СЛАВА, НЕШТА ДЗІЎНАЕ АДБЫВАЕЦЦА З РОКАМ У БЕЛАРУСІ. ЁН ЗАЙМАЕ АСНОЎНАЕ МЕСЦА НА Т.ЗВ. МУЗЫЧНЫМ РЫНКУ: НІ ЭЛЕКТРОННАЯ МУЗЫКА, НІ ПАПСА НЕ ДАСЯГНУЛІ ЯШЧЭ ТЫХ ПАЗЫЦЫЯЎ, ЯКІЯ МАЕ РОК. ЧАМУ ТАК?
У Беларусі рок-культура насамрэч такая... жывенькая. І калі Стынг заявіў, што рок памёр, - ён сказаў гэта, таму што ён лідэр поп-гурта і пайшоў граць поп. Для яго рок памёр, і памёр з-за шоў-бізнэсу. Тое самае было і ў Расеі, і на Ўкраіне. Зьявіліся вялікія грошы, і гэтыя грошы адціснулі рок на задні плян. У Беларусі ж няма вялікіх грошай. Няма людзей, якія б прапанавалі беларускім музыкам магчымасьць зарабляць. Тут грай ты рок, грай ты поп, грай што заўгодна - усё адно не заробіш. Таму маладыя людзі спрабуюць выразіць свой стан самым простым чынам (хаця гэта менавіта ім падаецца, што самым простым) - граючы рок. І калі гэты спосаб самавыражэньня пойдзе далей за два-тры акорды, калі чалавек насамрэч таленавіты і будзе спрабаваць знайсьці сваю лінію - ён сябе зробіць. Галоўнае - не пайсьці на повадзе ў папулярных гуртоў, якія і з Захаду, і асабліва з Усходу на нас ціснуць. Усходнюю, расейскую музыку наагул лягчэй граць. А там вялікі рэгіён, і тыя камандачкі - зараз іх шмат зьявілася, асабліва па БТ ва ўсякіх гіт-момантах - яны граюць падобна да маскальскіх камандачак і спадзяюцца зарабіць у Маскве грошы. Дарма спадзяецеся.
А ЯКІЯ АЛЬТЭРНАТЫВЫ? ТВАРЭНЬНЕ Ў СТОЛ? АЛЬБО РАЗЬВІЦЬЦЁ - АЛЕ АТРЫМАЕЦЦА СТЫНГ ПЛЮС ШОЎ-БІЗНЭС.
Не. Хіба тутэйшага року ў тым, што ён пачаў разьвівацца пазьней на дзесяць-дваццаць гадоў, чымся заходні. Спрабуючы дагнаць папулярнасьць заходніх камандаў, ён праскочыў нешта вельмі важнае - духоўнасьць. Засталася толькі абалёнка, форма бязь зьместу. Яна можа быць нават лепшая, чым у некаторых заходніх камандаў, але зьмест фактычна адсутнічае. А гэта ўжо ня рок. І ніякае не мастацтва. Гэта называецца рамесьніцтвам. У нас вельмі шмат рамесьнікаў, якім наканавана працаваць толькі тут, у крайнім выпадку ў Расеі. Там, дзе людзям не да энэргетыкі, дзе ім усё роўна, пад што жаваць.
ДЫК, УЛАСНА, ДЛЯ ЧАГО ПРАЦУЕЦЕ ВЫ?
Я працую з разьліку, што ўсё-ткі дажыву да таго часу, калі сярэдні ўзровень насельніцтва падымецца да гурта ULIS, будуць купляцца нашыя праграмы, будуць канцэрты, і на канцэрты будуць хадзіць людзі. А болей нічога і не патрэбна. Галоўнае для мастака - нават не самаацэнка, але ацэнка тых, для каго ён гэта робіць.
Стан культуры вызначаецца ўзроўнем сярэдняй клясы. У Беларусі (я пра Расею ўжо не кажу - там горш) ён ніжэйшы за заходні ўзровень. Таму каб "настрыгчы капусты", трэба працаваць на гэтым сярэднім узроўні. А нас такі варыянт не задавальняе.
ВЫ ВЫПУСЬЦІЛІ ДЗЕВЯЦЬ АЛЬБОМАЎ, ULIS МЕЎ ШАЛЁНУЮ ПАПУЛЯРНАСЬЦЬ. АТРЫМЛІВАЕЦЦА, ВАШАЯ "СЯРЭДНЯЯ КЛЯСА" СПАЧАТКУ ДАРАСЛА, А ПОТЫМ ЗДРАБНЕЛА?
Ізноў жа, праблема бел-року. Амаль дзесяць год - з 84-га па 93-ці прыблізна - ён быў нашмат вышэйшы за маскоўскі. Мы гралі на такім жа ўзроўні, як і маскоўскія каманды, але ішлі на дзесяць год наперадзе іх: нашая музыка была больш сучасная, а яны сядзелі на сваіх старых ідэалах. Мы гралі эўрапейскую музыку, таму папулярнасьць была і ў Нямеччыне, і ў Англіі, там нават у газэтах пісалі: так, як ULIS, ніхто ня грае. Бо мы ні на каго не арыентаваліся. І публіка ў часы той "адлігі", калі камсамол дазволіў граць рок, таксама была на ўзроўні Эўропы. Альтэрнатыўную музыку слухалі, і на канцэрты быў проста лом. Мы сьвяціліся па тэлеку, па радыё - што таксама важна. Зараз па тэлеку паказваюць зэмфіраў, якія граюць прыблізна тое, што мы ў 80-х. Яны рэальна адстаюць. А мы - ULIS, прынамсі - рухаемся, мы граем сучасную музыку. Але публіка ўжо ад яе адарваная, яна слухае зэмфіраў і... блін, нічога больш у галаву не прыходзіць.
ПА ЛЁГІЦЫ, У ВАС ПАВІННА БЫЦЬ ЗАРАЗ ПАПУЛЯРНАСЬЦЬ У ЭЎРОПЕ.
Яна магла б быць, калі б хто-небудзь рабіў нам прамоўшн там. Не кажу, што яна павінна быць абавязкова. Але ў свой час за намі бегалі нямецкія музыкі, пыталіся, як мы гэта робім... Іх праблема - яны вучацца па відэашколах. Асабліва немцы. І ўсе гэтыя школы аднолькавыя. Яны могуць быць вельмі кляснымі гітарыстамі, але яны падобныя адзін да аднаго. Мы ж усе былі самавучкамі, даходзілі да ўсяго самі і гралі па-свойму. Таму немцы нам зайздросьцілі.
У Англіі - зусім іншая рэч. У Лёндане я зразумеў, што мы ўсё робім правільна. Там кажуць: усё тое, што па MTV паказваюць - гэта ня рок. Гэта папса. Сапраўдная рок-музыка - у пабах, барах і клюбах. У Лёндане гэтых клюбаў на кожным рагу па дзесяць штук. І ўяўляеш, колькі там камандаў, якія адна з адной пэрыядычна перасякаюцца, граюць сэйшны, канцэрты, публіка іх бачыць пастаянна. З гэтага вырастае іх рок-культура. З асабістых кантактаў і пастаянных кантактаў з публікай. Гэта вельмі важна для разьвіцьця сапраўднай рок-культуры. Гэта тое, чаго ў нас няма.
ТАДЫ АДКУЛЬ ВЫРАСЬЛІ НОГІ Ў ТУТЭЙШАЙ РОК-МУЗЫКІ?
Ногі расьлі проста зь BEATLES і LED ZEPPELIN. 70-я гады былі росквітам культуры "здыму". Скажам, у РТІ, дзе я вучыўся, былі асы здыму, яны здымалі заходнія гурты і рабілі цэлыя праграмы. А вось мы ўжо ня проста здымалі - мы інтэрпрэтавалі музыку, гралі па-свойму. Здымалі словы, здымалі асноўныя рыфы і барабаны, але атрымлівалася ў нас усё па-свойму.
ДОБРА, ВА ULIS ЁСЬЦЬ СВОЙ ТВАР. А ЯК З АСТАТНІМІ? ПАСТАЯННА НЕ ПАКІДАЕ ПАЧУЦЬЦЁ НЕЙКАЙ ДРУГАСНАСЬЦІ НАШАГА РОКУ.
Так, у нас ёсьць гэты... закос. Я наагул зьдзіўляюся музыкам, якія вераць у тое, што варта ім зайграць як RAMMSTEIN - і яны адразу стануць другімі RAMMSTEIN. Так ня будзе.
Вось табе яшчэ адно адрозьненьне нашай публікі ад заходняй. У нас людзі вядуцца, калі ім кажуць, што каманда грае як RAMMSTEIN. А вось заходнюю публіку не цікавяць дублёры - ёй трэба тое, чаго яна яшчэ ня чула. Таму ўсе MTVшныя прадусары зьяўляюцца, так бы мовіць, зборнікамі грамадзкіх ідэяў. Яны ходзяць па клюбах-пабах, а сапраўдныя рок-музыкі, якія там сядзяць, - яны і ёсьць генэратарамі ідэяў. А гэтыя, з MTV, толькі даносяць ідэі да масаў. Цяпер зірні, колькі на ўсё трэба часу. Скажам, ты нешта ўбачыў, потым штосьці сваё дадумаў, адрэпэтаваў, запісаў дэма. Перапісалі, нешта паправілі. Праз год-два-тры запісваецца праграма, прамоўшн - яшчэ год... Празь пяць гадоў яны папулярныя, праз шэсьць на MTV. І вось наш маладзён глядзіць гэтае MTV празь сем год і вырашае граць так сама. Пачынае рэпэтаваць, з горам напалам кляпае праграму... і ў выніку на добрых 10 год ён адстае ад арыгіналу. У нас усё перавернута з ног на галаву. Тут музыкі арыентуюцца на тое, што ім паказваюць па тэлевізіі. А калі яны яшчэ дзяруць з маскоўскіх камандаў, дык тыя наагул на дваццаць год адстаюць. Гэта зусім ня значыць, што калі ты будзеш сядзець, думаць і нікога ня слухаць, дык вынайдзеш ровар. Але ты, прынамсі, будзеш спрабаваць - а раптам ты гэта зробіш?
ШТО ВЫ ЎКЛАДАЕЦЕ Ў СВАЮ МУЗЫКУ ПАЧАТКОВА - АПТЫМІЗМ ЦІ ПЭСЫМІЗМ?
Я думаў пра гэта, але ўсё-ткі зь іншага гледзішча. Па-мойму, тэкст і музыка павінны мець некалькі пластоў. Калі ты разумееш пачутае ці там прачытанае адназначна, і ўсе ўспрымаюць аднолькава, то гэта дрэнна. Улісаўская музыка заўсёды была неадназначнай. Кожны чалавек мусіць знаходзіць у ёй тое, што яму бліжэй. Многія людзі так да канца і не разумеюць тэксты, напісаныя ва ULIS'е. Гэта добра.
СЛАВА КОРАНЬ І ІНШЫЯ ЛЮДЗІ АД МУЗЫКІ. ЗЬ НЕКАТОРЫМІ Ў ВАС ДАВОЛІ ДЗІЎНЫЯ АДНОСІНЫ: НА ПРЭЗЭНТАЦЫІ ALTERNATYVА_BY ПАСЬЛЯ ВАШАГА ВЫСТУПУ ПІТ ПАЎЛАЎ РАПТАМ ЗАЯЎЛЯЕ СА СЦЭНЫ, ШТО СЛАВА НАРЭШЦЕ ЗНАЙШОЎ СВОЙ ГУК. ДАВОЛІ ІРАНІЧНА ПРАГУЧАЛА.
Гэта праблема Піта Паўлава і тых людзей, якія так сябе паводзяць. Вось Дзяніс Шаравар у "Свободных новостях" неяк напісаў, што ён, маўляў, ванітаваў ад таго, як я сьпяваю. Фактычна ён мяне абразіў. Такія людзі спрабуюць вырашыць свае ўласныя праблемы за чужы кошт. Чаму Піт ня скажа пра нейкага невядомага музыку, што той "нарэшце знайшоў свой гук"? Чаму Шаравар не наехаў на нейкага невядомага сьпевака? Лепей узьняць свой аўтарытэт, абразіўшы чалавека, якога ўсе ведаюць. Я стараюся ў такіх справах спуску не даваць. Я пасьля схадзіў у рэдакцыю, хацеў убачыць таго, хто гэта напісаў. Проста паглядзець яму ў вочы.
ПАГЛЯДЗЕЛІ?
Не. Ён ня выйшаў... Затое болей пра мяне нічога не пісаў.
Такіх людзей шмат. Беларусы пакуль не ператварыліся ў сапраўдную нацыю - так і застаюцца пэрыфэрыяй Расеі. Гэтая местачковасьць і не дае табе сказаць: так, я ганаруся нашай камандай, нашым тэнісістам, рок- ці поп-гуртом. Абавязкова трэба некага аблажаць і тым самым сказаць: вось які я! Вунь слон пайшоў, а я на яго пабрахаў.
А ШТО НАКОНТ МАЛАДЫХ ДЫ НАХАБНЫХ? ПАСЬЛЯ НЕЙКАГА "БАСОВІШЧА" ІГАР ВАРАШКЕВІЧ НАПІСАЎ, ШТО ЯМУ БЫЛО НЕЦІКАВА СЛУХАЦЬ МАЛАДЫЯ КАМАНДЫ: УСЕ ГРАЮЦЬ АДНО І ТОЕ Ж.
Я памятаю гэты артыкул. Ён скардзіўся, што рытм-энд-блюз ужо ня так добра прымаюць, казаў, што ніколі ня будзе граць хард. А ён проста ня зможа яго граць! Я зьдзіўляюся іншаму: маладыя людзі, якія нарадзіліся зусім не ў 40-х ці 50-х і не пачыналі рытм-энд-блюз, зьбіраюцца зараз і граюць гэтую састарэлую музыку. Моладзь павінна рабіць нешта авангарднае, спрабаваць нешта зьмяніць.
А "Басовішча" - наагул асобная размова. Беласточчына - яшчэ больш кандовая мясцовасьць, чым Беларусь. І людзі, якія робяць "Басовішча", знаходзяцца пад уплывам польскай рок-музыкі і спрабуюць усё паварочваць у гэты бок. Маўляў, беларускія гурты горшыя за польскія. Раней гэта праходзіла - да таго моманту, пакуль мы не паставілі на месца апэратараў, якія фактычна рабілі сабатаж беларускіх камандаў. Гадоў шэсьць таму прыяжджалі польскія зоркі, выходзілі напрыканцы, пачыналі граць на тым самым апараце - і зьяўлялася магутнасьць, гук быў такі, што ва ўсіх сківіцы адвальваліся. І ўсе рабілі выснову, што беларускія гурты, якія выступалі перад гэтым - поўны адстой. Як толькі мы ўзяліся за гук, дык польскаія гурты й пажухлі. Яны сталі ў адзін шэраг зь беларускімі, і нікуды не падзенуцца. Проста ў іх больш разьвітая культура гуку, яны ведаюць, што зь ім рабіць. Гэтага ў беларускіх камандаў няма. Я не назаву ніводнай беларускай каманды, якая працавала б з гукам на сцэне, якой хацелася б дабіцца свайго, ні да каго не падобнага гучаньня. Усім пофігу!
ТАКОЕ ЎРАЖАНЬНЕ, ШТО СУЧАСНЫ РОК ЗАНАДТА КАНАНІЗАВАНЫ, КАБ ЗРАБІЦЬ У ІМ НЕШТА НОВАЕ. ТАК ЦІ ІНАКШ ГЭТА ГІТАРНАЯ МУЗЫКА, З ПАДОБНЫМІ ПРЫЁМАМІ СЬПЕВУ, З АДНОЛЬКАВЫМ ПА ДУХУ МЭСЭДЖАМ...
Насамрэч у року канонаў нашмат меней, чым нават у сымфанічнай ці поп-музыцы. Рок - гэта калі ты сваё сьветаадчуваньне выражаеш у гуках, якія выдаеш на публіку. Няважна якім спосабам, няважна на якім інструмэнце. Я лічу, тая ж "Троіца" - гэта рок-музыка. У іх іншыя інструмэнты, але гэта рок. А ты кажаш, каноны. Дыяпазон агромністы. Людзі самі сябе заганяюць у рамкі. Той самы блюз ад "Крамы" - абавязкова гітара, барабаны, клявішы, губны гармонік... і гітара павінна граць менавіта так, а не інакш! А чаму?
Альбо, скажам, людзі, якія граюць усялякія гітарныя мулькі, арпэджыё. Лічыцца, што вось гэта і ёсьць гітарысты. А я вось думаю, што гітара павінна гучаць так, як яна не павінна гучаць! Я ўспрымаю гітару ня як інструмэнт, я ак спосаб здабываньня гуку і спосаб данясеньня думкі. Інструмэнт павінен перадаваць твае адчуваньні, а не паказваць, як ты добра на ім граеш. Вось гэта і будзе рок-музыка. Тое, што я называю independents. Астатняе - практыкаваньні, штудыі.
САМЫ АПТЫМІСТЫЧНЫ І САМЫ ПЭСЫМІСТЫЧНЫ ВАРЫЯНТЫ РАЗЬВІЦЬЦЯ ПАДЗЕЯЎ ДЛЯ ULIS'У?
Пэсымістычны... Заканчваю альбом "Люстра", над якім зараз працую. Не знаходжу грошай, каб выпусьціць кампакт. Гады праз тры ён урэшце выпускаецца і аказваецца дзіка састарэлым. І не хапае сілаў зрабіць нешта новае. Аптымістычны - я ўдала заканчваю гэтую праграму, выпускаю кампакт, які добра раскупаецца і спрыяе таму, што людзі даведваюцца: гурт ULIS яшчэ існуе.
У людзей мусіць быць выбар. Cкажам, ты нешта прыдумаў сам. І твая музыка пакаціла, цябе ўзялі ў шоў-бізнэс. Ты зрабіўся папулярным, зарабіў мора грошай, а пасьля стаў блякнуць, лезьці ў агульную дзірку, каб зарабіць яшчэ. Гэта адзін шлях. Іншы - ты зрабіў сябе, і хай цяпер той шоў-бізнэс ваш ідзе ў дупу. Шмат такіх музыкаў. Той жа Браян Іна, які быў прадусарам U2 і які фактычна зрабіў іх U2. Ці Фрэнк Запа. Такіх усе паважаюць, але ніхто не ўзнагароджвае статуйкамі. Ці МакКартні, Харысан... Хоць яны і рабілі поп-музыку, але займаліся тым, чым хацелі, і ні пад які шоў-бізнэс не падпадалі - яны рабілі свой бізнэс. У нас няма такой магчымасьці. Ні для разумных, ні для моцных, ні для слабых. Аб усіх выціраюць ногі.