CD, Студэнцкая Думка

02/2003


ЗУБЫ ГЭЛАХЕРА

Па шчырасьці, я хацеў бы бачыць Піта мёртвым. Мёртвым да таго, як ён пераступіў мяжу старасьці. Мёртвым да таго, як ён глынуў духу карпаратывізму, амэрыканскага і эўрапейскага. Да таго часу, калі ён - Pete Townsend - склікаў прэсавую канфэрэнцыю на другі дзень па сьмерці The Ox, дзе заявіў, што турнэ The Who па Амэрыцы будзе працягнутае, нягледзячы на сыход John Entwistle. Бо ён пэрсанальна нясе адказнасьць: а) за тое, што трэба працягваць, b) за абавязкі перад сабой, c) перад людзьмі, што набылі квіткі, d) перад пэрсаналам, e) прамоўтэрамі, f) вялікімі і g) малымі людзьмі.

Тое ж і пра Ozzy - блазнаваньне ў сямейным сэрыяле MTV пасьля здабыцьця тытулу караля цемры і пажыральніка кажаноў?! Таксама, як і найлепшыя часіны Ozzy Osbourne, золата The Who сталася гісторыяй. Мінуў час, калі Pete Townsend быў жывым увасабленьнем RnR. Высунутым пальцам - самым даўгім, вядома ж - усёй рок-музыкі. З максымальным гукам, з пасядзелкамі ў алькагольных барах, жорсткімі п'янкамі і выступамі на наступны дзень. Са знакамітымі раструшчваньнямі гітары перад натоўпам з 400 тысячаў сьмярдзючых гіпі ў Вудстоку.

І найлепшым доказам на карысьць меркаваньня, што RnR мёртвы, зьяўляецца постаць таго ж Pete Townsend. Бо немагчыма сёньня ўявіць рокера бяз тонаў абсталяваньня і багажу, вялізных камандаў падтрымкі, прамоўтэраў, тэхнікаў і г.д. Страта аднаго з такіх элемэнтаў у дзевяці выпадках зь дзесяці вядзе да адмены канцэрту ці наагул туру.

Таму гаварыць цяпер, што The Who - гэта The Who, папросту нетактоўна. Драмэр Keith Moon (як той казаў, "больш за драмэра - гэта дух The Who") пакінуў гурт у 1978 годзе па той жа прычыне, што і летась John Entwistle. Цяпер The Who - гэта толькі Roger Daltrey ды сам Pete Townsend. І таму лепей сказаць, што мы маем справу з трыб'ютам (літаральна з ангельскай - даніна павагі). Як і Lynyrd Skynyrd ці Styx - такая ж самая Даніна Павагі.

Між тым цяперашнія лепшыя пэрсанажы R&B заслугоўваюць большай павагі. Вазьміце хаця б таго ж вялікага соўл-бразэра R.Kelly - якраз той выпадак, калі бацькі сурова забараняюць сустракацца з такімі маладзёнамі сваім дачкам і сынам. Альбо згадайце 2Pac і Notorious Big ды ўсе абставіны іх сьмерцяў. John Entwistle памер адзін у ложку - і ніякіх групі, прастытутак, наркотыкаў ці хоць бы алькаголю. Таксама, як вельмі ціха пайшоў з жыцьця Joe Strummer.

"Та дзе аблокі на мэйным небі?" - рытарычна пытаўся мой знаёмы музыка. Дайце нам новы Exile On the Main Street, мы засумавалі па загружанай цяжкімі алькагольнымі напоямі, наркотыкамі, скандаламі і бойкамі музыцы. Мы хочам новых разборак і сэкс-скандалаў Tommy Lee. А таксама новых выбітых зубоў Liam Gallagher. Загрузіце нас усім гэтым - а яшчэ лепей дайце нам крыві.

Сёньня RnR патрэбны новы Kurt Cobein ці Jimmy Hendrix. Нехта такі таленавіты, такі "жывы", што рэха стрэлу абудзіць нас ад сну, і мы нарэшце адчуем: ён ёсьць і застанецца героем. Сёньня RnR патрэбная вялікая і патэтычная сьмерць, якая станецца працягам ня менш слаўнага жыцьця і адгукнецца ў вушах тысячаў-мільёнаў.

Напачатку свайго існаваньня (90-я) у віншавальнай праграме Радыё Рокс адмаўляліся запускаць Roxettе, апэлюючы да "чысьціні" радыё ад папсы - адно што выбару слухаць было небагата. Сёньня ж adult contemporary немагчыма ўявіць бяз той музыкі канца 80-х - пачатку 90-х. Усё мяняецца - цяпер публіка радая абсмоктваць абвінавачаньні Gary Glitter ці таго ж Townsend у дзіцячай парнаграфіі. Між тым рок-зоркі паміраюць ціха, даючы падставу згадаць посьпех у 70-80-х, але трапляюць у CNN Headline News.

Зрэшты, любая няўклюда кшталту Eric Clapton можа навучыцца трымаць гітару. А таму "няма хлеба - ешце пірожныя," як казала некалі Марыя Антуанэта.