CD, Студэнцкая Думка

02/2003


ШАСНАЦЦАЦЬ АЛЬБОМАЎ

Песьняры. Ты мне вясною прысьнілася (1971)

Першы альбом самага ўдалага айчыннага музычнага праекту. Пакуль яшчэ не пачаліся тыя шматлікія канцэрты і гастролі па ўсім сьвеце, пакуль "песьняры" не працуюць на масавага слухача, але чаргу за квіткамі на канцэрт можна параўнаць адно што з чаргой па іх жа кружэлкі. Пакуль музыкі яшчэ не захрасьлі ў распусьце і не пачалі хварэць на "зорак", а Джон Ленан яшчэ не сказаў легендарнае: "Песьняры"? Гэта лепшае, што я чуў!"

Гэта толькі першая кружэлка-гігант "вокально-инструментального ансамбля под руководством Владимира Мулявина", якую потым для зручнасьці будуць называць па назвах запісаных там песень: "У полі вярба", "Касіў Ясь канюшыну", "Александрына", "Ты мне вясною прысьнілася" і г.д.

Дзякуючы расейцу Мулявіну беларускую мову і фальклёр пачулі і ў сонечных савецкіх рэспубліках, і ў краінах Усходняй Эўропы, і ў ЗША, і ў Лацінскай Амэрыцы, і ў...

Бонда. Кожны з нас (Месца пад сонцам) (1986)

Адзін зь першых беларускамоўных рок-альбомаў - наш адказ Стынгу з "The Police" і польскім панам з "Lady Pаnk". Створаны ці ня ў піку розным папулярным на той час сярод савецкіх беларусаў "Арабескам" і "Атаванам", альбом пісаўся падчас антыалькагольнай кампаніі ў самаробнай студыі на чацьвертым паверсе Інстытуту культуры.

Камсамольскія актывісты ўбачылі ў назве "аматарскага ВІА" крамолу - "бонда" ў іх асацыявалася з "бандай". Музыкам давялося зьвярнуцца да прафэсара Мальдзіса, каб той патлумачыў "ідэолягам", што "бонда" значыць усяго толькі "частка ад цэлага" (луста, кавалак, падзел і г.д.).

Менавіта на гэтым альбоме запісаныя ўсім вядомыя песьні "Стэфка" і "Слуцкая брама". Да сёньня іх выконвае "Крама"- спадкаемца "бондаўскіх" традыцыяў.

Мроя. Дваццаць восьмая зорка (1989)

Выйшаў гэты альбом ажно на самай буйной савецкай фірме гуказапісу "Мэлёдыя", калі гурт ужо стаўся культавым. Менавіта "28 зорку" можна назваць самым "сьпелым" запісам "Мроі". Музыкі стварылі тут нейкую невытлумачальную і запатрабаваную "перабудовачным" слухачом атмасфэру: цяжкі хардавы гук, дэпрэсіўнае аздабленьне, надрыўны вакал і абавязковая сацыяльна-палітычная заклапочанасьць ("Зямля", "Мама-мафія"). Як апошні цьвік - прэтэнзія на "нятленку" - "Я рок-музыкант".

Ня ведаў Вольскі, калі сьпяваў пра нянавісьць да песень "рэстараннага варыянту", што ўжо праз 13 год на фоне азэзлых ад крамбамбулі твараў калегаў па цэху будзе прэзэнтаваць альбом застольных песень у нятанных менскіх рэстарацыях.

УЛІС. Чужаніца (1989)

Запісаны ў Ольштыне (Польшча), альбом цалкам апраўдаў сыход Кораня і Краўчанкі з "Бонды" і стварэньне імі самастойнай творчай адзінкі. Старадаўні грэцкі герой нібы перадаў гурту свой вандроўніцкі лёс: за 14-гадовую гісторыю гурт так і застаўся "чужаніцай" на радзіме.

Альбом выбухнуў і з галавой накрыў усё, што было да яго. Глёбус некалі зазначыў, што "Чужаніца" - Першы Беларускі Альбом, празь які была пяройдзеная мяжа, што падзяляла зборкі песень і ўласна альбом. Яго стварылі Прафэсіяналы: "Iх рок сапраўды нiчога ня варты для вушэй, якiя ня чуюць гармонii" (так пісала адна зь нямецкіх газэтаў).

Пра айчыннае прызнаньне тады было казаць зарана - такое да масаў, бедных на ёд, даходзіць толькі зь цягам часу.

Калі "імпэрыя зьнікла, як дым", Аксёнцаў зьехаў у Канаду, Патрэй "сарваўся" і правёў колькі часу ў вар'ятні і, вядома, з музыкай завязаў. УЛІС паступова сышоў у цень, пакінуўшы пасьля сябе тэстамэнт, які ня ўсе адважваюцца прачытаць - праўда будзе катастрафічнай.

Мясцовы Час. Наша ўскраіна (1991)

У ІХХ ст. у Францыі жыў паэт Латрэамон, які, як высьветлілася пазьней, за 24 гады жыцьця напісаў усё, што пасьля яго сьмерці паэты па ўсім сьвеце перапявалі цягам двух стагодзьдзяў. Наваполацкі гурт "Мясцовы Час" альбомам "Наша ўскраіна" апярэдзіў "усяго" толькі беларускі рок і "ўсяго" на 10 гадоў. Хіба таму, што тэксты пісаў не Латрэамон, а полацкі паэт Алесь Аркуш.

Паказальна, што менавіта пасьля МЧ пачалі казаць пра рэгіянальныя (перш за ўсё наваполацкую) schools, якія па вялікім рахунку нічога надзвычайнага, апрача анатуемых, не далі. Яны ж - героі: Алесь Кузьмін, які ўпэўнена валодае дыскантам, яго музыкі, што нават на беларускай апаратуры здолелі зрабіць гук, вельмі падобны да "KISS", "AC/DC", "Def Leppard". Героі, хоць і нежывыя: "Наша ўскраіна" - шэдэўр, пасьля якога так нічога вартага і не зьявілася.

Крама. Хворы на рок-н-рол (1993)

Альбом, нелегальна запісаны на студыі "Песьняроў". Штоноч добры сябра "крамчукоў" і па сумяшчальніцтве гукаапэратар "Песьняроў" Аляксандар Папроцкі праводзіў музыкаў у студыю "ўціхую". У выніку быў запісаны шэдэўр. Бадай што ўзорны беларускі рок-альбом: "крамаўскае" выслоўе "Будзь разам з намі" пайшло ў народ, як калісь купалаўскае "Жыве Беларусь", "Стэфку" і "Каханьне а шостай" падбіралі на гітары ў дварах разам зь песьнямі Цоя і Шаўчука, а безь "Бяжы, хлопец" і "Хворы на рок-рол" не абыходзіцца ніводзін канцэрт "Крамы". Менавіта гэты альбом зрабіў гурт лідэрам беларускага рок-эшалёну - па яго выхадзе музыкаў узнагародзілі першай гістарычнай "Рок-каронай". Беларускі рок ад "Крамы" зацікавіў і замежных фундатараў. Пакінем без камэнтараў, што гэта былі за яны, але ангелец Нэў Мэйсан выдаў у Вялікабрытаніі ангельскамоўную вэрсію "Хворага..." пад назвай "Vodka on ice" - увогуле першы, але яўна правальны СD у гісторыі Беларусі.

Сам лідэр гурта Ігар Варашкевіч зазначае, што і да сёньня беларускамоўны "блюзец" выконвае на прыстойным узроўні толькі "Крама".

Gods Tower, "The Eerie" (1993)

Жудасны альбом, занадта ўражлівым слухаць не рэкамэндуецца.

"Вусьцішны, змрочны" паводле назвы і сапраўды наскрозь прасякнуты чорнай цішынёй і жывёльным рыкам. Музыкі балянсуюць паміж фолькам, паган-мэталам, готык-музыкай і думам, выдатна спалучаючы гэтыя накірункі. Што важна, неабазнанаму ў "цяжкіх" кірунках настойліва ня хочацца выключыць сідзюшнік - цікава паслухаць жывых клясыкаў.

У 1993 годзе "The Eerie" выйшаў на МС, але перавыданьня на CD (лэйбл Metalagen) давялося чакаць доўгія 4 гады. І варта было: у 1997-м "змрочны" сустрэлі як новы. Зьдзіўляе ён і сёньня - непаўторным спалучэньнем паганскай магутнасьці, цяжкага гітарнага гуку з пругкімі, сьветлымі, амаль бязважкімі сола. Гітары то гучаць па-шаманску напеўна, то стогнуць і разам з хрыплым рыкам Лесьлі Найфа валяць у багну першабытных інстынктаў. Нятанна і сурова.

Палац. Фольк-мадэрн (1994)

Слова "мадэрн" у 1994 нават у Беларусі ўспрымалі з гіроніяй - "на двары постмадэрнізм, а тут гэтыя!" Але студэнты Інстытуту культуры сапраўды паглядзелі мадэрнова (то бок па-сучаснаму) на беларускую фальклёрную спадчыну, адаптаваўшы старадаўнія народныя песьні пад папулярныя на той час дыска-матывы і аздобіўшы гэта ўсё рэчытатывам. А каб ніхто ня думаў, як гэта ўсё назваць, музыкі самі далі вызначэньне на вокладцы - фольк-мадэрн.

Голас Алега Хаменкі, набліжаны хутчэй да жаночых, чымся мужчынскіх сьпеўных традыцыяў, і яго нестандартныя для беларускай эстрады рухі цела добра задавальнялі патрэбу масаў у "сваіх" танцах і такіх жа "зорках". Пакінем пры сабе ўспаміны нават пра самыя ўбогія "эўра-дэнс"-праекты МАХХ, Ice MC і інш., на тле якіх аранжыроўкі "Палаца" выглядалі яўна па-беларуску, але калі ўзгадаць, што пасьля "Песьняроў" тут ніхто нічога падобнага не рабіў... Нарэшце, попыт на беларускі фальклёр быў адноўлены. Далей ён будзе толькі ўзрастаць: з фольк-студыі "Палац" паўстануць "Крыві" і "Юр'я", а недзе праз два гады ў Галяндыі выйдзе першы альбом "Троіцы".

Нейро Дюбель. Умные вещи (1995)

Над двайным альбомам "Умные вещи" музыкі працавалі 48 гадзінаў (вядома, зь перапынкамі), падчас якіх выкарысталі "немеряно пива, немного водки и коньяку". Сёньня Кульлінковіч узгадвае, што альбом пісалі жыўцом, песьні амаль ня зводзілі, бо працавалі дзеля жарту. Панкі, што зь іх узяць!

Жарты жартамі, але ўсяго праз два тыдні пасьля выхаду "Умные вещи" намінуюцца на "Лепшы беларускі альбом" "Рок-кароны'95". Хуткі посьпех складана патлумачыць. Можа, прычына ў арыгінальным поглядзе на песьні з "Бременских музыкантов", можа, панкаўскія шчыраваньні "Боже, покарай Англию", "Петрова", "Гуси-лебеди" - амаль кожны сярод 27 песень мог знайсьці нешта сваё. І безумоўная клясыка расейскамоўнага белроку - "Резиновый дом" - такі айчынны "Nothing Else Matters". А можа, народ закалупала, што па некалькі год у Беларусь не наведваецца Мамонаў ці які "Аукцыон"...

"Умные вещи" - тлустая кропка ў панкаўскай кар'еры "дзюбелей", хоць ярлык "нашыя панкі" на гурт пасьля гэтага запісу начапілі канчаткова. Кульлінковіч жа адмаўляецца ад гэтага : "Людцы, мы ж граем звычайны рок, якія мы панкі!?"

Ляпис Трубецкой. Ранетое сердце (1996)

Самая ўдалая ў беларускім року спроба наблізіцца, а не падлізацца да масаў. Арыгінальнае рашэньне: Міхалок з таварышамі стварыў вобраз гэткага простага закаханага "прастачка", здольнага задаволіць сваімі паводзінамі ўсіх. Побач з такім Сірожам, у якога не жыцьцё, а "абы чё", інтэлектуалы нарэшце змаглі адчуць сябе разумнымі і разважлівымі, а такія ж "прастачкі" - пабачыць "свайго" хлопца ў "целявізары" і парадавацца: "О, зашыбісь!"

Чулі б вы тую спрэчку ў 1996 годзе з нагоды ўзнагароджаньня "Ляпісаў" "Рок-каронай"... Адныя даказвалі, што рокам "абзываць" песьні са словамі "Я желудок, ты - еда..." суцэльнае блюзьнерства, іншыя ж запэўнівалі, што "Ляпісы - гэта наша "ўсё" супраць іхнага "нічога".

У тым жа 1996 годзе на заўвагу журналіста Зьміцера Бескаравайнага "Вас называюць самым прагрэсіўным беларускім гуртом" Сяргей Міхалок адказаў: "Галоўнае, каб не рэгрэсіўным і ня рускім!" Хіба што зьдзекаваўся зь сябе, бо ўжо праз год дзякуючы расейскаму рэкардз-монстру "Союз" у такт Міхалку "Ау, ау, ау"падвываў увесь СНД.

Новае неба. Мая краіна (1996)

Адзін з самых своечасовых альбомаў. У 1996 ён быў патрэбны так, як, можа, за 90 гадоў да яго выхаду быў патрэбны зборнік вершаў Цёткі з "гітом" "Мора". Адпаведны і патас вершаў: "Мая краіна пад белым сьцягам з чырвонай стужкай". Той надрыўны голас Касі і нэрвовая "мроеўская" гітара (гэта быў апошні альбом НН, дзе бралі ўдзел Вольскі and К), тыя тэксты Сыса, Вольскага, Бабкова (узгадайма яшчэ альбом 1995 г. "Прэзыдэнт, ідзі дамоў!") надавалі "пакрыўджаным і зьняважаным" масам пачуцьцё блізкай расплаты.

Калі ранейшыя альбомы НН былі зробленыя з арыентацыяй на падрыхтаваную (элітную?) аўдыторыю, то "Мая краіна", падаецца, хіліцца да неакрэсьленага ні колькасна, ні якасна, але масавага слухача. Без сумневу, НН - адзін з самых адметных праектаў 90-х, а Кася Камоцкая сапраўды - "каралеўна"!

N.R.M. Одзірыдзідзіна (1996)

Альбом, што даў сьвету "Партызанскую", "Мы самі па сабе", "Лепей ня будзе" і іншыя гіты. Менавіта пасьля яго N.R.M. набылі папулярнасьць, згубленую "Мрояй", і гэты посьпех сапраўды амаль ня быў зьвязаны зь імем "вэтэранаў беларускага стод-року" - зусім іншая музыка і падыход.

Хай сабе ідэя "незалежнай краіны-гурта" ня надта "сьвежая" - яе ўжо выкарысталі хлопцы з вугорскай каманды "Лайбах", хай паміж Вольскім і Кабэйнам доўгі час праводзілі паралелі. Але ж галоўнае ў тым, што самі N.R.M. здолелі стацца музычным сымбалем "нашай ускраіны": прамежак часу, які пачаўся з гэтага альбома і цягнецца дагэтуль, можна назваць "эрай N.R.M.". У гэтым жа альбоме канчаткова сфармаваўся той самы гук, вядомы зараз як "энэрэмаўскі". На жаль ці на шчасьце, фальклёр у рок-апрацоўках (гл. "Мела мама тры сыночкі") далей так не прыжыўся.

Крыві. За туманам (1997)

З гэтым альбомам праект студыі "Палац" набывае поўную самастойнасьць. Пасьля шматлікіх пературбацыяў сфармаваўся "залаты" склад "Крыві": Вераніка, Тодар ды Піт. Адбыліся і стылёвыя зьмены - музыкі адмовіліся ад заюзанага "фольк-мадэрну" і прыхіліліся да найбольш актуальнага (прынамсі, у Цэнтральнай Эўропе) world music. Піт, напрыклад, які ніколі ня скардзіўся на сьціпласьць, посьпех "Крыві" тлумачыць ўласна сваім прыходам у гурт: маўляў, тысячы прыхільнікаў "НРМ" пачалі слухаць этна-рок празь яго. Можа й так, а магчыма, асноўная прычына ў цудоўным спалучэньні вакальных дадзеных Кругловай і Вайцюшкевіча ці ў адсутнасьці рэпэтыцыяў (выступы "Крыві" пабудаваныя на імправізацыях). Факт у тым, што пасьля "Песьняроў", "Палаца" ды "Троіцы" музыкі знайшлі свой - мульты-культы - падыход да беларускай аўтэнтыкі і абвесьцілі пра нараджэньне новай - "крывіцкай".

Троіца (1997)

Альбом "Троіца" выйшаў у 1997 невялікім накладам у Галяндыі і стаў здабыткам нешматлікіх эстэтаў - аматараў аўтэнтыкі. Матэрыял для альбома зьбіраўся цягам 13 год, за гэты ж час сфармаваўся сапраўдны музэй старадаўніх інструмэнтаў, чароўныя гукі якіх можна пачуць на альбоме.

Парадокс, але папулярнасьць беларусаў прыйшла на Бацькаўшчыну з-за кардону. Беларускі рэліз "Троіца" перажыла, калі сышлі Шкілёнак і Лук'янчык, а Кірчук набраў маладых музыкаў, якіх наноў навучыў сьпяваць, граць ды імправізаваць, як гэта рабілі за некалькі сотняў год да яго пры паганскіх капішчах. Банальна, але факт: беларуская аўтэнтыка зноў загучала па-новаму.

Drum Ecstasy. Dopili vino barabany udarili v raz (1997)

Адзіны альбом гурта Drum Ecstasy даказвае вядомую тэзу: нават самы дасканалы запіс ня можа замяніць жывога выступленьня каманды на сцэнічнай пляцоўцы. Тым больш калі гаворка ідзе пра аднаго зь лідэраў айчыннага андэрграўнду, энэргетыка імпрэзаў якога хоць і будуецца на drum-рытмах, але вельмі моцна залежыць ад візуальнага суправаджэньня (сьветавых ілюмінацыяў, слайдавага шоў, нарэшце, знакамітых танцаў са сьцягам) і эфэкту прысутнасьці. Ці варта ўвогуле гурту, які мае больш за 60 імпрэзаў штогод, нешта запісваць, калі ў выніку атрымаецца бледная копія жывога выступленьня?

Менавіта гэты запіс, дзе былі скампіляваныя кампазыцыі да 1997 году (уключна з супэрхітом "oh Empire"), дазволіў музыкам зафіксаваць пэўны этап, а незнаёмым - пазнаёміцца з культурнай зьявай. Знаёмцеся, і да сустрэчы на імпрэзах.

Narodny Albom (1997)

Першы і самы ўдалы айчынны супольны праект. Менавіта падчас запісу NА канчаткова сфармавалася гэткая "супольная тусоўка", беларускі "порочный круг": N.R.M., ULIS, НОВАЕ НЕБА, KRIWI і Памідораў. Што праўда, падчас працы над NА Камоцкая з Вольскім пасварыліся канчаткова, пакрыўдзіўся на ўсіх Корань, Памідор паверыў у свой сьпеўніцкі талент, а Круглова і Вайцюшкевіч прамянялі Выдронка на Паўлава. Атрымаліся з гэтага ўсяго яшчэ некалькі "супольных з прэтэнзіяй": "Сьвяты вечар", "Я нарадзіўся тут" - бляклыя, безыдэйныя і аднастайныя.

Хросны бацька NA Міхал Анемпадыстаў, мастак і паэт, - самы сьвядомы кан'юнктуршчык: пад нястройныя скавытаньні пра "загублены край" ён напісаў гісторыю беларускага мястэчка, якога не было, але якое мусіла быць. Сьмешнае, недурное і "зь ідэяй" лібрэта падмацаваў "цьвет" беларускай альтэрнатыўнай музыкі, зрабіўшы ф'южн з полькі, танга, рамансу, псыхадэліі, хіп-хопу. Простая і густоўная апэрэтка, то бок мюзыкал, пра і для беларусаў.

Вольныя танцы. Слухай сваё! (1999)

Першая і бадай самая пасьпяховая беларуская рок-кампіляцыя: панатыкаць у адно столькі ўсяго (рок, панк, нойз, попс) і адным махам зараз ніхто нават не наважыцца, а тады, пры пастаяннай адсутнасьці беларускіх рок-"гітоў" у адным месцы і фатальна кепскім гуку аўдыёкасэтаў фармат digital даваў зялёнае сьвятло беларускамоўным. У захапленьні тыя прыціскалі да грудзей далоні, зь лёгкіх вырывалася патаснае "нарэшце!".

Адзін зь першых СD у Беларусі разыйшоўся са сьвістам, не зважаючы нават на рэдкасьць уласна CD-прайгравальнікаў. Тады нават думкі не было, што беларуская музыка можа прыносіць нейкія грошы. Далей зборкі "Вольныя танцы" стануцца традыцыйнымі і схільнымі да мэйнстрыму.

Зрэшты, як і ўвесь "беларускі рок"...