CD, Студэнцкая Думка

02/2003


АХВЯРЫ АБОРТУ

Некалі яны густоўна апусьцілі ўсіх кандовых “беларускіх рокераў”, і гэта было запамінальнае відовішча!

Болю амаль не было - хутчэй адчуваньне ўнутранай пустаты і холаду, такога ўсепранікальнага, да пары з роту і сіне-фіялетавых вуснаў (абяскроўліваньне хіба). Я маю на ўвазе, фізіялёгія амаль не зьмянілася, толькі ўнутры не хапае жывога, якое варушыцца і супраціўляецца зьнешняму нэгатыву. Па вялікім рахунку, менавіта ён стаў прычынай таго, што амаль усе спробы даць жыцьцё заканчваліся адным і тым жа - спаронам (абортам па-нашаму). Яго ахвяраў рэдка хто ўзгадвае - лепей казаць пра існуючыя праблемы і магчымыя пэрспэктывы, чым аплакваць ненароджаных, якія пукамі вісяць на сумленьні.

Я не акушэр і не патолягаанатам, каб высьвятляць прычыны заўчасных сьмерцяў усіх ненароджаных - мае прэтэнзіі бліжэй да доктара-назіральніка: няважна чаму і як, цікавыя самыя факты, факты пра цікавых.

EXIST

Юра Хобіт, а пасьля і сам EXIST, зьявіліся невыпадкова. У 1997 годзе, калі стала зразумела, што на аднаго мэляманапрыпадае занадта шмат рок-дыназаўраў, якія перасталі цікавіць нават палеантолягаў - занадта аднастайны вывадак, - усе былі ў прадчуваньні: ужо блізка! Прадчуваньне пасьля аказалася самай простай надзеяй, надзеяй без пэрспэктываў. Але неспакойным было не да таго - хацелася сьвежых, не пабітых бясконцымі ўліваньнямі і "цяжкай жызьнёй" твараў (пажадана, Faces), здольных стаць новымі героямі.

Хобіт цалкам адпавядаў патрабаваньням: харызматычны, езусападобны малады чалавек з сумнымі вачыма, у вэльвэце, такі элегантны і сарамлівы брытанец (эўрапеец?), які любіць Сартра, мае поўную дыскаграфію Sonic Youth і на дзень народзінаў п'е зь сябрамі абсэнт.

Першая дэмка EXIST і завязаная пасьля яе праслухоўваньня доўгая размова канчаткова расставілі акцэнты ў спадзевах - Хобіт сапраўды ведае, што трэба рабіць: выкінь сярэдні палец на правай руцэ і ўяві сабе, што граеш у якім клюбе ў Лёндане. Крыва, па-беларуску тупа, але ў Лёндане! Ня трэба папсовых мараў, гарадоў - мроі павінны адпавядаць абавязкам, узятым на сябе. Будзь сабой, будзь непадобным. Апошняе слова як "амэн" напрыканцы малітвы. Але непадобны не па-таннаму, а па-сапраўднаму.

Саўнд "Памыліўся" - экзістаўскага блёкбастэру - быў страшнейшы за атамную вайну, але ён чапляў: дзікія гітары, нетутэйшыя гукі. Sonic Youth, Ino, Portishead і куча іншых у адным месцы. Усе сьціхалі, калі чулі EXIST у першы раз, - а Юрку і Эндру было па барабану: на сцэне "хлопцы з Курасоўшчыны" ператвараліся ў раньніх Radiohead.

Было б дзіўна, калі б EXIST і сам Юрка раскруціліся, бо прэтэнзіяў да іх было шмат - "заціхі вакал", "неабгрунтаваная гітарная какафонія", "нешта няўцямнае" і іншая нацыянальная лухта. Паслаць усіх куды падалей і займацца сваёй любімай справай - самае простае. Паспрабаваць атрымліваць хоць нейкія матэрыяльныя радасьці ад музыкі - амаль немагчымае. Так, яны былі крутымі - гэта 100%. Сапраўды, такіх ні да, ні пасьля іх не было - 200%. І абсалютна зразумела, такія нікому не былі патрэбныя - 300%.

Сказаць, што пра EXIST ведалі - не скажу: пра іх "нешта чулі" (хутчэй за ўсё, блыталі з кім-небудзь, ці слова падавалася надта знаёмым - у 1997 экзыстэнцыялізм толькі-толькі даходзіў да "прасунутых"), яны дзе-нідзе выступалі, штосьці рабілі, але асфіксія была не за гарамі. У 2001 EXIST апошні раз зьявіўся на кампіляцыі "Альтэрнатыва.by" - і ўсё. Хобіт "скапціў" у Вялікую Брытанію, дзе зараз і сядзіць.

Няважна, што большасьць дагэтуль ня можа правільна прачытаць і вымавіць - EXIST, пофігу, што на адзіным сольніку ў "Луче" (быў такі клюбец у нейкім ДК на Нямізе) набралося два з паловай "удзячныя" слухачы. Некалі яны густоўна апусьцілі ўсіх кандовых "беларускіх рокераў", і гэта было запамінальнае відовішча!

РАСПИЛИЛ И ВЫБРОСИЛ

Яны былі сапраўднымі адмарозкамі, такімі, якіх зараз днём з агнём. Пачынаючы ад назвы: некалі ці Сувораўцаў, ці Лібэрзон прачыталі ў газэце "Труд" артыкул "Распилил и выбросил" - як муж забіў, а пасьля расьпілаваў жонку. Разрозьненьне - ня цымус: самае забаўнае, што на наступны дзень дзеці гуляліся з парэшткамі ў пясочніцы - на нейкім этапе замятаньня сьлядоў бандзюга даў промах... І заканчваючы месцам сустрэчы двух геніяў - вэтлякарня, куды ў хрэстаматыйным трыко з адвіслымі каленямі Сувораўцаў і Лібэрзон прыцягнулі сваіх чацьвераногіх сяброў. З таго моманту ўсё і пакацілася-палілося.

Ніколі ня бачыў і ня чуў жыўцом гэты калектыў, але колькі сябе памятаю, заўжды пра іх ведаў. І гэта, магчыма, - самы яскравы паказьнік таго, што РИВ ня проста прэтэндавалі на культавасьць.

З 1994 пачалі фрагмэнтарна даходзіць чуткі, што ёсьць такі Сувораўцаў - круты, вельмі наварочаны музыка, а па сумяшчальніцтве наркаман. У слабой ад аксіялягічных узрушэньняў юнацкай псыхіцы ўяўляўся сутулы 25-годак з чырвонымі вачыма і нездаровым колерам скуры, які ходзіць і нешта пад нос мармыча - як высьвятляецца пазьней, чарговы гіт - бязглузды, незразумелы, але катастрафічна сьцёбны.

Так і ня здолеўшы ў свой час трапіць на РИВ у "Аддис-Аббебу" і "Три поросенка" (з прычыны ўласнага малалецтва і малаальтэрнатыўнасьці), у 1998-м нарэшце ўбачыў і набыў "Мульти-пульти, джыгі-джыгі" - адзіны выдадзены альбом РИВ. Як неаднойчы заўважалі клясыкі, лепшае завучваньне тэорыі адбываецца на практыцы, але што вар'яцтва можа быць настолькі геніяльным і сьмешным - у трунах па камандзе пераварочваліся Кабэйн, Хендрыкс і Доггі Дог з Technotronics.

Калі ў 2000-м Саша Сувораўцаў на колькі тыдняў вярнуўся са свайго забітага "Шыкего" (USA) y забыты Менск, амаль увесь свой візыт прабавіў на сцэнах нешматлікіх клюбаў, дзе выступаў з часова рэанімаванымі "Распилил и выбросил". А пасьля зноў зьехаў у Амэрыку, дзе, па чутках, вучыцца і працуе таксістам. ЗША далі яму магчымасьць наведаць розныя капкраіны і ўзбагаціць слоўнік беларускага эспэранта, вывучэньне і папулярызацыя якога пачаліся ў недалёкім Менску ў 1992 годзе.

AEROPLAN-КІТ

Дагэтуль незразумела, хто за кім - ці Aeroplan за Кіт, ці наадварот (вядома толькі, што гэта фактычна адзін гурт). Прасачыць гэта па альбомах таксама немагчыма - ніякіх храналягічных зьвестак на іх няма, да таго ж нехта са знаёмых даў паслухаць CDs амаль адначасова. Ведаў той нехта, каму даваць: і Five Biospheres, i Purple trees назаўжды "згубіліся" ў лябірынтах бясконцых "рамонтаў" і "перапісваюць сябры" - (насамрэч, аддаваць шкада). http://aeroplan.virtualave.net/ таксама ня даў ніякіх надзеяў - адно што ў гасьцявой прывітаньні нейкаму Пілёту ад бясконцых менскіх, лёнданскіх, амэрыканскіх сяброў і сябровак - кароткія, часам рытарычныя, якія ні да чаго не абавязваюць. Бэльгійскіх мэйлаў нібыта няма, хаця якраз гэта і дзіўна: кажуць, самы лепшы беларускі брыт-поп пастаянна мешкае менавіта там. Без сарказму: Aeroplan-Кіт сапраўды як удар па руках сьвядомым рокафобам. Вельмі беларускі па настроях - флегматычныя, нясьпешныя, сумна-пазытыўныя і простыя мэлёдыі, быццам скалькаваныя з той гасьцявой (паводле азначэньняў) тэксты. І тупое, як зубны боль: чаму б ня быць больш простымі, каб пачулі, менш прэтэнцыёзнымі, каб заўважылі? Рацыя: толькі Not here.