Вынаходцы вятроў

Кніга лірыкі

Някляеў Уладзімір


Станцыя выратавання

***
Людміле

Уступаю ў пару лістапада.
Дай руку.
Аціхае зялёная музыка звадаў,
Пад якую скакаў я,
Як цэп на таку.

Прадчуваннямі сэрца зайшлося.
Падрыхтоўваю споведзь лясам.
Вось збылося...
Што збылося — не ведаю сам.

Выпраўляе нас лета,
Выпраўляе — назад не чакае...

Ведай, любая, ведай:
Немінуча кахаю.

Дай руку, хай спаткаюцца
Акіяны пяшчоты і млосці...
Маладосць прадаўжаецца
Успамінамі аб маладосці.

Гэтай сумнай высновы
У наступныя дні
не бяры.

Недзе цень мой сасновы
Шчэ шуміць у бары.

Недзе твой, тапаліны,
Атуляе чаромху і бэз...
Можна жыць з успамінамі.
Можна без.

Ранак наш — верагоднасць...
Непазбыўна планету цяжарыць
Непарыўная роднасць
Пладоў і пажараў.

Ты абрана прыродай,
Яна табе права дае
Таямніцай валодаць —
I не знаць пра яе.

Спачуваць?..
Ці зайздросціць?..
Твайго болю збаўлення
Не ўспомню!
Маладзік маладосці
Акругляецца ў поўню.

I прыходзіць гадзіна
Не збіраць і раскідваць каменні,
А прад любай, адзінай
Стаяць на каленях.

Праз яе парадніцца
3 кожным дрэвам. вадою. травою...

Дай руку,
Дай мне зноўку з'явіцца ўратаваным табою...




***

Сцішэла.
3 велічных вышынь
Сышлі хмарыны снегавыя.
Што мы з табою?.. Як ні кінь —
Дзве лініі берагавыя.

Над стромамі ракі ў снягах
Здаецца: берагі самкнёны.
Нашто ж (для самаабароны?)
Лязо расколінкі ў вачах?

О лістабой! Грымі трубой!
Не дай на свет зірнуць цвяроза.
Сцішэе — і чуваць пагроза
Жаданай еднасці людской...

Я зводаў, шлях прайшоўшы свой
Расчараванняў цёмнай пушчай:
Дабро — абняць рукой сляпой,
Бяда — караць рукой відушчай.

І я люляю на плячы
Твае далоні дарагія,
Каб хоць на ноч (маўчы... маўчы...)
Лязо расколінкі (маўчы...)
Упала кладачкай (маўчы...)
На лініі берагавыя.




Станцыя выратавання

1

Ляцяць аблокі ў вырай тайны.
Бары над Нёманам маўчаць.
На станцыі выратавання
Матросы спяць.

Матросы спяць магутна, весела;
На сон
прыняўшы на траіх,—
Матросы спяць, як ходзяць з песнямі
Ў страі.

Матросы спяць. Ім сны не сняцца.
Не пераплыць праз Нёман снам.
I калі трэба ратавацца —
Ратуйся сам.

2

Гісторый
вострых і салоненькіх
Здаралася ў жыцці нямала...
Было: хапаўся за саломінку —
Трымала.

...На плёсах лёс гу.тяе з ломікам.
Матросы спяць і сноў не бачаць.
I круціцца ў віры саломінка
Маёй удачы.

3

Як рукі нашыя сашчэплены!
Нібы замкі.
Салодка адчуваю
шчэлепы
I плаўнікі.

Ад усяго і ўсіх свабодныя,
Імкліва, коса
Плывём, на сон ракі падобныя,
У сны матросаў.

Нас хвалі выкінуць на ранні,
Як рыб, па бераг...

На станцыі выратавання
Не рыпнуць дзверы.




***

Аднавяскоўцы мае.
Аднавякоўцы мае.

Сёлета ніва ўрадзіла.
3 чаркаю бацька ўстае.
Вечар... Сузор'і... Радзіма...
Аднавяскоўцы мае.

Бохан чарнее прыгаркам.
Голад чарнее нічым.
Вып'ем паднятую чарку,
Пусцім па кругу цыгарку
I памаўчым.

Цесна ў бацькоўскае хаце.
Ды ў цеснаце — не ў бядзе.
— Суньцеся, дзядзька Ігнаце!
Цётка Данута ідзе.

Лава дугою прагнута.
Чар-
кі
ляцяць са стала.
- Мо заспяваеш, Данута?..
I павяла, павяла...

«Ой аддалі маладую
На чужую старану...
Ой, бяду я адбядую,
Ой, зіму я адзімую,
Ой, жыццё я аджыву...»

— Сумна спяваеце, бабы.
Дзс там гармонік? А ну!..
Бабы ўспрацівяцца слаба:
— Зноў мужыкі пра вайну...

Сыплецца позняя квецень.
Позна гармонік пяе.
Песні...
Жыццё...
Ліхалецце...
Аднавякоўцы мае.




Аблачынка

Дзесьці ў Крэве, на высокіх могілках,
У буянні руты і гарквы,
У зямлі змаганай, ды не зможанай,
Дзед з бабуляй — тварам да царквы.

Іх жыццё падманамі і звадамі
Праплыло, як месяц па вадзе.
I ляжаць Іван з Алімпіядаю...
Дзе іх душы? Невядома дзе.

У хмурынках тых вунь?.. У тумане?..
На губе крывінку прыкушу...
Як твая душа, мой дзед Іване?
Ці знайшла Алімпіну душу?

Не збалела, крылы не намуліла
Над царквой маўкліваю кружыць?..

Вымытай хусцінкаю бабулінай
Аблачынка сохне на крыжы.




***

Туды адгэтуль не дабрацца.
О г д э н Н э ш

Загаманілі, загрукалі колы
Спадам трывожным...
Што замаркоціўся, што невясёлы,
Мой спадарожнік?

Як пакідаеш, каго пакідаеш,
Сябра, дзяўчыну?
Суму свайго не дазваляеш
Ведаць прычыну.

Мусіць, абодвум нам сёння не трэба
Слёзнай спагады.
Кружыць за вокнамі нізкае неба
Колеру здрады.

Рвецца цягнік з-пад яго, падмінае
Вёрсты за вёрстамі.
Там праяснее... Там нас чакае
Добрае. Простае.

Толькі вось памяці шлях — адваротны,
Даўняя справа.
Гэтак паўзе скатаваны, гаротны
Трус да удава.

Гэтак забойцу да месца злачынства
Цягне няўмольна...
Мой спадарожнік! Наперадзе чыста!
Светла! Прывольна!

Мой спадарожнік, мы не галернікі,
Не прыкаваны!
Нашы надзеі, нашы амерыкі
Не адкрываны.

Будзе жыццё з карагодам і танцамі,
3 песнямі ў згодзе!..
Гэта яшчэ не апошняя станцыя,
Што ж ты выходзіш?!

Што ты ў акенца зачыненай касы
Ціснеш рублёўку?..
Бліснуў сустрэчны, як з-пад абцаса
Падкоўка.

Туга хіснуў на слупах правады
Вецер імклівы...
Нехта спяшаецца, рвецца туды,
Адкуль уцяклі мы...




***

Бывае боль гаючы,
Як траў карані...
Крані мяне балюча,
Пякуча крані.

Пра лёс гадаць
не трэба,
Чаму збывацца — збыцца...
Крані мяне, як неба
Кранае бліскавіца.

Дарую ўсё, удзячны,
Што ноччу балявой
Згарэў я —
і гарачы
Хоць попел мой.




Намаганне

Прабіцца раптам з цемры да святла, -
Як матылю да лямпы, як вадзіцы
Прабіцца з-пад камлёў і стаць крыніцай,
Што нёманскім вытокам кроў дала,

Прабіцца, як травінцы скрозь каменне,
Як караням да сокаў скрозь жарству, -
Ад несвядомасці
Да разумення
I выдыхнуць шчаслівае:
«Жыву!»




Вынаходцы вятроў

Рыгору Барадуліну

Вынаходцы вятроў!
Міжсусветныя стаеры!
Вы на гонцы вякоў
На які век паставілі?

Калі вам — або мне —
У кнігарні ці ў булачнай
Хцівы смоўж шаптане:
«Стаў на будучы...», -

Да спакусных высноў
Не скраніцеся душамі.
Вынаходцам вятроў
I ў сучасным не душна.

Душна тым, хто як цень
Быць пры Сонцах прыручаны.

Кожны ветравы дзень —
Ваша будучае.

Покуль раю рабы
Мрояць светлыя далі,
Цяжка гніце гарбы,
Каб вятры не змаўкалі.




Сола на саксафоне

Отта Наважылаву

Гаворыць сябар мой:
— Разбагацею
I саксафон куплю, і буду граць
У рэстаране.
Ты сабе таксама
Купі тады якую-небудзь дудку,
Ці бубен, ці гармонік —
I прыходзь.
Мы будзем граць для выпівох вясёлых,
Якім пляваць на тое, як мы граем
I што мы граем, і таму ўвесь вечар
Мы зможам граць не ім, а для сябе,
I гэта іх ніколькі не пакрыўдзіць...

Так ён гаворыць мне, мой добры сябар,
I я ўжо бачу сябра з саксафонам,
Падобным на слановы белы бівень, -
Нібыта ён ляціць на дыску цырка,
Дзе крыкне дрэсіроўшчык:
«Гоп-ля-ля!» —
I сумны слон уздыме ўверх свой хобат,
Падобны на прырослы саксафон,
I весела ў яго затрубіць
Песню:

«Граў на трубе у цырку сумны слон,
А ён хацеў бы граць на саксафоне,
Ён і сягоння той жа бачыў сон,
Нібы нарэшце граў на саксафоне.
Ды крыкнуў дрэсіроўшчык: гоп-ля-ля!
I слон трубою весела зайшоўся.
Была труба заўсёды — гоп-ля-ля! —
А саксафон ні разу не знайшоўся.
I пад апладысменты сумны слон
I прысядаў, і кленчыў у паклоне,
I хіба хто падумаць мог, што ён
Хацеў бы граць на саксафоне...»

— Дык што,— пытае сябар,— купіш дудку?
I я ківаю галавой: куплю...
Я ведаю, што заўтра зноў мой сябар
Пацягне, быццам вол, сваю работу,
А сёння
Хай гарыць яна агнём...
Бо сёння мы сустрэліся, каб выпіць
Віна кілішак і крыху памарыць:
Ён купіць саксафон, а я дуду —
I будзем разам граць у рэстаране.




***

Залатая зала тая
Залачае папацёмку,
Як скарбонка залатая,
Поўная тваіх пярсцёнкаў.

Ты на сцэне — б'юць у ладкі,
I кідаюць кветкі з ложаў,
I між намі змыты кладкі,
Спалены масточкі...
Божа!
Колькі згублена скарбонак,
Колькі кветак не пасеяна!
I адзіны твой пярсцёнак
Падае на дно басейна...

Шчэ журбець табе аб страчаным.
А пакуль ка мне, на пальчыках,
Ты ідзеш, дзіця русалчына,
Ад людзей — адзін купальнічак.




Горад

1

Сумую па табе, мой горад.
Як ні напоўнена душа
Палёў прасторам, шумам лесу
I плёскатам крыніц і рэчак,—
Сумую па табе, каменным.

Гады глыбеюць. Не злучыць
Карэнні з вершалінай стромай,
Якую толькі ледзь хістае
Вяртанняў нашых нізкі вецер.

2

Пагоркамі, дзе грае рэха,
Працяглым звонам касавіцы
Працуе ліпень... На вазах
Плывуць зялёныя аблокі.

3 дарогі падыму травінку —
I загарчыць на вуснах лета,
I пошук страчанага часу
Патрэбным здасца і дарэмным.

Дзяўчо на возе засмяецца
I кіне недаспелы яблык,
Які ўпадзе, як узарвецца,
У босы след майго маленства,
У пыл гарачай каляіны.

3

У горад мой, да сцен каменных,
Вяртаюся з палёў і рэчак,
Святлее ўсход паловай сонца,
Мінулым і наступным днём,

I час, які не захаваць,
Не зберагчы ў сабе навечна,
Сухой травінкай касавіцы
Шапоча пад чаравіком.




Паўднёвая Поўнач

А ў час гэты зоркавы
Дарогай спатканняў
бязлітасна позніх
Прайшла, затуманіла зрок мой
Паўднёвая Поўнач.
3 ранніх вершаў

У асцярогу хутацца.
Лаяцца сыта.
О, забароненай хуткасці
Смак пазабыты!

Навошта, нібыта ў сподачку
Рыбка пад марынадам,
Ты прыплываеш з Поўначы?
Страўнік мой радаваць?

Курортны гастрытык
Пад гэту закуску
кіліх налівае
Не поўны.
Вясёлы і спрытны —
Я спёкся...
Разыдземся,

Поўнач!

Усе твае белыя гамы
Я граю на памяць!
Што ж горача, як пад нагамі
Тарфянікі паляць...

Гуляю на Поўдні,—
А ў небе, як краб у палонцы,
Высушвае промні
Тваё зледзянелае сонца,

I поўня
на воблака ўскрайку
Святлее над ночы мазутам
Так, быццам
у ноч гэту ўкраўся
Твой, Поўнач, лазутчык.

Між намі прастора,
Якой на краіну хапае.
А цёплае Чорнае мора
Раптоўна сцюдзёнай запеніцца хваляй.

А сыдуцца хмары —
I градзіны скачуць на пляжах.
Якую ахвяру
Яшчэ патрабуеш,
не скажаш?

Прынцэса ў карунках,
Злічы мае страты і згубы,
Твае пацалункі
Навек апалілі мне губы.

Кахала сурова,
А сэрца забрала
палову.
Ці так ганарова,
Што я твой палонны?

Разыдземся, Поўнач!
Туга невыносная поўніць.
Што трэба мне помніць —
Я помню:
...На спідометры стрэлка гакала,
Калі з поўнай калодай тузоў
Я ляцеў у расхрыстаным "газіку"
Не кранаючы тармазоў...




Аюдаг

Нашто халодныя сумненні?
Я веру: быў тут грозны храм...
П у ш кі н

На плячы тваім воблакі плачуць,
Аюдаг, святая гара...
Грымне гром — гэта таўры, няйначай,
Ля ахвярнага кружаць кастра,
Б'юць у бубны, вятрамі напятыя...

Ні кала тут цяпер, ні двара.
Што хаваеш, дзікунства ці антыку,
Аюдаг, святая гара?..
Адкажы мне:
Твая таямніца
Па Таўрыдзе, ад сонца рабой,
Праляціць залатой калясніцай,
Пракульгае разбітай арбой?
Адкажы:
Штармавыя напевы,
Што страсалі абвалы ў гарах,
Неслі прах са свяцілішча Дзевы
Ці шаманскага котлішча прах?
Адкажы мне...

Ніводнага водгуку.
Б'е сумненняў халодны прыбой.
I праносіцца прывід у воблаках —
3 кучараваю галавой.




Перавал

Стрэч бясхмарных не зычу.
Пахілю галаву —
I бядою паклічу,
I слязой пазаву.
Сярод прорваў і скал
За вялікую плату
Я набыў перавал,
Дзе не сорамна плакаць.
Падымайся сюды
Слухаць клёкат арліны,
Паглядзець, як гады
Застываюць лавінай.
Ад няпэўнага покладу
Млосных жаданняў
Падымайся на покліч
Вышыні і кахання.
Падымайся пад хмары,
Што грамамі равуць.
Не жалобнай ахвярай,
А паплечніцай будзь.
Над абрывам адчаю,
Над безданню болю
Я цябе прысвячаю
Палёту і бою,
Каб да рэшты спазнаць,
Што я страчваў памалу...
Перавал адстаяць.
Не сысці з перавалу.




Галубіная пошта

Блакіт галубіных палётаў.
Сінеча настыглай вады.
Адчынены ў восень вароты.
Засыпаны ў лета сляды.

Іржышчам, па колішнім жыце,
Бяжыць басанож дзетвара...
I ўсё-ткі: хто знае — скажыце,
Якая ў сусвеце пара?

Скажыце: куды і навошта —
Над пожняй, над полем пустым
Гадоў галубіная пошта
Нясе расцярэблены дым?..




Мост Шандара Пецёфі

Паэт не той, хто вершы піша, не.
Каб так было — усе былі б паэты.
Паэт сябе стварае, як камета
След самагубны,—
Самагубнасць гэта
Сапраўднага паэта
Не міне.
Яна адна правы яму дае
Сумленнем быць і праўдаю народа.
Паэт не той, хто апяе свабоду,
А той, хто ў бітве згіне за яе.
3 такою доляй ці пашчасціць мне?..
Вадой маўклівай, часам замучонай,
Плыве Дунай — і раптам уздыхне
То хваляю зялёнай, то чырвонай.
Яго дыханне запаўняе Пешт
I заціхае ў вузкіх вулках Буды...
Не страшна думаць мне, што ў рэшце рэшт
Заціхну я...
закончуся...
не буду...
Што не бясконцы дзён маіх сувой...
Мне страшна не счакаць хвіліну тую,
Калі, сарваўшы ў сечы голас свой,
Паэты шчодра плацяць —
Галавой —
За слова, што нічога не каштуе!
Мне гэткай платы будзе не шкада,
Хай толькі лёс прыняць яе захоча...
Пецёфі мост пагрозліва ракоча.
Цямней за ноч дунайская вада.




Скрыпка Маціуша

Іграй нам, Маціуш, іграй.
Не так, як заплацілі грошы,
А так, як ветрам ліст палошча,
Шпачыных спеваў поўны, гай,

Над качарэжкамі галоў,
Над гаманой коснаязыкай —
Не трэба нам вялікіх слоў,
Даволі музыкі вялікай.

Іграй нам, Маціуш, іграй!
Не стане музыка таварам,
Пакуль па чардах у мадзьяраў
У чарках холадна мядзьвяных
Бурштынава бруіць такай.

Паўней жа чаркі налівай!
Іграй нам, Маціуш, іграй.

Хай твая скрыпка —
часу ўзбоч -
Вядзьмуе
дамаю піковаю...
Са мной такая чарнабровая,
Што пада мной святлее ноч.

Як абдымае — не пытай.
Іграй нам, Маціуш, іграй.

Не замірай
на тонкай той,
Шчымлівай той,
дзе слёзы просяцца.
Такая ў свеце безгалосіца —
Лепш пакаранне нематой.

Ты нематою не карай,
Ігран нам, Маціуш, іграй.

Ну хто
грашыма шапацець!
Панакуплялі за валюту
Святых, што пазіраюць люта,
Крыжоў пазелянелых медзь.

Цяпер і музыку купіць
Прыйшлі на рэшту —
ды музыка
Ад струн не адрывае смыка,
Не купіш тое, што гучыць!

Не хопіць золата на рай.
Іграй нам, Маціуш, іграй.

Іграй нам —
рукі чарнабровай
Па шчоках рэкамі цякуць,
Іграй —
прасторам чабаровым
Праз дым і чад я змог дыхнуць.

Ужо ўва мне ўвесь свет шырокі,
Рык горада, мальба сяла...

Пайшла Еўропа
рукі ў бокі,
У скокі Азія пайшла!

Хто зможа паяднаць людзей,
Даць веру ім і даць надзею?..

Іграй,
Іграй жа, чарадзей,
Дай божа сілы чарадзею!

Хай не змаўкае скрыпкі спеў
Да той хвіліны прасвятлення,
Калі здаецца: ты паспеў
На душ людскіх перасяленне,

Калі нябёсы, як званы,
Гудуць святочна, і,
зні-
ка-
ю-
чы,
Ты абдымаеш шар зямны,
Мадзьяркі плечы абдымаючы...




Перачытваючы Багдановіча

Ведаю тое, што ведаў:
Вынішчу памяці сад —
I паплыву, і паеду,
I не паклічуць назад.

I на зямлю Беларусі,
Наканаванай парой,
Толькі травою вярнуся,
Цёмнай магільнай травой.




Чужая станцыя

Гэта станцыя чужая,
Гэты горад мне чужы.
Хто ж праз ноч мяне гукае:
«Любы мой, дапамажы!
Любы мой, мой невядомы...»
Над аціхлаю зямлёй
Голас плыў, амаль знаёмы,
Знаны, ды забыты мной.
«Любы...» Памяці прагалы.
«Любы...» Што ў былым, збяры:
Выпадковыя вакзалы.
Выпадковыя сябры.
Дык адкуль жа ён, таемны,
Знаны, ды забыты мной,
Над маім жыццём дарэмным —
Голас станцыі чужой?
«Любы мой...»
Вось-вось сарвецца,
Змоўкне рзхам у вушах,
I яму не адгукнецца
Аніводная душа!
Аніводная з мільёнаў
Чалавечых, родных душ!..
I разгублены, здзіўлёны
Абарваўся голас... Руш!
Руш мой быт уладкаваны,
Як навала, як вайна,
Голас станцыі нязнанай,
Дзе крычыць
мая віна.




***

Міколу Сідаровічу

На берагах гадоў,
Што гаснуць, быццам гукі,
Люблю вітаць сяброў
I паціскаць ім рукі.

Шчаслівы тым, што ў час,
I светлы, і завейны,
Знаходзіў іх не раз,
Няздрадлівых, надзейных.

За гэта рэштай слоў
Не разлічыцца з лёсам...

Сумую без сяброў
Крывёю безгалосай.




Гай

1

Пра што шапочаш, гай,
Празрысты, вераснёвы?..
Пара спраўляць абновы.
Чакай мяне. Чакай.

Жывыя мы з табой.
Звычайная падзея.
Адкружыць лістабой,
I снегавей адвее.

Накінеш на плячо
Зялёны шоўк маёвы.
Вясёлае дзяўчо
Гукнеш сакрэтным словам.

Не сцерпіць, прыбяжыць,
Прытуліцца травінкай...
Ах, жыць ды не тужыць,
Не выпускаць з абдымкаў!

Не паслабляць вузлы,
Што пальцы паспляталі!..

Жытнёвыя вазы
На ток пашыбавалі.

2

За гаем зноў пачаўся гай.
Не ўспомню, што было да гаю.
Усё наперад забягаю
Сабе самому...
А, няхай!
Дальбог, нічога не шкада.
Бывае вось пара такая,
Калі жывеш, нібы сцякае
3 палёў напоеных вада.
Што знаць, куды яна цячэ,—
Гадаць, куды бяжыць дарога!..
Ніхто на свеце не ўцячэ
Ад лёсу, ад сябе самога.
I мне з самім сабою жыць,
Які ўжо ёсць я, дзе тут дзецца.
Жыць, як шчаслівае смяецца,
Жыць, як балючае баліць.