Партрэт прэзідэнта, той самы, які Лі-Лі прывозіла ў дом Амеда, вісеў над сцэнай Тэатра моды — Шыгуцкі параіў Лі-Лі яго павесіць. Ва ўсякім разе так Лі-Лі сказала — і нібыта Шыгуцкі і даў ёй партрэт наўмысна для гэтага. Загадзя, каб натхняў.
Гэта была дурасць, пад прэзідэнцкім партрэтам скакалі амаль голыя дзеўкі, тут яму было не месца, але ніхто не асмельваўся сказаць, што дурасць, што не месца — і партрэт завіс над сцэнай.
За дзень да „Шоу Лі-Лі” (а Лі-Лі сваё шоу без лішняй сарамлівасці так і назвала) прагледзець яго прыехала міністэрская камісія — як іначай, калі прэзідэнцкі паказ?.. Сцэнограф шоу, заікасты Эдзік Малей, паспрабаваў заікнуцца прад высокай камісіяй, што можна было б павесіць партрэт ад сцэны збоку, на сцяне, бо на сцэне і так процьма партрэтаў, усё шоу на іх змайстравана, а міністр культуры спытаў: „Вы хто такі, каб такія пытанні вырашаць?..” І Эдзік адзаікаўся, што ён, канечне, ніхто, сцэнограф.
Некалі ў Міністэрстве культуры, яшчэ ў савецкім, партрэт Купалы ў холе вешалі. Мы з Крабічам сталі выпадковымі сведкамі: зайшлі за песню грошы атрымаць, а ў холе натоўп — Купалу вешаюць. Усім міністэрствам. Па цэнтры не павесіць — акно ва ўсю сцяну, і можна толькі ці злева, ці справа. Міністр сказаў: „Справа. Злева сонца ўзыходзіць, якраз асвятляць будзе, гэта сімвалічна. І ўсе нармальныя людзі спачатка ўправа глядзяць, гэта натуральна”. Міністэрства ў адзін голас: „Справа!.. Сонца!.. Натуральна!.. Сімвалічна!..” Але ўсе паспяшаліся, міністр яшчэ мысліў. „Не, на сонцы выгараць будзе... І справа — намёк нейкі... Нацдэмаўшчына, не?..” І міністэрства хорам: „Выгараць... намёк... нацдэмаўшчына...” Толькі ўжо не так упэўнена, бо раптам міністр зноў перадумае, а той не перадумаў: „І пры пераходзе вуліцы ўсе спачатку налева глядзяць, прывыклі”.
Довад гэты ўсе астатнія пераважыў — Купалу павесілі злева па міністэрскай вуліцы. Крабіч енчыў у захапленні.
Калі я да Крабіча пасля Стэфы заскокваў, брата-міліцыянта спаткаў на вуліцы. Не такога п’янага, як Крабіч, але і не цвярозага. Ён сказаў, што знайшоўся чалавек на следчага Патапейку. Сябра ягоны, які не трываў канторскіх, бо праз іх з міліцыі вылецеў. І можа нешта прыдумаць...
Па размове з Феліксам я ўжо не ведаў, нашто мне патрэбны следчы Патапейка, але брат-міліцыянт стараўся, звёў нас — і мы сустрэліся ўтрох: я, Іван Ягоравіч Патапейка і ягоны сябар Пятро Зіноўевіч. Брат-міліцыянт абазначыў перад тым, колькі гэта павінна каштаваць. Грошы я сябру даў, той — Патапейку. Мусіць, палову, ды мне без розніцы.
І Пятро Зіноўевіч вось што „прыдумаў”.
— Ці вы, Раман Канстанцінавіч, ці Лідзія Паўлаўна, ці хто-небудзь няхай знойдзе ўсё ж пісталет... — нехта ж ведае, дзе ён?.. — і аддасць Івану Ягоравічу. Ну, не знаходзіўся, ды выпадкова знайшоўся. Бамжы пісталет апазнаюць, ён здаецца на экспертызу, а тая паказвае, што Ігар Львовіч забіты не з яго. Версія следства па вашай лініі, Раман Канстанцінавіч, рассыпаецца, збіраць яе зноў Іван Ягоравіч і спрабаваць не стане — і канторскім, Раман Канстанцінавіч, якія на яе толькі вас і чапляюць, клізма.
Яны проста забіралі ў мяне грошы. Палічыўшы лабуха за лоха. І Пятро Зіноўевіч, каб хоць неяк сваё адрабіць, з іменем па бацьку старанна і падкрэслена ўсіх персанажаў дзеі называў. Мяне назваў тройчы.
Я спытаў:
— А калі б пісталет адразу знайшоўся, экспертыза паказала б, што Рутнянскі не з яго забіты?
— Не абавязкова і нават наўрад ці, — пстрыкнуў пальцамі следчы Патапейка. — У нас зараз праблема са спецыялістамі. А так я буду шукаць іншы пісталет.
— У мяне?
Патапейка весела здзівіўся:
— Адкуль у вас столькі пісталетаў?.. — І паклаў мне руку на плячо. — Мы ж дамовіліся. Знаходзьце і прыносьце.
Я сказаў, што падумаю. Можа, і знайду.
І ўсё ж я насампраўдзе лох, а не лабух. З таго, што распавядаў Фелікс, бясспрэчна вынікала: пазбавіліся ад Рутнянскага канторскія. Сачылі. Можа, і не ў двары, а ў пад’ездзе, паверхам вышэй. Адтуль ёсць лаз на дах. Пачакалі, пакуль выйшлі бамжы, я, „прафесарша”. Самы момант... Толькі адзін эпізод разрываў дзею: як гэта нехта хуценька ўвайшоў — і адразу стаў мацаць за падкладкай футра? Хіба што нюх у іх на пісталеты?.. Чамусьці ў маім уяўленні страляць мог толькі гэты пісталет.
Калі ж, як па ўсім выходзіць, не гэты, тады як ён адразу аказаўся ў Лідзіі Паўлаўны?.. Ці яна ўбачыла забітага сына і так зледзянела, што футра апранула? Села плакаць над сынам і падкладку падшываць?..
Як бы там ні было — Лідзія Паўлаўна наткнулася на пісталет. І яна, як і я, падумала, што ён той самы. І што яго падкінулі, каб знайсці ў футры за падкладкай. Дык фіг знойдзеце ў Зоі ў сумачцы — так выходзіла...
Лідзія Паўлаўна з Масквы не вярнулася, Зоя прыехала адна. З тым самым, што было ў тэлеграме. Маўляў, Ігар Львовіч накінуўся, Лідзія Паўлаўна не магла болей трываць, а тут пісталет пад рукой — і яна ў адчаі, каб назаўсёды скончыць з жахам, у якім жыла, стрэліла. Тэатр, сапраўдная народная артыстка...Трэба зусім не ведаць Лідзію Паўлаўну, каб паверыць у такое.
Зоя нараніцы прыбегла да мяне з вакзала, а ў мяне — Зіначка. Так выйшла. Я ўсё не мог ніяк разабрацца з выдумкай Крабіча пра смерць дачкі... Як яму такое ў галаву ўзбрыло, чаму і нашто?.. Вырашыў Зіначку распытаць, заадно растлумачыць, чаму я з яе маці... Зіначка зацыклілася на гэтым. Яе закалаціла, калі я ў бальніцы з’явіўся. „Не падыходзьце!..” Засланілася нейкім куфэрачкам белым, які несла, і ў вачах — агіда! Рэдка на мяне гэтак, як на брыдоту, глядзелі — і каб я гэтак жа сябе пачуваў. Тут усё ў адно сыйшлося... Пачаў вінаваціцца, ледзьве ўгаварыў... А дзе размаўляць пра такое?.. Запрасіў да сябе, нічога іншага на ўвазе не маючы, а яна раптам, збялеўшы пад той куфэрачак: „Пайшлі! Мамку трахнулі, дык і мяне!..” Пасля нічога не было і быць не магло нічога, хоць Зіначка парог пераступіла і світарчык на галаву ўсцягнула, грудзі загаліла: „Ну, што? Як у мамкі?!. І ўсё астатняе паказаць?!.” Але яна так баранілася, ненавідзела мяне так, я абцягнуў світарчык, па адчайнай галаве пагладзіў: „Ты сябра майго дачка... прабач, не ведаў...” „Ніколі я дачкой не была яму, прыпыленаму! І мамцы цяпер не дачка!...” Я ўсё гладзіў па валасах: „Супакойся...” „Як вы маглі! Як вы ўсе маглі!..” Да слёз дайшло, пасля слёз яна паспакайнела трошкі, стала нешта чуць, можна было гаварыць... Так пакутліва і доўга я з дзецьмі сваімі не размаўляў — ні з Камілай, ні з Робертам. Сярод ночы Зіначка стамілася, апошні раз нервова ўсхліпнула — і раптам, седзячы ў крэсле, заснула. Імгненна, як дзіця. Я перанёс яе на ложак, лёг таксама. Мы проста пераначавалі разам, але Зоі ўраніцы я не стаў тлумачыць, што ўсё не так, як ёй здалося. І Зоя, перагаварыўшы са мной на кухні, пайшла, а Зіначка — не. І глянула, я заўважыў, услед Зоі пераможна. Пстрычка малая...
— Што Лі-Лі сказаць? — спытала Зоя, выходзячы. Яна не магла дапусціць, каб Зіначка і яе, і Лі-Лі перамагла. І правільна не дапускала. З Лі-Лі апошнім разам я амаль гэтак жа, як з Зіначкай, пераначаваў.
Ад Амеда Лі-Лі са мной не паехала: „Не хачу ў твой дом. Ва ўсякім разе зараз”. „А мне як быць?..” „Едзь, не едзь... Як хочаш..."
— Тут жывіце, — прапанаваў Амед. — Месца ўсім хопіць — і чым вам кепска?.. Мора, пальмы... І фікус свой.
— Фікус не наш, — прагаварылася Лі-Лі, якая не зусім яшчэ мяне кінула, і я зачапіўся за гэтае не наш, застаўся.
Павячэралі ў альтанцы — татарчык смачны аказаўся: не скажаш, што сырое мяса.
— Спецый, спецый не шкадаваць трэба, — аблізваў пальцы Амед. — Смак не ў мясе і не ў рыбе, а ў прыправах... І ў чалавеку так, бо сам ён сыры.
— Ува мне як са спецыямі? — спытала Лі-Лі, і Амед падняўся з кілішкам.
— Хоць аблізвай! Давайце вып’ем за Лі-Лі, на якую ўсе аблізваюцца!.. — І прыгразіў пальцам Серверу, які пацягнуўся да віна. — Дзеці не п’юць!..
— Аблізваюцца, — сказала жонка Амеда.
— Я дзіця, — выпіў соку і аблізаўся Фелікс. — Пашчасціла табе, Раман. — І Лі-Лі тут жа ўставіла:
— Не яму аднаму.
Яна нібыта жартавала, падвясельвалася — так гэта ўсе і зразумелі, апроч мяне. І яшчэ Фелікса, які, калі я падняўся, каб пайсці, мяне пераняў.
— Пачакай ты! Я ўжо сто гадоў не сядзеў вось так, каб проста пасядзець, калі яшчэ давядзецца?.. — І пачаў казаць да ўсіх. — Такога не ўявіць у Амерыцы... Наогул не ўявіць, каб недзе мне дапамаглі, як тут... Я шмат чаго прапусціў у жыцці. З таго, што ў свой час само даецца, а пасля не купіць, не вымаліць. Прамінуў людзей, з якімі мог быць блізкі... Цяпер нічога і нікога не вярнуць, але, каб можна было... Ды нельга. Толькі думаць трэба не пра тое, чаго ўжо нельга, а пра тое, што яшчэ можна... Іншыя ёсць у свеце людзі — дык хоць бы іх не прапусціць. Як раней прапускаў, калі цешыла мяне мая пантанасць, з якой бег да мэты, да якой? — з жыццём навыперадкі... Працаваць, дабівацца! — я шмат чаго ўмеў!- і што?.. Аказалася, я не ўмеў жыць. Не займеў нікога, з кім можна навучыцца, бо адзін не навучышся. І хачу, каб... — Фелікс на Лі-Лі глядзеў... — каб былі ў мяне вы...
— Тады вазьмі нас у Амерыку, — сказаў, не схільны да сантыментаў, Лупеха, асіметрычны, а дачка Амеда, найменшая, спытала:
— Ты амерыканскі сірата?..
— Вы чулі? — здзівілася яе маці. — А ніхто ж не казаў ёй ніколі, што ў свеце сіроты ёсць. Ёсць, мусіць, рэчы, пра якія яны самі адразу ведаюць... — І яна падала мне халат. — Можа, на сон пакупаецеся?..
Начаваць Фелікс пайшоў у флігель, вызваліўшы для мяне і Лі-Лі мансарду. Лі-Лі звыкла па пакручастай лесвіцы паднялася, не трымаючыся за поручань...
— Ведаеш, як я нявіннасць страціла? — знячэўку надумала расказаць, толькі мы ў ложак леглі, Лі-Лі. Ніяк не адказваючы на мае ласкі, яна і не працівілася, проста адсутнічала ў ласках. — У дзесятым класе дырэктар школы да сябе завёў. Маленькі такі, жыватасценькі. Я падумала: пара, школа канчаецца. Аднакласніцы ўсе даўно ператрахаліся, але ж не з дырэктарам... Таму пайшла, калі павёў. Папрасіла цыгарэту і, пакуль ён стараўся на мне, ляжала і паліла. Калі ўсё скончылася, адной цыгарэты хапіла, затушыла бычок аб дырэктара. У яго лысіна круглела на макаўцы — як попельніца. Ой і ўзвыў... Я дала сабе слова не паліць больш ніколі. І, бачыш, не палю...
Я гатовы быў аб яе бычок затушыць. Але не паліў.
— Ты згубіла мяне, Лі-Лі?.. Страціла?
— Калі ты расказваў, як страціў нявіннасць, ты мяне губляў?
— Ты сама расказаць прасіла!
— І сама расказаць захацела. Што з табой?
— Дзе ты была ўсе гэтыя дні?
— Ты пытаешся: з кім?..
— З кім?
Лі-Лі рэзка прыўстала.
— З дэпутатам! З дзяржсакратаром! З прэзідэнтам!
— Бычкі аб лысіну тушыла?
— Яны не ўсе лысыя!
— Лі-Лі!..
Я ўдарыў яе. З размаху па шчацэ.
Яна нібы чакала гэтага. Не здзівілася, не спалохалася, не ўскрыўдавала. Пацёрла шчаку і адвярнулася:
— Давай спаць.
Ад яе ашалець можна было.
— Як спаць?..
— Як усе. Ты хіба, як усе, спаць не ўмееш?
І ўсё разумей, як хочаш... Я павярнуў яе, яна сціскала твар абедзьвюма далонямі. Не плакала, але туманок у вачах плыў каштанава-вільготны.
— Ты ўжо не са мной, Лі-Лі?
— Я з табой. Дапамагаю...
— Каму?
Яна маўчала.
— Каму? Феліксу?
— І яму...
— І каму яшчэ?
— Сабе. Шоу раблю, хіба не ведаеш?
— Ведаю. І не разумею, чаму без мяне?..
Лі-Лі крутнулася на калені і замахала нада мной рукамі:
— Бо гэта маё шоу! Маё, а не тваё! І ўсё сваё я раблю і буду рабіць сама!
Я злавіў яе за рукі, прыцягнуў, прыціснуў плаўна-імклівае цела...
— Сама, сама... Знайдзі мяне, Лі-Лі...
Лі-Лі ўздыхнула і пачала мяне ціха-ціха, як не хочачы, шукаць... Грудзямі, жыватом, лабком... Не дашукаўшы, абмякла раптам і ціха-ціха на мне заснула. Так даверліва, што я ляжаў, баючыся зварухнуцца.
Рана-рана яна пабудзіла мяне і дала два запрашальныя білеты на шоу...
— Другі для каго?
— Для каго хочаш. Ці для Крабіча... Спі, я пабегла.
Яна пабегла... а перад тым, калі білеты мне давала, сумку з рук выпусціла, білеты — у канвертах — у сумцы былі і разам з усім, што ў сумцы было, выпалі, разляцеліся, і адзін канверт — не такі, як астатнія, меншы — за халат, які Амедава жонка для басейна прынесла, заляцеў, і Лі-Лі, зграбаючы ўсё ў сумку, за халатам яго не заўважыла, я і сам бы не заўважыў, каб не падумаў: не выйшла палятаць — чаму б не паплаваць?.. і падумаў, канверт той заўважыўшы, што ў тым канверце таксама білеты для некага, а ў ім — для мяне — я на фотаздымку ў абдымку з Феліксам.
На тым самым фотаздымку... у тых самых абдымках... з тым самым Феліксам...
Лі-Лі ўсіх запрасіла: Ніну, Марту з немцам, Камілу, Роберта, Зою з Максімам Аркадзьевічам, Росціка, Крабіча, Амеда з сям’ёй, Зіначку і Аліка, бамжоў... Усю нашу слаўную кампанію, апроч Дартаньяна з Максімам.
— Хэй, Марта! Як ты?
— Нармальна. А ты?
— Нармальна. Ты як, Роберт?
— Нармальна. Лі-Лі супер, праўда?
— Праўда. Як ты, Каміла?
— У мамы спытай.
— Пра што ў мяне пытацца? Я не так апранулася?..
— Ты найлепшая, — пацалаваўся з Нінай Росцік. — Правільна, што з ім развялася.
Росцік, які сам сябе на работу з бальніцы выпісаў, яго ў санаторый выпраўлялі далечвацца, з’явіўся пакрыўджаным і на мяне, і на Лі-Лі. На Лі-Лі — бо сваё шоу яна немаведама з кім, а не з намі зрабіла, на мяне — бо я для канцэрта пад выбары Красевіча пальцам не зварухнуў. З Красевічам і крыўдай Росцік і падышоў.
Я сказаў ім, што пра ўсё з Лі-Лі дамовіўся. Мы бярэм яе праграму, толькі партрэты мяняем, і пагналі — што яшчэ выдумляць?..
— О..! — узняў палец Красевіч, гледзячы на партрэт над сцэнай, а Росцік прамармытаў:
— Ты гэта на базары ў Бабруйску прадай...
Двое з нашай слаўнай кампаніі, Максім Аркадзьевіч і Алік, са мной наогул не размаўлялі. Хоць Аліку я ключы ад кватэры Рутнянскіх аддаў. Нібыта для таго, каб ён Дартаньяна выгульваў. Крабіч хацеў месцамі з Алікам памяняцца, каб з Зіначкай сесці, Алік ні ў якую...
— Што за шэршань? — спытаў Крабіч. — Замалы для Зіны.
Бацька мёртвых, бач ты, знайшоўся.
— Прэзідэнт Рэспублікі... — прагалёкаў знянацку, напалохаўшы залу, мардаварот ва ўваходных дзвярах, і па праходзе хутка, нібы гнаўся за ім нехта, прайшоў прэзідэнт. За ім ледзь паспявалі ахоўнікі і Шыгуцкі.
Зала ўстала, адзін Крабіч застаўся сядзець, а як толькі Эдзік Малей, які быў яшчэ і кампазітарам, жвавенька прабег да раяля і абвясціў: „Прэм’ера песні „Таварыш прэзідэнт!” — Крабіч падняўся і дэманстратыўна, тым жа праходам, па якім увайшоў прэзідэнт, падаўся вон. Шыгуцкі, прыабярнуўшыся, свідраваў ягоную спіну...
Эдзік Малей праспяваў сваю песню ў магільнай цішыні. Салаўём на полі бою, дзе загінулі героі. Такога эфекту ніхто не чакаў, міністр культуры ўціснуўся ў крэсла... І ўсе неадрыўна глядзелі на прэзідэнцкі партрэт...
Ён быў трынаццаты... На задніку сцэны — ва ўсю шырыню — стаялі яшчэ дванаццаць партрэтаў, жаночых. Копіі вядомых карцін, намаляваныя нібы на палавінках вокнаў ці дзвярэй. Палавінкі расхіналіся — і ў раме ўзнікала тая ж копія, толькі жывая: Лі-Лі ў вобразах і строях жанчын на карцінах. Для шоу ў Тэатры моды — не самая кепская прыдумка. Лі-Лі выходзіла з рамы, палавінкі зачыняліся — і ўсе не так слухалі песні, як параўноўвалі: наколькі Лі-Лі на тую карціну, з якой сыходзіла на сцэну, падобная...
Сярод копій розных карцін дзве былі аднолькавыя. Першая і апошняя. Гэта былі копіі адной-адзінай карціны, якая існавала для мяне ва ўсім жывапісе, пра якую я ўсё ведаў і ўсё расказаў Лі-Лі.
Як толькі яна сыйшла з гэтай карціны, я адчуў: нехта працягла, збоку на мяне глядзіць. Яшчэ не ўлавіўшы, хто, я ўжо здагадаўся: Марта.
Мы былі з канцэртамі ў Германіі. Не ў той, дзе Фелікс лекцыі чытаў, а ў той, дзе ў ціхім возеры ўтапілі Дзіна Рыда. У гэдээраўскай. Не перад бюргерамі за маркі, як хацелася б, выступалі, а ездзілі па гарнізонах, падымалі дух савецкіх войскаў. Каб partaigenosse Хонекэр мацней цалаваўся з partaigenosse Брэжневым. Я немку Марту ўзяў з сабой — дыхнуць паветрам гістарычнай радзімы. А там не прадыхнуць: канцэрт — п’янка, канцэрт — п’янка... Напіўшыся, вайскоўцы сакрэтныя жахі пачынаюць паказваць: фільмы пра „сатану", ракету „СС-20”. Яна, „сатана", ляціць нізка, па рэльефе — не збіць. „Мы тым немцам з амерыканцамі, бля!.. Тым немцам, не нашым..."
У Дрэздэне Марта не вытрывала: „Тут галерэя!"
Нам далі газік, савецкі джып, старлея за старшага машыны — паехалі. З прыгараду, дзе нас пасялілі ў доме Месершміта. Таго самага, які прыдумаў самалёт-знішчальнік свайго імя. На ягоным шырачэзным ложку пад Дрэздэнам, які ў час вайны нямецкія знішчальнікі не абаранілі ад ангельскіх бамбавозаў, мы з Мартай і ляталі... І яшчэ ў пустэльным пакоі, былым кабінеце ці былой гасцёўні — на більярдным стале з пацёрта-зялёным сукном.
Марта любіла жывапіс — і яе нервавала, раздражняла мая абсалютная жывапісная глухата. Ці слепата, як тут сказаць... У любым выпадку мяне трэба было лячыць.
"Ты ўяўляеш, што ўбачыш?.. Мадону!..Рафаэля!..” Марта чакала, што перад рафаэлявай Мадонай, пярлінаю з паўсотні шэдэўраў, якія, каб з самой сябе цешыцца, прыдумала Еўропа, мяне працяне — і я пранікну ў таямніцу фарбаў...
А галерэя аказалася зачыненай. І таблічка на дзвярах з непасрэднай нямецкай прастатой паведамляла, што зачынена еўрапейскае сховішча шэдэўраў на рамонт гэдээраўскай каналізацыі.
Гэтага дастаткова было, каб юная немка расплакалася. „Фройлен, толькі без слёз... — паспрабаваў разам са мной суцешыць Марту наш старшы машыны старлей, але яна не суцешвалася, хоць два гады ўжо была не фройлен, а фрау... — Айн мамент!” — сказаў тады старлей, узяў з газіка наша дарожнае піва, кансервы, некуды адбег — і вярнуўся з пажылым, падсівелым немцам, які правёў нас да службовага ўваходу. На ўваходзе немец, які па-руску размаўляў лепш за старлея, даў нам буклет з планам, па якім ісці далей да ўсіх шэдаўраў, і застаўся са старлеем піць піва, пакінуўшы мяне і Марту ўдваіх — адных на ўсю Дрэздэнскую галерэю...
Да пярліны галерэі веў даўжэзны калідор з анфіладамі, у адной з якіх Марта спынілася: „Падыдзі адзін, каб я не замінала”. Марта хацела, каб я спаткаўся з Мадонай сам-на-сам. Яна трымцела ўся, кулачкі на грудзях сціснула, шаптала нешта ўслед, як малілася...
Перад жанчынаю ў аблоках з дзіцём на руках прастаяў я з паўгадзіны... Прыкладна столькі, меркаваў, трэба прастаяць, каб Марта не кінула мяне, як дэбіла. Таму ўважліва ўзіраўся і ў Мадону, і ў Сына яе, і ў святога Сікста са святой Варварай... Але адзінае, што ўбачыў я на арыгінале еўрапейскага шэдэўра, гэта тое, чаго не разгледзець было на размытых нашых савецкіх рэпрадукцыях: у аблоках над Мадонай — тварыкі анёльчыкаў...
І ўсё.
Я вярнуўся да анфілады, у якой чакала Марта, дзе знясілена прысеў на аксамітавы зэдлік, нібы калені ў мяне падгіналіся ад толькі што перажытага катарсісу. Марта кіўнула — стрымана, але пераможна — і пайшла калідорам між анфіладамі. Божа мой, як яна ішла!.. Спіна яе, стрункай выцягнуўшыся, спявала, лёгкі пошум крылаў анёльскіх чуўся за ёю. І гэта мая, сама ў сабе прыхаваная, немачка?.. Тое акрыленае імгненне падарыла мне Марту, як нанава, і я ледзь не кляўся Бог ведае каму, што не згублю яе ні за што і ніколі, не дазволю сабе згубіць...
Адвярнуўшыся, каб не замінаць Марце, як не хацела яна замінаць мне, я слізнуў позіркам па карцінах у анфіладзе — і на ўсіх была Марта са спіны... і раптам на адной карціне Марта павярнулася мне насустрач... не зусім насустрач, але трошкі больш, чым у профіль... нібы міма праходзячы... крок яшчэ ступіла і застыла ў белым фартуху і чэпчыку, у сукенцы з залацістым гарсажам, з падносам у руках, з кубкам на сподачку і шклянкай вады на падносе. Я паспеў пачуць, пакуль Марта, павярнуўшыся і міма праходзячы, не застыла і стала не Мартай, як дзвынькнула на сподку, падаючы, лыжачка...
"Шакаладніца” называлася карціна, на якой празрыста, срэбрана дзвынькнула лыжачка...
Гэтага, канечне, быць не магло, бо не было на сподку лыжачкі і нікуды яна не падала — і я не ведаю, як пачуў карціну. У яе вузкай, нібы з прыадчыненых дзвярэй падгледзенай, прасторы, у калідоры перад пакоем... не, ужо ў пакоі, дзе быў нехта нябачны, да каго ўвайшла і, нечага чакаючы, сарамліва застыла... не, прытворна засаромелася шакаладніца, ціха ўсплывала музыка. Я ўспомніць паспрабаваў, чыя?.. — але не ўспомніў і здагадаўся раптам, што нічыя, нікім не напісаная. Музыка самой карціны: шакаладніцы і некага нябачнага, хто ў карціне быў па-за рамай, каму прынесла кубак гарачага шакаладу ў ложак прытворна-сарамлівая спакусніца — і хто незаўважна ставаў мной...
Як роўненька трымалася спінка ў гарсажы — і як выгіналася ад таліі, акруглялася пад цьмяна-серабрыстай, крыху прыкамечанай спадніцай попка шакаладніцы! І якой гарэзлівай мышкай выглядвала з-пад спадніцы ножка ў шэрым туфліку!..
Я зняў туфлік... другі... Сарамлівіца, апусціўшы вочы, пакорліва прыпадымала ножкі. Асцярожна, стараючыся не разліць гарачы шакалад. Пашорхваў накрухмалены фартух — ціхая, як з-за заслоны, музыка...
Прыабняўшы сарамлівіцу, я павёў яе за заслону. За раму карціны — туды, куда яна несла мне шакалад.
Замінаў, збіваючы з мелодыі, паднос, які не было на што паставіць — і я не мог прыдумаць, дзе яго падзець. Часта не спраўляешся з найпрасцейшым.
Шакаладніца паставіла паднос на падаконнік. Самога вакна нібы не было, але яно адбівалася ў шклянцы з вадой, і я толькі зараз убачыў, што яно ёсць. І ўсё белае на шакаладніцы стала яшчэ бялейшым.
Я не стаў яе распранаць, падняў і апусціў, бязважка-лёгкую, на ложак... У блішчаста-снежным фартуху, у празрыстай касынцы і светлым чэпчыку шакаладніца патанула ва ўзбіта-белых пярынах, як пена ў пене. Залаціўся і напята, высока звінеў ненапісанай музыкай сонечны прамень на гарсажы яе сукенкі.
Асцярожна нырнуўшы, слізнуўшы ў тую пену, я плыў у ёй невядома колькі... Месцамі яна была прахалодная, як вада ў шклянцы, месцамі гарачая, як у кубку шакалад. Я не шукаў у ёй губ, грудзей, клубоў, вагіны шакаладніцы, я купаўся ў ёй ва ўсёй — і ўсё само мяне знаходзіла. Я ў ёй плыў, плыў і плыў, быў, быў і быў, як у юначых сваіх сексуальных фантазіях, — і ледзь здолеў вынырнуць і падняцца, калі падышла Марта: у мяне падгіналіся калені.
І вось яшчэ што: калі падышла Марта, калі я вынырваў — вынырнуў і ўбачыў на карціне толькі туфелькі шакаладніцы. На нейкае імгненне — толькі туфелькі на падлозе каля белай сцяны.
Шакаладніца хуценька вярнулася, ускочыла ў туфелькі, як і не было нічога, але цьмяна-срабрыстая спадніца яе была болей, болей прыкамечаная...
Я паглядзеў на Марту — ці заўважыла? — яна сказала: „Гэта таксама шэдэўр... Але не Мадона. Ліатар — не Рафаэль”.
Не разбіраючыся ў жывапісе, я не запярэчыў.
Мы выйшлі з галерыі, узяўшыся за рукі, абое шчаслівыя... За нас радаваліся і дзяліліся з намі півам немец і старлей. Марта гаварыла і гаварыла пра Мадону, я нічога не сказаў ёй пра шакаладніцу. Маючы вопыт з Нінай, якой расказаў пра Анну Вазвышэнскую.
У Берліне, ужо перад ад’ездам, я купіў копію „Шакаладніцы”.Такую, што немцы на мытні правяралі, ці не арыгінал. Магло быць... Пасяліў шакаладніцу ў сваім пакоі — і дарма. І нікім не напісаная музыка больш не гучала, і Марта развялася са мной.
Шакаладніца дачакалася Лі-Лі, якая прыдумала Амілю. І прывяла мяне да Амілі на могілкі...
Аміля ўзнікла з шакаладніцы, яна была нібыта нашай з шакаладніцай дачкой... Народжанай з пены і падобнай на яе... Партрэта Амілі Лі-Лі не магла знайсці, яго проста не было, помнік з могілкаў сцягнулі, таму, мусібыць, на сцэне з’явіліся дзве шакаладніцы...
А шакаладніцу звалі Нандль. Імя амаль немагчымае, неверагоднае, як восьмая нота ў гаме, але так шакаладніцу звалі. Яе імя я дазнаўся, чытаючы пра Эцьена Ліатара, якому пазіравала Нандль для „Шакаладніцы”. Нандль Бальдауф — з прозвішчам наогул не прагаворыш. Камерыстка эрцгерцагіні пры двары каралевы Марыі Тэрэзіі.
Двор каралевы распуснічаў і баляваў... Камерыстка Нандль Бальдауф была ва ўсім лёгкай ведзьмай з выглядам анёла — і ніхто яе, як Папялушку, на баль не клікаў. Але яна прыдумала, як прынцэсай стаць, калі прынц пры двары туляецца. Праз партрэт Ліатара прываражыла прынца, як засведчылі сучаснікі.
Толькі што сучаснікі — хоць тыя, хоць нашы?.. Што яны засведчаць пра Лі-Лі, якая прыдумала, для чаго над сцэнай прэзідэнцкаму партрэту вісець?.. Партрэт, падвешаны на блоках, пад фінал шоу апусцілі — і Лі-Лі ў касцюме шакаладніцы падбегла да прэзідэнта з фламайстрам: „Надпішыце пажаданні!..” Той надпісаў і ўшчыкнуў Лі-Лі за бачок. Крыху ніжэй таліі. Ах ты, маўляў, гарэзніца... Народны прэзідэнт — зала захлынулася ў воплесках.
Сказаўшы нешта Шыгуцкаму, прэзідэнт пайшоў пад воплескі... Ягоны шчыпок за бачок стаўся найлепшым нумарам шоу.
Лі-Лі пырхнула за кулісы, следам шмыгнуў Шыгуцкі...
У буфеце, дзе накрылі некалькі столікаў, каб адзначыць прэм’еру, мы ўсёй нашай слаўнай кампаніяй сталі Лі-Лі чакаць.
Усе глядзелі неяк міма ўсіх...
— Феерверк, а не шоу!.. — апошнім далучыўся да кампаніі, прыцягнуўшы ахапак кветак, Амед. А Максім Аркадзьевіч сказаў:
— Феерверк кітайцы прыдумалі.
Марта падышла да мяне:
— Табе не шкада ўсё нашае раздаваць?..
Шакаладніца не была нашай. Марта, мусіць, забылася, што нашае ў кожнага з нас было сваім.
— Я тут не пры чым.
— Зусім?..
Марта не дапускала, што шоу рабілася зусім без мяне. Яно і праўда не зусім без мяне, калі з шакаладніцай...
— Не скакаць жа кардэбалету з Мадонай.
Ніна спытала:
— А чаму дзве шакаладніцы?
— Бо ў кожным з нас некага два і некага дзве, — незразумела прагаварыла Каміла, але Ніна нібы зразумела:
— А... Тады чаму ўсіх не па дзве?
— Асабліва ню магло быць болей, — падтрымаў яе Роберт. — Дарма Лі-Лі ў купальніку скапіравалася... Мадэльяні ў купальніках хіба маляваў?
— У купальніку — савецкі стыль.
Гэта нечакана пракінуў асіметрычны, а фікусалюб дадаў:
— І яшчэ з ручніком на плячы, каб відаць было, што ці ідзе купацца, ці купалася.
Яны не заўсёды былі бамжамі. Лічыліся некалі навуковымі супрацоўнікамі. І ў касцюмах, якія Амед ім купіў, выглядалі не горш за немца.
— Лі-Лі не савецкая.
Роберт не савецкую Лі-Лі хацеў не ў купальніку, а голай убачыць — хоць гэта цешыла. Бо на пару з Лі-Лі не савецкі Поль таксама амаль галяком па сцэне разгульваў.
— Сучасны стыль, — не прамаўчаў і маўклівы немец. — Можна ў Еўропе паказваць.
Росцік прабурчаў:
— Мы і глядзелі ў Еўропе... А то дзе?
Нешта ў яго з галавой сталася ад прабоіны Крабіча... Да таго ж Росцік не любіў немцаў, і быў раздражнёны, што Лі-Лі абыйшлася без нас... Да таго ж без нас і абыйсціся можа.
Немец нібы не пачуў Росціка.
— Толькі без партрэта прэзідэнта.
— Вы што! — расшырыла вочы Каміла. — Гэта ж самая фенька!..
— У нас старшыня калгаса двойчы Героя меў, яму помнік на сялібе паставілі, — не для мяне ўспомніў Алік. — Дзіўна так: ідзеш, а ён сам-жывы каля свайго помніка. І яшчэ кветкі ўскладае...
— Выдумляеш пра кветкі, — не паверыла Зіначка.
— Не... — пачырванеў Алік, бо пра кветкі, відаць, выдумляў.
— Аднак дзе ж наша гераіня? — схамянуўся нарэшце Максім Аркадзьевіч, якому б даўно пра гэта спытацца. І Зоя ўсміхнулася скрозь мяне:
— Так і кветкі завянуць.
— Мае не завянуць, — сказаў Амед. — Не галандскія.
Заўчора з новым пашпартам Амед выправіў Фелікса ў Кіеў. Той вырашыў выбірацца праз Украіну. Амед ледзьве ўламаў яго паехаць: Фелікс хацеў да ад’езда шоу Лі-Лі паглядзець. Загрыміравацца, бараду прыклеіць... Зусім ачмурэў. Лі-Лі стварае наўкол сябе зону ачмурэння.
Я пытаўся ў Лі-Лі пра Фелікса: „Як ты думаеш, чаму ён прыехаў?” — і Лі-Лі сказала: „Ты ўжо забыўся, што ёсць такая рэч, як прыстойнасць”.
Калі ёсць, дык дзе яна?.. Фелікс звёз?
Ужо ўсе ў нашай кампаніі, апроч дзяцей і Ніны, ніякавата разумелі, што чакаць няма каго і можна разыходзіцца, але не разыходзіліся... Ніна — святая душа, нашто толькі я з ёй развёўся? — паслала па Лі-Лі Камілу... Тая вярнулася з Полем.
— А дзе Лі-Лі? — спытаў Поль. — Я шукаю, шукаю...
Засранец.
— Давайце за Поля вып’ем, — прапанаваў Роберт. — Ты супер, Поль!
Выпілі за Поля... Той мне ўсміхнуўся, прыкрыўшыся пушыстымі вейкамі:
— Як вам ваша „My insomnia, my sleeplessness?..” Я ж казаў, што я не анёл, а д’ябал, а вы не верылі.
Дуэтам з Лі-Лі ў купальніку Поль праспяваў песню, падлізаную мной у Джагера, у касцюме д’ябла... У якога не бяссонніца, а проста ён ніколі не спіць. Зманьвае і спакушае... Агаляе ўсё, як ёсць.
Песня прайшла пад авацыі.
— Гэта не мая песня.
І я з нейкім педзікам малым яшчэ размаўляю...
— Твая лепшая, — пашкадаваў мяне Роберт.
— Лебядзіная, — не пашкадавала Каміла. — Лі-Лі пайшла, вахцёр сказаў. Так што ўсе вольныя.
— Як пайшла? — не зразумела Ніна. — А мы?..
Мы з Нінай сына хацелі... І калі б Каміла ў нас сынам, а не дачкой нарадзілася, дык усё было б інакш. Сын з Лі-Лі мяне б не пазнаёміў.
— А мы за Лі-Лі вып’ем!.. — паспрабаваў зрабіць выгляд, нібы нічога такога не сталася, Амед. І ўскінуў пад столь ахапак кветак. — Каб жыццё кветкамі засыпала!..
Засыпаныя кветкамі, выпілі за Лі-Лі без яе... Калі разыходзіліся, Зоя паглядзела на мяне пераможна.
— Пайшлі... — прапанаваў на вуліцы Росцік. — Крабіча можам паклікаць... Набярэмся ўтрох, як некалі.
— У цябе ж галава...
— Няма ў нас галоў, — сказаў Росцік. — Задніцы ў нас, за якія баімся.
Мы ўжо залезлі задніцамі ў таксі, калі падбег Амед:
— Раман Канстанцінавіч!..
Я вылез...
— Не сказаў раней, каб не збіваць з настрою... І Лі-Лі не казаць прасіла...
— Кажы, не саб’еш...
— Фелікс Андрэевіч прапаў.
Яшчэ і гэта да ўсяго.
— Ён жа ў Кіеў паехаў...
— Не даехаў. Тут я праводзіў, там мае людзі сустракаць прыйшлі, а яго няма ў вагоне. Па дарозе арыштавалі, думаю...
Ну а мне, лабуху, што думаць?.. Калі Лі-Лі не казаць прасіла і з Шыгуцкім з’ехала, а перад тым — у сумцы ў яе фотаздымак, на якім я ў абдымку з Феліксам...