкі, падскочу да твайго развесістага, рыжахвостага крыжа, налягу на яго, учаплюся ў грыву, ублытаюся ў хвост і стану хвост твой пушыць і гладзіць, абкручвацца ім, хавацца ў яго і лашчыць твае азызлыя, кабыліныя клубы?.. І буду ўніз зазіраць, пад цябе — на правіслую бочку жывата і перакуленыя кадушкі грудзей?.. Дык на табе і ў хвост і ў грыву, жывёліна, на табе пад хвост, кабыла, на, на, на!..
"І-го-го!.. — спрабавала яна падавацца і падкідвацца непаваротлівым крыжам, тузалася ўзад і ўперад, уверх і ўніз, і ўсё, што вісела на ёй і пад ёй, ва ўсе бакі боўталася, хісталася, матлялася, калыхалася... — І-га-га!.. І-го-го!.."
Як праваліўшыся ў яе, я ніяк сябе ў ёй не адчуваў, не кранаўся ў гэтай бездані нічога, апроч мокрай, хліпкай пустаты. Хваля нястрымнага юру, што ўзнялася, падхапіла і захліснула мяне, не знаходзіла ніякай бухты, ніякіх берагоў, на якія б магла выкаціцца і, скалануўшыся, разбіцца ў пырскі, разліцца ў бухце ва ўсіх яе ўтульных гротах і пячорках, па ўсіх яе мяккіх перашыячках і мысках. Ні гротаў з пячоркамі, ні перашыйкаў з мысочкамі ў хліпкай і мокрай пустаце ці не было, ці яны былі недасягальнымі, і тлустая лянівая кабыла, выставіўшы развесісты азадак, ні ў чым болей не старалася, ніяк не дапамагала, каб хваля выкацілася з мяне хоць бы ў бочку яе жывата, адвіслага да падлогі...
Я звык да кабылак, што сцеляцца ветрам, стралою ляцяць пада мною і б’юць капыткамі, а табе, расплылае мяса, толькі б тузацца ды іржаць?.. Не, пагналі, паскакалі, маем бізун ды лейцы!.. Я ўчаплюся ў тваю грыву, нацягну так, каб да столі задралася твая кабыліная морда з бясколернымі вачыма і буйнаўспацелай, перакошанай храпай, што хапае паветра!.. Давай, давай, давай, сцяліся, узлятай, не закочвай вочы!.. Баліць?.. Дык на тое ты і закілзаная!.. На тое бізун і лейцы!.. А што ты хацела, каб не балела?.. На табе, пузатая ты і пустая цыстэрна, на табе, бяздонная ты яма, на табе, балотная ты сажалка, на табе, гаўнючая ты куча, на табе, на!..
Яна ўжо, падагнаная, нібыта і старалася скакаць; ходырам хадзіла, ледзь кавалкамі не адрываючыся, яе кісельная, бела-блакітная туша, але ўсё адно нічога не адбывалася, толькі патыхала потам ды білася, плюхалася мяса аб мяса...
Я цягнуў яе за валасы ці не з усёй сілы, гэта была ў нашай злучцы адзіная любоўная дзея, што дадавала мне пажадлівасці, і яна гэта адчувала, сілы маёй хацела — і закідвала, як магла, галаву і трывала, колькі магла... Урэшце, не вытрываўшы, яна матлянула галавою ўбок і ўніз, пасунулася грудзямі і жыватом, ўсёй глыбаю ўперад, пакідаючы ў руках маіх пасмы выдраных валасоў, падламілася ў локцях і абвалілася на стол, які, на шчасце, быў не з новых, злепленых з габлюшак, сталоў, а даўні, змайстраваны з дубовых плашак, таму скалануўся, але ўстаяў. І толькі калі расплыўся на стале, распластаўся і падціснуўся да лона яе жывот, пустата ў ёй трохі падвузілася, падшчымілася — і я нечага крануўся ў ёй і нешта адчуў. Нічога такога: ні ўтульных пячорак, ні мяккіх мыскоў, але хоць нейкая бухта, хоць далёкія берагі, хоць размыты перашыяк, аб які я біўся і біўся, цёрся і цёрся, коўзаўся на ім і коўзаўся, намагаючыся выціснуць, выкінуць з сябе юрлівую хвалю — і яна пайшла, пайшла аднекуль з-пад дыху майго ў пах, дзе ў апошні раз узнялася, натужылася, набухла, ледзь не распіраючы мяне, і, знайшоўшы выйсце, прасторна лінулася, плёхнулася ў пустату за перашыяк...
Я выслізнуў з пустаты і выцер яе мядузную, саплівую, кісла-смуродную макрату рыжым кабыліным хвастом. Што ўрэшце я так і зраблю, я загадзя ведаў, нават загадзя смакаваў, як яно будзе — і зусім не для таго, каб сцерці агіду, як з губ яе выціраеш пасля знянацкага і нібыта сяброўскага пацалунка якога-небудзь педзіка. Я хацеў і чакаў хоць пробліску секса ў жывёльнай калатэчы геніталій, не ўяўляў інакшага завяршэння нашай злучкі — і разлічваў на гэты жэст, рух, на гэты апошні дотык да таго, што мяне спакусіла... Але і тут нічога — я проста выцерся валасамі.
Рубенс-хрэнубенс.
— Адыдзі... пусці...
Я павярнуўся. Ззаду, упоўзшы ў пакой, стаяў на карачках і глядзеў на нас Ігар Львовіч.
— Пусці... дай мне...
Я абышоў яго і з прыхожай яшчэ пабачыў, як ён, чапляючыся за разадраны і зблытаны хвост, караскаецца, узбіраецца на бела-блакітную гару мяса, што паволі зноў пачала рассоўваць і прыпадымаць мармуровыя апоры імперыі, на якіх сама толькі што не ўтрымалася. „І-го-го...” — пачуў я, але так ціха, нібыта схаваная ў гэтай гары кабыла ці засынала, ці здыхала.
І гэта я хвіліну таму быў на месцы Ігара Львовіча?.. Вось так таптаўся, ладзіўся да разляпістай, порыстай, у складках і ямінах, адвіслай задніцы, шукаючы пад ёй шчыліну?..
Не...
Мне трэба было зараз жа скінуць з сябе брыду, адмыцца, ачысціцца, але тут зайсціся ў ванну, тут застацца я ўжо на імгненне не мог — мяне б знітавала. Значыць, давядзецца вяртацца да Лі-Лі. Выдумляць, нібы нешта забыўся... хоць што і для чаго выдумляць, хто яна мне такая? Хто яны ўсе такія — племя іх бляцкае!..
Лідзіі Паўлаўны з Дартаньянам у двары не было, толькі фікус сірацеў каля пад’езду. На фікусе, прышпіленая заколкай-невідзімкай, бялела паперчынка — лісцік, вырваны з нататніка.
"Раманчык, дзякуй, прыгрэйце фікус. Я ў жылкантору — праблемы свае вырашу сама”.
Раманчык...
Значыць, яна зноў разменьвацца?.. Развітаемся з нашым даўнім суседствам — мне ўжо разменьваць няма чаго.
Лес засцаны зацягнуць дахаты — і на работу... Але фу, як ад яго смярдзіць!
Як ад мяне...
Падняўшы, я паставіў фікус.
Не...
Што Лі-Лі нам ніхто — гэта мы дарма, раманчык... Гэта фантазіі нашы на дзікай прыродзе... Усё да таго ідзе, што якраз наадварот — а з пахамі ў Лі-Лі тонкія адносіны. Таму на работу. Нам на работу — і фікусу з намі. Там чым толькі ні патыхае, ды ёсць каму хуценька лазню арганізаваць.
З фікусам і памыемся.
На нечым трэба было фікус давезці, я выйшаў з двара на вуліцу — і тут, як па заказе, падкаціў абдрыпаны „Масквічок-пікапчык", вадзіцель якога даўно, мусіць, кінуў спадзявацца, што на ламачыне гэткай можна нешта падзарабіць. Я без праблем з ім дамовіўся, даўшы ўдвая болей, чым ён папрасіў. У яго знайшлася вяроўчына, мы прывязалі фікус, паклаўшы ў кузаўку, адкуль ён тырчаў, увесь не ўлазячы...
Можна было б і абразанне зрабіць.
Звязалі дзверцы кузаўка.
— Куды ты яго? — спытаў вадзіцель, значна меншы за фікус мужычок у кепцы-аэрадроме, якую за савецкім часам любілі насіць каўказцы, і ў якой ён выглядаў смешнавата, гэткім грыбком-чарнагаловікам.
— А куды-небудзь... Абы з рук збыць...
— Я так і падумаў, у мяне нюх на фікусы. Можна да мяне. Я на ўскраіне ў сваёй хаце жыву, у мяне гэтых фікусаў — адным болей, адным меней...
Прапанова была талковая, але фікус быў не мой.
— Фікус не мой.
— Дык забярэш, калі спатрэбіцца. Нават большы забярэш, ці два, у мяне гэтых фікусаў... Я табе адрас пакіну.
Вось што значыць даць болей, чым ад цябе чакаюць.
— Ты дахаты едзеш?
— Дахаты... Але вазон забраць не таму прапаную, каб лішні бензін не паліць. Проста і табе зручней, і фікусу лепей.
Хоць тут пашэнціла — куды з гэтым лесам?..
Я згадзіўся, што так і лепей, і зручней.
— Толькі фікус ты ў падворку колькі дзён патрымай....
Мужычок зарагатаў.
— А то я засцаны фікус адразу ў хату пацягну! Яны ў мяне летам усе ў падворку — трапічны лес!..
Калі выязджалі з двара, аднекуль амаль пад колы кінуўся, брэшучы, Дартаньян, але я ўжо не стаў спыняцца.