Так

Кніга паэзіі

Някляеў Уладзімір


Айчына. А чаму?.. Паэмы - Паланэз

1
Бывай, Яблонская, бывай!
Прабегла восень па фальварку -
І графіка такая ў парку,
Хоць парк у раму забірай...

Бывай, Яблонская, бывай!
Я застаюся па-за рамай
Карціны, што праз дождж відна:
Раяль, камін - і ты адна,
Стамлёная любоўнай драмай,
З бакалам белага віна...

Апошні раз прыгубіць дай -
Заторгні на карціне шторы!
Я кінуў твой пякельны рай,
Грукоча ў ночы поезд скоры:
Бывай, Яблонская, бывай!

Не стаў бакал на самы край!
Святло і цень дрыжаць падманна -
І ўсё разрывіста, туманна...
Цалую рукі, ясна панна,
Бывай, Яблонская, бывай!

Ад клавіш рук не адрывай!
У свеце, дзе вішчыць жалеза,
Пранізліва гучыць няхай
Акорд апошні паланэза -
Бывай!

2

"Ja kocham cе..."
Ва ўсіх краях,
Спрасоння блытаючы мовы,
Я гэтыя пустыя словы
Знаходзіў лёгка на губах:
"I love thou",
"Я люблю вас",

"Ах!" -
І галаву кружыла п'яна,
І новымі духамі пах
Сюжэт банальнага рамана.

Я выдумляў яго, як мог...
А тут прыйшлі, каб выдумляцца,
Усе...
І плыў паркет з-пад ног,
І глухла зала ад авацый!..

Яблонская! Не дай нам Бог
Хоць раз яшчэ ў жыцці спаткацца!

З

"Я рада вас спаткаць..."
"Вы рады?.."

Прэм'ера.
Вайдаў фільм без Вайды.
Міцкевіч з Францыі лісты
Чытае Польшчы ўсёй... Масты
У часе зводзяцца...

На сцэне
Акцёры... Кветкі Тэлімэне,
Якую не сыграла ты -
Саперніцы яе прайграла...

Як на цябе зірнула зала!
Яблонская! Як ты стаяла
Супроць усіх!..
Саперніц мала
Табе на сцэне і ў жыцці...

Руку маю, што спагадала,
З пляча ты скінула:
"Пусці!"

4

- Як "Пан Тадэуш" вам?
- Ніяк.

Пустых размоў пусты скразняк.

- Вы не паляк?
- Літвін.
- Вы з Вільна?

Бамонд. Ківае фраку фрак -
І звоніць тэлефон мабільны:
"Не, сёння не...
Чаму так спешна?.."
Мы ўжо ўдваіх сярод усіх,
Мы ўжо адчулі млосны міг
Спаткання двух жаданняў грэшных...

"Аліцыя чытае вершы
Грудзьмі. Нібыта корміць іх".

Ах, мы акцёры! Брава, брава!
Як ні хітруй, а праўда ў тым,
Што ўсе мы хворыя адным:
Нам едкі дым - чужая слава,
Ну, а свая - салодкі дым.

5

- Пайшлі.
Тут скрозь на тварах грым...
- Я тут свая...
- Але з чужым.
- Я не збягаю ад паразы!
"У, ганарыстая, зараза..."

А трэба йсці было адразу,
Пакуль, як рыбіну ў траву,
Не кінула мяне ад фразы:
"Пра Польшчу фільм, а не Літву,
І мог Літву не згадваць Вайда", -
І ў бок мой - зырк!..

І вадаспадам
Шаленства ў скроні:
"Ну, ка-злы!"

Ска-а-ндал...

- Сказаць, на што ты злы,
З чаго твой форс, адкуль бравада?..
Нідзе Літвы тваёй няма!
А Польшча ёсць! І гэта праўда,
Бо Польшча ёсць - як я сама!

- Няма Літвы!?.
Мяне няма?..

- Я рада быць з табой!
- Ты рада?..

На сцежку восеньскага сада
Ступіла першая зіма.

6

- Я думаю, што вы вар'яты...
- Хто - мы?
- Літвіны. Род пракляты,
Дух страчаны праз вас жыве...
Калі няма сапраўднай страты,
Дык вы ствараеце яе.

Ты молішся, як прад абразам,
Прад тым, што спалена да тла...
Калі ёсць я,
калі мы разам,
Скажы: нашто табе Літва?

Ну гэта ж прывід...
Здань...
Трызненне...
Ну што - Літва твая? Скляпенні?
Руіны? Замчышчы? Крыжы?

- А Польшча - што табе, скажы?

7

"О, Польшча!.."
Акрыліла рукі -
І да раяля...
"Польшча - гукі:
Накцюрн... мазурка... паланэз...
О, Польшча!.. Па фальварках бэз...
Варшава... Кракаў... Ясна Гура..."

Ляцелі над клавіятурай
Вякі, нібыта матылькі...

"О, Польшча!.. Скрозь усе вякі
Звон зброі - і харал касцёльны,
І рух,
і рух,
і рух няўмольны
З нічога -
Да сябе самой..."

А восень пахла ўжо зімой,
Лядком пацягвалася рэчка,
Сняжынкі пырхалі ў акне,

І цень Яблонскай, нібы ў сне,
Хістаўся, як пад ветрам свечка,
То да мяне, то ад мяне.

8

Як свет хістаецца!..
Ад краю
Да краю...
То ляціць да нас -
То зноў ад нас...

- Я паміраю,
Яблонская...
- Не ў час... не ў час...

- Якраз у час! Ад асалоды
Кахання, музыкі, свабоды,
Ад страсці, а не ад хвароб!..

- Ты што:
маёй чакаеш згоды?
Дык страсць у Польшчы
выйшла з моды,
Смерць холадна цалуе ў лоб.

- Якая смерць! Гасподзь абраных
Музык,
Паэтаў,
Закаханых
На неба забірае ўсіх
У страсны міг, каб засталіся
Навечна ў ім!..
- І мы ў тым спісе?
І гэта мой апошні міг?

- Не выдумляйся... будзь маёю...
- Я рада быць тваёй Літвою...
Ты праўда ў ёй усёй крывёю -
Так, што шаленства ў скроні б'е?..
- Жыву я, каб любіць яе.

Ды час Літвы яшчэ не выспеў -
І я Літву прыдумаў, высніў,
І ў гэтым сне, нібы на выспе,
Згубіўшы ўсё і ўсіх, стаю...

Віна, Яблонская! Ці вып'ю
Я кроў блакітную тваю!

9

Літва! Ад слёз у горле горка,
Як назву вымаўлю тваю:
Літва! Па ўсёй зямлі стаю
Я на святых тваіх пагорках.

Дзеля чаго ўва мне ты будзіш
Надзею голасам крыві?
Літва! Ты ўжо была? Ты будзеш?
Калі жывая, дык жыві!

І калі ты не ў праху вояў,
Не ў мройным часе залатым,
А ў духу тым, што прагне волі, -
Тады ты ёсць, калі ты ў тым!

10

Літва мне снілася... Па Нальшы
Скакалі вершнікі... Дзве чашы
Віселі ў небе -
Ні адна
На вагах не пераважала
Над краем, дзе адна вайна
З другой вайною межавала.

Трох вершнікаў на ўзгорках Нальшы
Не распазнаць:
Чужыя?..
Нашы?..
Я ў чашы зазірнуў:
Мячы,
Штандары ў чашах,
Прах ды косці...
Я ўзяў мячы - і па плячы
Ударыў нехта:
"Што за госці?" -
І павярнуў - да твару твар...

Тварэц Літвы, яе ўладар
Міндоўг паўстаў перада мною...
- А, гэта ты, - сказаў. - З Літвою
Даўно не бачыўся?.. Глядзі...
Вось гэты край з яго людзьмі,
Якім свой дух далі валоты,
І ёсць Літва. Далей балоты
І Жмудзь. Яе пад крыжакоў
Аддаў я, каб не ліць там кроў -
І кінуць костку лацінянам...

Так проста ўсё! - а ў часе цьмяным
Зрабілася праз вас, бо вы
Забыліся, што Бог Літвы
Агонь, а дух літоўскі - воля,
А праўда - воўк!..

- Я маю доўг
Перад табой? - спытаў я воя.

- Перад Літвой, - сказаў Міндоўг.

11

- Прачніся,
зноў праспіш дзяржаву...
Літоўскую былую славу
Найлепей каваю запіць...
- Яблонская, да д'ябла каву!
- Цішэй... цішэй... Варшава спіць...
Мой Бог, як я люблю Варшаву!
Жыву я, каб яе любіць.

А ты ўлюбёны ў міф... Найгорай
Жыць у былым... Там пуста... гола...
- Я не баюся пустаты.
- Таму і край свой кінуў ты,
І зараз тут і там чужы
Сабе і ўсім... Скажы, скажы,
Дзеля чаго зрабіў ты гэта?..
- Найперш, каб зратаваць паэта.

- Якога?
- Можа, не благога.
Я забывацца стаў, якога.

Ён у апошнія гады
Адчуў, што ўжо не малады,
Што ўсё спазнаў: каханне... славу...
Надзеў хамут, упрогся ў справу -
І паміраць пачаў...
- Тады
Прыдумаў сам сабе забаву?

- Лічы, што так... Яшчэ з ваўкамі
Не захацеў па-воўчы выць,
Хоць быў абкладзены сцяжкамі...
- І што цяпер? Літва за намі?..
- Маёй Літвою хочаш быць?

- Я рада быць тваёй...
- Ты рада?..

12

На ўзгоркі Нальшы коса падаў
Срабрысты дождж, і ў срэбры тым
Стаяў Міндоўг, а поруч з ім -
Ягайла, пяты сын Альгерда...
- Калі не ведаеш, дык ведай, -
Прамовіў ён, -
Я крыжакам
Пацвердзіў Жмудзь пасля Міндоўга,
Бо не яна Айчына нам -
І ў нас няма прад ёю доўга.

А доўг ва ўсіх у нас адзін:
Перад Літвою доўг вялікі
Яшчэ з пары, як Гедзімін
Заваяваў сталіцу вількаў.

Праз гэты доўг -
супроць Масквы -
Я з Польшчай ажаніцца мусіў,
Каб адстаяць Літвы правы,
Каб л ё с Вялікае Літвы
Не стаўся л е с а м Беларусі.

Ды ўсё дарма... Вы лес апелі.
Згубілі ўсё, што продкі мелі,
Ператварылі край ваўкоў
У край зайцоў...
Я маю права
Спытацца з глыбіні вякоў:
Вы хто - народ?
Вы што - дзяржава?
Адкуль, калі няма слядоў?

Пазнаўшы зайца па губе,
Вам Жмудзь пад нос паднесла дулю,
Як Беларусь вы на сябе,
На край літвінаў нацягнулі.

Вы разлучылі дух з крывёю
І, абрусеўшы пад Масквою,
Пад назвай, дадзенай Масквой,
Не сталі нават маскалямі,
А толькі назваю адной -
І тая назва стала вамі.

Вы - беларусы? Хто такія?
Ёсць Польшча,
Жмудзь,
Літва,
Расія -
Як вы ўшчыміліся сярод?
Адкуль з'явіліся? З балот?
З чаго зляпіліся? З туманаў?..
Такіх падмен,
Такіх падманаў
Не ведаў ні адзін народ.

І што цяпер? Хай так і будзе,
Абы не горш? Вы што за людзі:
Вам звацца хочацца людзьмі,
Ці імі быць,
Ці біцца ў грудзі -
Ці ўстаць за крэўны край грудзьмі?

13

- Згарае свечка ўжо.
- Задзьмі.

- Яблонская, гары ўсё гарам,
Каб не было па чым тужыць!..
Радзіма сталася таварам!
Як на такой Радзіме жыць?

- Не піць, калі Варшава спіць.
Ёй да Літвы якая справа?
- Літву і прадала Варшава!
- Хай так. Не мне яе судзіць.
Жыву я, каб яе любіць.
Сагрэй мяне. Акаляваю.
- Сканаю я праз польскіх краль...
- А што за прозвішча: Ня-кля-еў?
- Расейскае.
- Дык ты маскаль?
Ты не літвін?
- Я ўжо амаль
Спалячыўся з табой...
- Адказвай:
Ты хто - маскаль?!
- Я гэткай назвы
Не ведаю.
- Маскаль! Маскаль!
І я - з табой?
- На жаль...
- На жаль?!
Ты жалішся?!. Ды продкі ў трунах
Перавярнуліся!..
Са мной,
З Яблонскай быць табе?.. З Матрунай!
- На сене ў хлеве быў з адной.
- Ты хам!!!
- Я знаю тое, хто я!
А што ў цябе за патайное
Двайное дно?.. Які палёт!
Якая страсць! Скуль што ўзялося?
- З таго, што ў кроў маю ўжылося,
Што дзікуны - ад нас на ўсход!
- А вы для немцаў не народ!
А немцы - хамы для ангельцаў!..
Ну колькі праз пагарды шкельца
Глядзець адзін на аднаго?!
- І ты яшчэ вучыць! Каго?
Яблонскую?! Ды род мой...
- Знаю!
Праз род свой ты, як сучка, злая.
Шалееш з пыхі і дурнот.
- Ты што сказаў?.. Яблонскіх род...
- Што за размова ў нас дурная!
- Перапрашай за дурасць! Кленч!
Не дакранайся! Не пярэч!
Хто-небудзь,
дайце хаму рады!..

14

Пайшла зіма другая прэч
Па сцежцы восеньскага сада.

- Я рада быць з табой...
- Ты рада?..

- Даруй... Не знаю, што найшло.
Ты праўду мне сказаў пра шкло:
Мы - вас, а нас - яны... Пагарда
Спрадвек жыве... Яна ў крыві...
Ты болей сучкай не заві
Яблонскую!
- Даруй.
- Дарую.
- Дык, можа, вып'ем міравую?
- О, Божухна!... Маскаль... п'янтос...
Яблонскую за грудзі трос...
- Дый ты -
як чорт цябе панёс...

- Я маю права! З каралямі
Мой род на роўных...
- Зноў пра род?
- Мне што: вады набраць у рот?
Мой род пабіты маскалямі
Амаль на скон! Дык я адплаты
Магу жадаць?
- Калі ўсе страты,
Былыя крыўды ўсе лічыць,
Як жыць? Што будзе нас лучыць?
Пара на гэта ўсё забыцца...
- Ні з кім я не хачу лучыцца!
Там Азія! Там вечна зло
Жыло!
- А ў Польшчы што жыло?
Адно дабро? Хадзілі ляхі
На маскалёў?
- Якія страхі!
- Цяпер, канечне, страх які!
А з двух бакоў ва ўсе вякі
Тапталі Беларусь, палілі,
Не род -
Народ на скон пабілі,
Дык я ж маўчу!
- Ну і маўчы!
Скачы жанглёрам на мячы!

І што вы там, дальбог, за людзі?
Вайна з вас выбіла мужчын?
Яблонскіх род скакаць не будзе
Ні перад кім, ні перад чым!
За Богам у палякаў - гонар.
І не бывае долі горай
Як жыць без гонару! А вы?..
Вам ад Масквы б - за лес, за горы,
А вы лясамі - да Масквы.

- А лепш было б, каб да Варшавы?
- Ні да каго! З літоўскай славы
Чаму вы гонар не ўзялі?
Бог даў вам месца на зямлі -
Дык стойце там належным чынам!..
За гонарам ідзе Айчына.

- Даволі. Мы не ў польскай школе.
- Народы б'юцца ўсе за волю -
А вас у волю не ўпіхнуць...
У лес збягуць - і ў ім жывуць,
Жывуць, жывуць...
- Мы партызаны...
- Жартуй сабе... Занадта рана
Сабраўся ты ўсіх нас лучыць...
І як! Міцкевіча лічыць
За беларускага паэта!..
Якая бздура ў галаве!

- Яблонская! Сцячэ, сплыве
Усё нязлучанае ў Лету,
Як пыл пасля дажджу з дарог...
- Касцёл з царквой не злучыць Бог!
- Адкуль ты можаш ведаць гэта?

- Пайшлі ў касцёл! Прамовіш крэда?..
Калі злучацца, дык злучыся
Малітваю...
І возьмем шлюб! -

...І зноў пагардліва сыйшліся
Маршчынкі па краёчках губ.

"Ах, ты..."
- Пайшлі!
- У Ясну Гуру
Паедзем?
- Хоць у Ватыкан,
Калі ўжо бздура прэ на бздуру!..

15

Дарогу засцілаў туман.
- Дай я паеду.

Ты нервова
Тапіла ўсё глыбей педаль...

- Дык ты спалячыўся амаль?
Праз тры гадзіны адмыслова
Спалячышся... На ўсё жыццё...

Прымерзла мокрае лісцё
Да шкла.
- Дай скіну.
- Здзьме ў дарозе.

Нібы на хуткай дапамозе
Кагосьці везла ратаваць,
Ты гнала.

- Кінь ты гэтак гнаць,
А то й каталіком не стану...

Насустрач рваліся з туману,
Сляпілі колкія агні...
- Яблонская, ну не гані!

- Няўжо баішся, праваслаўны?
Чапляешся за гэты свет?..
Сюжэт мы закруцілі слаўны:
Раман!.. Акторка і паэт!..
Класічны ў нас з табой сюжэт -
І ўжо фатальны, непапраўны.

- Дай руль!
- Не дам.
Дакладна ролі
Распісаны.
Табе - твая.

- Яблонская, пад хвост шляя
Табе папала?..

Прапаролі!
Прабілі кола!..
Слізгата...
- Газ скідвай!

Завішчэлі шыны!..
- Не тармазі!

Удар!
Машына
Сустрэчная -
уніз з маста.

Звон у вушах і пустата.

16

І Вітаўт з пустаты і звону
Сказаў:
- Няма ў Хрысце Хрыста,
Калі ягонага закону
Няма ў табе. Прымі закон.

Сівы, як кургановы сон,
Стаяў з Міндоўгам поруч ён,
Абодва - даўніна сівая...

- Па белым снезе кроў сцякае, -
Казаў далей ён, -
Гэта - шлях.
Яго пачаў я пад Дуброўнай.
Самой сабе там стала роўнай
Літва - і прырасла на Жмудзь.
Шлях не даваў мне Жмудзь вярнуць
Зноў крыжакам. Так перамога
Паразай стала. Жартам Бога.
Так Жмудзь Літвою прырасла. -

Туга ў вачах яго плыла...

- Ты плыў, як човен без вясла, -
Працягваў Вітаўт, - і заблытаў
Сябе і ўсіх... Цяпер забіты
Паўстане на шляху тваім...
Ты ведаеш, што будзеш з ім
Рабіць?..
Не ўсе пра тое знаюць...
Шлях можа стаць зусім пустым.
Забітымі не прырастаюць.

Забітых дух -
атрута ў целе.

Абедзьве чашы апусцелі,
Як ты ў іх зазірнуў... Згарні
Штандары, а мячы
вярні.

- Каму вярнуць?.. Вы здані, міты...
На вас кальчугі ўсе прабіты,
Вы ў ранах з галавы да ног!..

- Вярні мне меч! - закончыў Вітаўт.

- Вярні мне меч! - пачаў Міндоўг. -
До слоў!
За зброю зноў бяруся.
Скажу адно -
што ў той раз мусіў
Сказаць, але забыўся ў скрусе,
Бо ўжо сівая галава...
Няма ніякай Белай Русі,
А ёсць Вялікая Літва!

І хітрая Літва малая,
Былая Жмудзь, пра тое знае,
Вялікая - не хоча знаць...

З чаго ты польку ў жонкі ўзяць
Надумаў?..
Вітаўт праваслаўным
Пражыў жыццё - і беспадстаўна
Надзеі меў на польскі трон...
Ты чуеш пустату і звон?..

"Цудоўны цяг імкне вышэй, -
Шапталі мне два сны сівыя, -
Літоўскі Зьніч гарыць ярчэй,
Чым крыж на полацкай Сафіі,
Чым на любым касцёле крыж..."

- Князі Вялікія! Спарыш -
Адзін арэх, ці два? - спытаў я. -
Каталіцызм і праваслаўе -
Не той жа шлях?

"Наш шлях -
паміж, -
Шапталі сны, -
не берагамі,
А рэчышчам, ракой самой.
Пакінь усё і кроч за намі..."

17

...І нахіляўся паміж снамі,
І плыў са снамі нада мной
Яблонскай твар... Бялей, чым белы...

- Ты цэлая?
- Ты цэлы?
- Цэлы,
пайшлі...

Абрыў.
Рака ў тумане.
Разбіты "Паланэз".

"Канец!.."

Мужчына малады ў сутане.
- О, Божухна!.. Святы айцец...
- Ты ведаеш яго?..

Сталёва
Шарэў твой твар...
- Ён з Чанстахова...
На Яснай Гуры меў служыць...
Мы да яго...
- Не можа быць...

- Паслаў яму Гасподзь збавенне
Ад нас...
Што ж мы ўчынілі?..
Жах!..

Ён жыў яшчэ... Не страх - здзіўленне,
Як шкло, плыло ў яго вачах.

"Так быць не можа, бо не можа
Так быць ніяк, ніяк, ніяк!..
Ну што ж гэта такое, Божа?!.
Ну што за знак?.. Ну што за знак?.."

Паліцыя.
- Вы разам?
- Так.
- Хто за рулём быў?
- Я.
- Няпраўда!
Я за рулём была.
- Ну, што ж...

- Мы ўсё зрабілі як найгорш -
І ўсё ж, і ўсё ж, і ўсё ж, і ўсё ж
Я рада быць з табой...
- Ты рада?..

З нябёс
на лёс,
на аўтастраду -
Са снегам дождж,
Са снегам дождж.

18

Ксёндз Караль Корсак, я без скуры...
Крані. Глядзі: на пальцах кроў.
Звіняць званы на Яснай Гуры:
Радзіны... Хрэсьбіны... Хаўтуры...

Сюды ідуць з усіх краёў,
Каб памаліцца, пілігрымы,
А я тут - хто? А я - чаго?
Мне б міма Яснай Гуры, міма
Канстанцінопаля і Рыма,
Што маюць Бога аднаго,
А служаць так яму, нібыта
Іх два - і нейкі большы з двух!
І колькі вернікаў пабіта,
Каб правіў каталіцкі дух,
Альбо, каб правіў праваслаўны!

А ў тым, які з іх болей слаўны,
Не разабрацца без вайны!
І б'юцца веры абаронцы, -
І гора, гібель той старонцы,
Дзе ў бітве сходзяцца яны!

Хто злічыць бітваў гэтых страты?..

- Вы хто такія? Уніяты?
Палі давай! Тут рускі край!
- Тут польскі край! Палі давай!

І кроў на кроў, і брат на брата...
Як Бог даруе, дык няхай.

Тады, апроч зіхоткіх зорак,
Нічога ў небе.
Вечнасць. Смерць,
З якой злучыўся Караль Корсак
Праз тое, што не зразумець.

19

Зіма ў Варшаве. Трэці снег
Ляжыць на ружах, як газета...
Не думаў я, што мой пабег
Перабяжыць за межы лета.

Раман акторкі і паэта
Яшчэ не скончаны. Але
Працяг ягонага сюжэта -
Чарнавікамі на стале.

Усё, што ў ім было прарочым,
Ужо звяршылася. Далей
Так можа быць, як мы захочам,
Ці, як прыдумаем, але...

20

Слізнуўся лёс па трасе коўзкай -
І развяліся ўсе масты...
Прад Боскай Маці Чанстахоўскай
Каменная стаяла ты.

Пра што малілася?.. Каб кара
Цябе мінула?.. Стала сном
Усё, што стала?..
Корсак Караль
Хістаў сусвет над абразом.

21

Як свет хістаецца!.. Ад краю
Да краю - і ад нас, ад нас...
- Не дакарай...
- Не дакараю...
- А помніш?..
- Помню...

Кожны раз
Праз сілу і скрозь слёзы - ласкі...
-Яблонская, ну, калі ласка,
Вярніся жыць!..
- Як жыць?.. Канец
Жыцця... Канец любоўнай казкі...
Святы айцец... Святы айцец...

- Не мучайся... Жыцця пракосы
Зноў зарастуць... Жыві травой...

І ты ківала галавой,
Як завадная лялька...

Корсак!..

22

Ён цікаваў цябе. Паўсюдна
Ён быў з табой, як з целам цень,
Як з духам здань... Яму падсуднай
Ва ўсім была ты... Кожны дзень
Насіла на магілу кветкі...

23

Банальныя ў сюжэце меткі:
- Ты не кахаў мяне!
- У сведкі
Я клічу Бога, што кахаў!..
- Ты бавіў час! Ты забаўляў
Сябе!.. -

І мяўся край сурвэткі,
І кубак каву праліваў.

24

Ты плакала... Саперніц мала
Табе ва ўсім - і не ставала
Для плачаў слёз... вачэй саміх...
Да донца выплакаўшы іх,
Ты прашаптала так не ўслых,
Ты моўчкі так даруй сказала,
Што больш сказала, чым
бывай...

25

- Бывай! Я пакідаю край,
Дзе стаў табой смяротна хворы!..
- Бывай! Чакай! Мы ўсе акторы!..
Бывай... Даруй! Не пакідай!..

І так да немачы, да зморы:
Як ноч: даруй...
Як дзень: бывай...

З двух галасоў - які прарочы?..
Ці той, які мне чуўся ўночы,
Ці той, што ўдзень?..
Ды ўсё на злом,
Як з ночы ў дзень, як дзень за днём
Касцёл... малітвы...

Дом сірочы
Нам гэты свет, дзе мы жывём.

26

Фальварка гулкія пакоі
Палохалі - такім пустым
Здаваўся дом, нібыта ў ім
Жывуць два цені,
зданяў двое...

Глухому чуецца глухое.
Сляпое бачыцца сляпым.

27

Я пакідаў... Вяртаўся зноў...
Зіма марнела ад дажджоў,
Плылі, цяклі сляпыя хмары...

Ты ўсё чакала помсты. Кары
Ты ўсё шукала - я знайшоў
Яе... Ты мне сказала:
- Караль...

28

Так паміраюць... Я ўжо блытаў
Сябе і Караля, нібыта
З ім чаргаваўся...
"Ты з забітым
Як будзеш жыць?.." - штоноч,
штодзень
З'яўляўся і пытаўся Вітаўт...

І я сачыў то здань, то цень -
То цікаваў сябе самога!..

"Вазьмі мой слых, - маліў я Бога, -
Мой зрок вазьмі - і ёй вярні!.."

29

- Як змрочна! Запалі агні...
- Гараць...
- Гараць?.. Чаму так цёмна?!.
Ён там! За імі!!.
- Не крычы...
- Як глуха!.. Музыку ўключы...
"Каханая, мы непрытомна
Жывём..."

30

"Каханы, мне ўжо сілы,
Каб жыць на яве, не стае..."

- Давай адыйдзем ад магілы,
Яблонская! На край яе
Каханне ставіць рызыкоўна -
Цікуюць мёртвыя жывых!..

- Жывы ён!!.
- Мёртвы!!!

Зрок і слых
Замгліліся ўва мне раптоўна.

31

Сляпы, глухі ў чужой краіне...
"Ты ж сам маліў..."
Яна пакіне
Мяне!..
"Кінь першы..."
Як?.. Не стыне
У жылах кроў - пульсуе, б'е!

Рука Яблонскай на ілбе
Дрыжыць, і на губах салёна -
Сляза!..
Няўжо яна па мне?..
За што мне - так кахаць шалёна?
Так слепа! Глуха!

32

Сон у сне! -
І сон за сном вяроўкай звітай...
- Яблонская, мы здані?.. Міты?..

Зноў скачуць па дарозе збітай
На снежна-белых конях Вітаўт,
Міндоўг, Ягайла... Не спыніць
Пагоні - і яна ляціць,
І дыбіць, гоніць, сцеліць коней,
І не суняць яе па сконе
Маім, тваім!.. Яна з грамамі,
з маланкамі
у чарадзе!..
Яна
блішчыць,
грыміць,
гудзе!..
"Яблонская! Літва за намі!"

33

- Ты дзе, Яблонская, ты дзе?..
Я бачыў! Чуў я лёт Пагоні!..
Я не сляпы! Я не глухі!..

"Я тут" - паклаліся далоні
На лоб гарачы і сухі.

"Агонь!.."

34

"Я тут, з табой..."
У доме
Палаў агонь, быў дом агнём
І домам, яваю і сном
Адначасова - і с у о м і
Пачуў я слова...
Снежны слуп
Паўстаў у самай сэрцавіне
Агню...
"Яна мяне пакіне?.." -
Спытаў я ціха, і да губ
Той слуп - манах у белым - палец
Прыклаў. "Табу... Табу... Табу...
Вам трэба Польшчу і Літву
Пакінуць, вас тут спаліць памяць...
Тут кроў і слёзы... Прах і тлен..."
- А ў доме што?..
"Імёны паляць.
За іх тры веданні ўзамен
Даюцца з таямніцы Т а о..."

Яблонская ўвайшла і стала
Каля сцяны агню. Яна
Была ўся ў белым.
- Ты спаліла
Імя? - спытаў я. Як сцяна,
Яна маўчала.
"Тайнай сіла
Павінна быць, каб сілай стаць, -
Пачуў з агню я. - Напісаць
І ўсё спаліць - вось сілы тайна..."
- Цябе прымусілі?.. - спытаў я. -
Таму
імя ў цябе
няма?!.

З агню сказалі: "Не, сама..."

Я напісаў -
Маё імя
Спаліў манах...
Спазнаў я Тао.

35

"Ты тыя веданні спасціг,
Якіх спасцігнуць нельга з кніг -
Для веданняў няма пісьмёнаў...

Шэсць дзён міне, і ты на сёмы
Народзішся з трызненняў, сноў,
Каб помніць пяць магічных слоў,
Чытаць іх вогненныя знакі..."

- А сёння дзень які?..
"Ніякі.
Апошні ў аніякіх днях,
Табой пражытых. Пыл і прах.
Страсі іх.Кінь усё. Ідзі..."

36

І дом гукнуўся мне людзьмі,
Якімі поўны быў...
- Глядзі, -
Яблонская сказала. - Слухай...

Я чуў і бачыў. Мне на вуха
Шапнуў манах у белым:
- Сёмы
Сягоння дзень...

Ён быў знаёмы
Аднекуль мне. Ягоны твар
Усмешка залівала.
- Сёмы
Сягоння дзень...

Нібыта вар,
Сінечаю кіпелі вочы
На смуглым твары.

- Той, хто хоча
Спазнаць - спазнае...

Ён прарочыў,
І мне, няведама чаму,
Быў зразумелы сэнс замглёны
Прароцтва... Я чытаў імёны
Усіх, хто быў тут, - у агні...

Пераствараў на сёмым дні
Недасканалую прыроду
Агонь...

І - як апёк! - свабоду
адчуў я...

Вольны стаў ад той
Жанчыны, што была Літвой,
І ад Літвы самой,
ад праху,
Крывёй залітага, слязьмі!..

Манах падаў агонь:
- Вазьмі!.. -
І ўзяў агонь я з рук манаха.

37

"Свабода ў таямніцы - тое
Адзінае, што не пустое,
Што стрыжань, а не абалонь,
Не бляск агню, а сам агонь,
З якім ты ўжо не прападзеш
У безданях міжгалактычных,
Дзе ў вочы Бога зазірнеш
І вымавіш пяць слоў магічных..."

38

Гары, палай, святы агонь!..
Сцяжына тайны - бакавая...
Яблонскай лёгкая далонь
У валасах маіх блукае,
І мы, зблуканыя, удвох,
Удвох, бо нас кахае Бог,
І нам, пакуль агонь не згас,
Сцяжынай тайны не спыніцца...
- Бывай, Яблонская... Мне час...

Мы з ёй пасвечаныя, нас
Агонь яднае. Таямніца.

Там слупам снег. Там тайны знак
Расстання. Гэтак выпадае...

Каханне не яднала так,
Як таямніца нас яднае,

І тайна таямніцы той
У глыбіні не разгадана:
Каханне ўсё ж схавана ў ёй,
Ці таямніца ў ім схавана?

39

Я пакідаў Варшаву. Снег
Ляжаў на ружах, як газета...

О, пыл газетны!.. Прах уцех
Юрлівых, хуткіх... Цьфу на гэта!
Мышам усё ды пацукам!..

Што там было - мінула там,
Прапала. Толькі пыл віруе...
Дарую і былым сябрам -
І ворагам былым дарую.

І забываю, забываю...

Ідзе жыццё... Гарыць агонь...
І ў валасах маіх блукае
Яблонскай лёгкая далонь.

40

Бывай, Варшава! Як шчыміць!..
І слёзы выціскае вецер...
Калі Варшаву не любіць,
Дык што тады любіць на свеце?

Ёсць нешта ў ёй ад каралеў
З крывёй блакітнай, ганарлівай...

І міласць зведаў я - і гнеў
Твой каралеўскі... Будзь шчаслівай.

Бывай! Бывай!.. Усё міне,
Але і на краі магілы
Згадаю я, што ты мяне
Прылашчыла і прытуліла
У скрутны час...
Той час прайшоў -
І пуста там, нібы на пожні...

Кружу па плошчы Трох Крыжоў,
Шукаю сіл на круг апошні,

А стуль, дзе каралеўскі парк,
Дрыготка музыка ўсплывае,
Такая музыка, такая,
Што як жа так?!. Што як жа так -
Расстацца з ёй?!.

Ды што ж, ды што ж -
Пара!.. Над Віслай слепне дождж,
Смуга над Скарышэўскім садам -
І мроіцца: "І ўсё ж, і ўсё ж
Я рада быць з табой..."

Ты рада,
Варшава?..

Спеў апошніх нот
Згасае рэхам...
Пераправа,
Налева мост - і мост направа,
І невідушча Жыгімонт
Глядзіць услед...

Бывай, Варшава!