Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

12/2002


Рэха - Мы шмат у чым падобныя...

У траўні Беларусь наведалі прадстаўнікі швецкіх праваабарончых арганізацыяў – Svenska Freds (“За мір і арбітраж”) і Швецкага аддзяленьня Amnesty International (Міжнародная амністыя). "Ад Стакгольму да Мінску на самалёце ляцець усяго толькі паўтары гадзіны, а гэта бліжэй, чым ад поўдня да поўначы Швецыі", – кажуць швецкія сябры. У час, калі замежнікі, а тым больш праваабаронцы – ня самыя чаканыя госьці ў Беларусі, цікава даведацца пра іх уражаньні ад наведаньня нашай краіны. Са швецкімі партнёрамі ГА ПЦ "Вясна"

Гуніла ДАВІДСОН, Svenska Freds, Стакгольм.

– Я ведаю, што асноўнымі партнёрамі Svenska Freds у Беларусі зьяўляецца праваабарончы цэнтр “Вясна”.

– Так, нашая супольная праца доўжыцца ўжо каля чатырох гадоў. Кожны год мы рэалізуем праграму абмену – адзін тыдзень нашыя партнёры з Беларусі наведваюць Швецыю, і на адзін тыдзень мы прыязджаем у Беларусь – праводзім "круглыя сталы" і знаёмімся.

– Галоўны аспект вашага супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі – гэта праблема правоў чалавека?

– Самае галоўнае для нас – гэта разьвіцьцё дэмакратыі. Для Svenska Freds і Швецыі як дзяржавы – гэта вельмі істотна. Мы ня ставім сабе за мэту, каб у вас было усё як у Швецыі, але, прынамсі, згодна з дэмакратычнымі стандартамі. І калі мы можам вам дапамагчы як арганізацыя ці як прыватныя асобы, для нас гэта істотна.

– Ты ўжо ня першы раз прыязджаеш у нашую краіну. Ці было нешта асаблівае гэтым разам, што табе найбольш спадабалася?

— Сёлета мы, акрамя працоўных сустрэчаў, наведалі Мір і Нясьвіж. Мне там вельмі спадабалася. Пра замак у Міры я сказала б, што ён падобны на замак Орэбру ў Швецыі. Гэта вельмі цікава. І я вельмі радая бачыць, што вы ў Беларусі аднаўляеце вашую гісторыю, рэстаўруеце помнікі. Беларуская прырода крыху падобная на швецкую, акрамя мора, вядома. Але ў вас шмат лясоў, як і ў нас.

Шанці ВІТТМАР, Svenska Freds, Стакгольм.

– У сьвеце няшмат арганізацыяў, якія за сваю дзейнасьць атрымалі дзьве Нобелеўскія прэміі. За што Svenska Freds мае гэтыя ўзнагароды?

– Svenska Freds была заснаваная ў 19 стагодзьдзі. Ініцыятарам стварэньня арганізацыі стала група парламентароў. Галоўным пытаньнем тады была рызыка вайны з Нарвегіяй, якая імкнулася да самастойнасьці. Шмат хто ў Швецыі, асабліва вайскоўцы, хацелі ваяваць. І як арганізацыя Svenska Freds паўстала, каб супрацьстаяць гэтым настроям у грамадзтве. Мэта была дасягнутая. У 1905 г. Нарвегія стала свабоднай краінай, і вайны не адбылося. Вось за гэта нашая арганізацыя і атрымала Нобелеўскую прэмію. Арганізацыя тады стала больш вядомай і ахапіла значную колькасьць людзей.

Другую ўзнагароду мы атрымалі за ўдзел у кампаніі супраць выкарыстаньня супрацьпяхотных мінаў.

– Якая мэта дзейнасьці арганізацыі зараз?

– Цяпер мы рэалізуем некалькі асноўных праектаў. Тое, дзякуючы чаму ў Швецыі ведаюць пра нас, – гэта перадусім дзейнасьць супраць гандлю і экспарту зброі. У нас было некалькі пасьпяховых кампаніяў у гэтым накірунку. Асноўны акцэнт мы робім на супрацьстаяньні экспарту ў недэмакратычныя краіны. Напрыклад, у Швецыі ёсьць закон, што нельга экспартаваць зброю ў краіну, якая знаходзіцца ў стане вайны. Але, тым ня менш, Швецыя экспартуе зброю ў Індыю. І мы спрабуем гэта прадухіліць.

– Як табе спадабалася ў Беларусі? Я ведаю, што ты сюды прыехала ўпершыню.

– Найперш спадабалася тое, што людзі тут вельмі добрыя. Уражвае, як маладыя цікавяцца разьвіцьцём сваёй краіны і які высокі ўзровень адукацыі ў многіх студэнтаў і школьнікаў, як мне падалося. З некаторымі школьнікамі мы сустракаліся ў Магілёве. Яны шмат ведаюць пра гісторыю, пра праблемы дэмакратыі – гэта сапраўды ўражвае. Калі параўноўваць, дык можна сказаць, што шведы больш стрыманыя, больш неахайна апранутыя, мы не надаём гэтаму такой увагі, як вы.

Анна ЛІНДБЕРГ, Svenska Freds, Упсала.

– Ці ведаюць ва Упсале пра Беларусь?

– Гэта залежыць ад таго, у каго запытацца. Людзі ўвогуле вельмі моцна зьвязваюць Беларусь з Расіяй. Яны ведаюць, што гэта ня частка Расіі, але ўсё ж такі гэта падаецца ім вельмі блізкім. Калі я сказала, што я еду ў Беларусь, мае сябры пыталі мяне: “Колькі гадзінаў гэта на самалёце? Напэўна, пяць ці шэсьць?”. І калі я адказвала, што “не, толькі паўтары гадзіны”, яны вельмі зьдзіўляліся, бо ў большасьці ёсьць такое ўражаньне, што Беларусь – гэта вельмі далёка ад Швецыі.

– Якія канкрэтыя крокі ты плануеш ажыцьцявіць у Швецыі пасьля свайго візіту ў нашую краіну?

– Мы плануем правесьці шэраг семінараў ужо ў гэтую восень, і мы спадзяёмся, што зможам супрацоўнічаць з філіяй “Вясны” ў Магілёве.

– Гэта значыць, што вы зацікаўленыя ў кантактах з беларускімі рэгіёнамі.

– Так, бо нам здаецца, што нашая цэнтральная арганізацыя ў Стакгольме мае кантакты наўпрост з арганізацыяй у Мінску. І таму для нас як для мясцовай філіі ва Упсале, больш цікава мець кантакты з вашымі рэгіёнамі.

– Хто ты па прафесіі?

– Малекулярны біёлаг. Гэта мая асноўная праца, якая ня мае ніякіх сувязяў з працай у Svenska Freds. І менавіта таму гэта так цудоўна – разнастайнасьць... У вольны час я з задавальненьнем працую ў Svenska Freds.

Марыя ЛОНЕ, Amnesty International, Упсала.

– Я ведаю, што асноўным накірункам дзейнасьці вашай арганізацыі зьяўляецца абарона правоў чалавека. У Беларусі – гэта вялікая праблема, але дагэтуль у нас няма прадстаўніцтва Amnesty International. Ці плануеце вы неяк актывізаваць сваю працу з Беларусью?

– Так, гэта праўда. Я ня ведаю, наколькі гэта магчыма адкрыць філію тут у вас, але мэтай нашай працы зьяўляецца адкрыцьцё філіяў ва ўсіх краінах сьвету. У нас, ва Упсале, існуе група, якая працуе менавіта з Беларусьсю. Усяго ва Упсале існуе дваццаць груп “Міжнароднай амністыі”, і адна з іх, у прыватнасьці, займаецца праблемай тых людзей, якія ня хочуць служыць у войску ў Беларусі. Нашая праца звычайна ўключае ў сябе ліставаньне да ўладаў. Мы пісалі лісты вашаму прэзідэнту Лукашэнку і некаторым іншым людзям, якія зьвязаныя альбо маюць нейкае дачыненьне да новага закону пра тых, хто адмаўляецца служыць у войску з розных прычынаў. Я ведаю, што зараз у вас пацыфістаў выпусьцілі з турмы, і нашая група ў Швецыі працуе над іншымі пытаньнямі. Вядома, нельга сказаць, што гэта вынік толькі нашай працы. Але безумоўна, што ў гэтым ёсьць і наш унёсак.

– Ці спадабалася ў Беларусі?

— У мяне склалася вельмі добрае ўражаньне. Але ёсьць і сумны момант. Справа ў тым, што мы сустракаліся з многімі арганізацыямі, якія займаюцца менавіта такімі пытаньнямі, як і мы ў Швецыі, і таму ў нас зараз, магчыма, крыху чорная карціна таго, што адбываецца з правамі чалавека ў Беларусі. Але ад сустрэчаў са звычайнымі людзьмі на вуліцы ў мяне ўражаньні самыя лепшыя.

Гутарыла М. Савушкіна