CD, Студэнцкая Думка

02/2003


БЕЛАРУСКIЯ ПАЛЬЦЫ

Ноты прыдумалi для Брытнi Сьпiрс! Мы паважаем iншую музыку. Нам абавязкова падавай усялякую альтэрнатыву. У CD'шнiку N.R.M., пад падушкай Shakira - вось яны, суровыя рэалii тых, хто спачувае беларускаму шоy-бiзу.

Стогны на тэму адсутнасьці як "шоў", так і "бізнэсу" такія ж сьмешныя, як анэкдоты пра габрэяў для тых, хто іх не разумее. То бок ня сьмешныя яны зусім. Дасталі ўжо ўсіх. А між тым нейкі дзіўны гонар ахоплівае лепшых прадстаўнікоў музыкі.by за свой жа ўласны прадукт. Гонар за яго наяўнасьць. Маўляў, "на бязрыб'і..."

Але не, спадары патрыёты сваёй справы, мы ж ведаем, што лепей за тухлую рыбу - заморская каўбаса. Са страўнікам праблемаў меней!

Фэномэн распальцовак знаёмы ўжо даўно. Тут альбо комплексы, альбо стараннае "замазваньне" ўласнай нягегласьці. Адбываецца сублімацыя нязробленага ў бязьмежных пантах. Для першапачатковага застрашэньня - вельмі карысны ход.

Скарыстаюся тэрмінам "беларускі РнР", бо нічога іншага для гэтага выкідка так і не прыдумаў. Што мы маем у аснове гэтай зьявы? Геаграфічная мапа Эўропы пэрыяду фэўдальнай раздробленасьці - кожны сам сабе рок-кароль і непрызнаны геній. Паважаць яго абавязаныя ўжо таму, што гэты "кароль", напэўна, шмат чаго зрабіў бы для падняцьця рэйтынгу роднае дзяржавы, калі б не абставіны... І ў рэдкія моманты паміж паглынаньнем сьмяротнай дозы алькаголю&анашы і нездаровым сном на кватэры ў старога знаёмага стругае каранаваны, што той папа Карла (з трухлявага палена - Бураціну), вечна новыя рэлізы, сынглы, альбомы і ўсякую канцэртную муць для альтэрнатыўных пляцовак кшталту ДК "БелОГ".

Нараджэньне беларускага рок-н-ролу не зьвязанае з працэсамі сусьветнай музычнай прасторы ў прынцыпе. Беларускі рок-н-рол такі ж самабытны, як альховыя граблі. І калі ў тройчы клятай Маскве рокеры памылі валасы, папралі майкі і перамясьціліся з сутарэньняў на пляцоўку ў Раменскім, нашыя суайчыньнікі з прычыны ідэйнай чысьціні так і засталіся ў пракураных пяціпавярховіках - чакаць музу, а заадно і грашовых прадусараў.

Гэта толькі ў нас можна здымаць відэакліпы за 2 пляшкі "Крышталь Люкс", а потым ладзіць эксклюзіўныя прэм'еры для сваякоў і сяброў. І няхай Кульлінковіч не выпендрываецца са сваім "Васем" - зьняць відэа за 5 штук $ зможа кожны, а вось так, "па дружбе" - толькі Толік Вечар. А паколькі "дружба" - зьява ўзвышаная і не пакідае месца фінансам, то кліпы гэтыя з прычыны сваёй спэцыфічнай авангарднасьці так і застаюцца зразумелымі толькі для здымачнай групы.

Зрэшты, гарантую - нават за 5 штук атрымалася б тое самае, што і бязь іх, хіба што гулялі б на радасьцях крыху болей, а той-сёй нават дублёнку прыкупіў бы.

Безумоўна, таленты ў нас ёсьць. Напрыклад, талент ператвараць у гаўно выдатныя ідэі. Да таго ж, чым ідэя лепей, тым мацней пахне пасьля магічных ператварэньняў. Але, як кажуць, "дым отечества нам сладок и приятен…". Недарма музыкі.by "очэнь дажэ" любяць выступаць на адной пляцоўцы з музыкамі.ru. У нашай асаблівай рэальнасьці мяжа ўражлівасьці сьціраецца, што дае ўсьведамленьне таго, быццам яны - такія ж людзі, як і мы, а мы - такія ж зоркі, як яны.

Альбо, зноў жа, беларускі Grammy. Рок-каранацыя як люстэрка беларускага рок-н-ролу. Дзе каранацыя? Ды тамсама, дзе і рок-н-рол. Бо калі ўлічваць усе дасягненьні ў галіне шоў-бізу, пераможцамі стануць "Краски" як безумоўны прарыў, а "Крама" сарве куш у намінацыі "традыцыі i сучаснасьць" за стабільна добры гук і нязьменны рэпэртуар.

Будзем шукаць вінаватых. Рэкамэндую: у сабе! Да люстэрка часьцей падыходзіць, машынку губазакатальную набыць па аб'яве... Ці мала спосабаў? Бо ў свае ж распальцоўкі самі пачынаем верыць. Губляецца гэтае аб'ектыўнае ўспрыняцьце. Не, татальна ганьбіць таксама ня варта, але перад тым як выносіць на ўсеагульны агляд тое, што было створана "for home or office use only", трэба сур'ёзна падумаць. Бо выміраюць прафэсіяналы, а некаторым і нарадзіцца не даюць. Гэта ж нармальна, што ў суседа карова маладая здохла, абы не мая, няхай і старая. БаранІць альбо барАнiць - вось у чым пытаньне! Разьбярэмся з націскам і зробім пальчыкі па-чалавечы - глядзіш, і "Воплі Відаплясава", і "Brainstorm" у нас свае зьявяцца. Эўрабачаньне ў Менску, вядома ж, мае такія самыя шанцы адбыцца, як алімпіяда, але пасылаць на конкурсы хлопчыкаў і дзяўчынак, адрозных ад Ірыны Дарафеевай, нам ніхто не замінае. Былі б яны...

Часам падаецца, што палова чалавецтва - выхадцы з-пад Магілёву. Кажуць, нават Джордж Буш меў у сваёй радаслоўнай палескія карані. Толькі вось незадача - у Амэрыцы ён чамусьці апынуўся. А мы тут. Адчуваем нечалавечы гонар з нагоды гістарычнага казусу.