Права на волю

Бюлетэнь Праваабарончага Цэнтру Вясна

12/2002


Сітуацыя - Расправа над журналістамі

24 ЧЭРВЕНЯ ВЫНЕСЕНЫ ПРЫСУД ПА СПРАВЕ ЖУРНАЛІСТАЎ НЕЗАЛЕЖНАЙ ГАЗЕТЫ "ПАГОНЯ". ГАЛОЎНЫ РЭДАКТАР МІКОЛА МАРКЕВІЧ АСУДЖАНЫ ДА ДВУХ З ПАЛОВАЙ ГАДОЎ АБМЕЖАВАНЬНЯ ВОЛІ, А КАРЭСПАНДЭНТ ПАВЕЛ МАЖЭЙКА – ДА ДВУХ ГАДОЎ... НІХТО НЕ ЧАКАЎ, ШТО ТАКОЙ СУРОВАЙ І НЕАДЭКВАТНАЙ БУДЗЕ — РАСПРАВА НАД ЖУРНАЛІСТАМІ

Такім чынам, гарадзенскія судовыя ўлады выканалі заказ з Мінску. Судзьдзя Тацяна Клімава прызнала журналістаў вінаватымі ў паклёпе на прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (арт. 367 ч.2 Крымінальнага кодэксу РБ). Незалежныя назіральнікі лічаць, што гарадзенскія абаронцы "гонару ды годнасьці" А.Лукашэнкі перастараліся: такі жорсткі прысуд сёньня не патрэбны нікому і найперш самому "галоўнаму пацярпеламу", які ў сьвятле апошніх падзеяў імкнецца да таго, каб Беларусь выглядала астраўком стабільнасьці ў цэнтры Еўропы. Аднак каму патрэбная "стабільнасьць" могілак? Дзе яшчэ ў сьвеце, апроч дзяржаваўізгояў, дзяржаваўзапаведнікаў чырвонакарычневай дыктатуры, так жорстка распраўляюцца з журналістамі, якія імкнуцца сказаць грамадзянам сваёй краіны праўду? Нідзе... Цярплівасьці і талерантнасьці, уласьцівых якраз беларускаму народу, заўсёды бракавала людзям, якія прыходзілі да ўлады ў нашай дзяржаве. Звычайны досьціп альбо простую крытыку ўлады заўсёды ўспрымалі за "абразу" ці "паклёп" і імкнуліся пакараць людзей, якія асьмельваліся зрабіць гэта.

24 чэрвеня ў залу суда зноў былі дапушчаныя толькі журналісты і дыпламаты. Большасьць тых, хто прыйшоў, каб выслухаць прысуд засталіся на вуліцы каля ўваходу ў будынак суда. Падчас агалошаньня выраку некалькі маладых людзей на прыступках суда разгарнулі транспарант з надпісам “Апраўдаць Маркевіча і Мажэйку” і пачалі скандаваць лозунгі з гэткім жа патрабаваньнем. Супрацоўнікі міліцыі паспрабавалі затрымаць удзельнікаў акцыі, але прысутнасьць журналістаў не дазволіла ім гэта зрабіць.

Падсудным дадзеная мажлівасьць абскардзіць вырак суда на працягу дзесяці дзён.

Адвакат Сяргей Цурко адразу ж падаў папярэднюю касацыйную скаргу на прысуд суда па справе журналістаў газеты “Пагоня”. Выйшаўшы з залы суда, С.Цурко дастаў аркуш паперы і на капоце машыны напісаў папярэднюю касацыйную скаргу аб тым, што ня згодны з прысудам. Аргументацыя будзе дакладзеная суду пасьля таго, як адвакат азнаёміцца з пратаколам судовага паседжаньня. 24 чэрвеня касацыйная скарга была перададзеная дзяжурнаму судзьдзі Ленінскага раённага суда г. Гародні і зарэгістраваная ў канцылярыі.

Мікола Маркевіч на прыступках суда адразу пасьля агалошваньня прысуду падзякаваў усім, хто ў гэтыя дні падтрымаў журналістаў "Пагоні", чыя "пазіцыя перашкодзіла ўладам зрабіць тое, што яны намецілі"...

Нагадаем, што з уступленьнем у сілу новага Крымінальнага кодэксу РБ, дзе ўпершыню зьявіліся арыкулы аб абароне гонару і годнасьці А.Лукашэнкі, гэта ня першая судовая справа супраць праціўнікаў рэжыму. Былі ўжо "шклоўская", "барысаўская", "рэчыцкая" справы, а зараз вось і "гарадзенская"... Дарэчы, 20 чэрвеня стала вядома, што абвінавачаньне па крымінальнай справе аб "спробе паклёпу на прэзідэнта", прад'яўленае яшчэ аднаму журналісту – галоўнаму рэдактару незалежнай газеты "Рабочы" Віктару Івашкевічу. А гэта азначае, што расправа над тымі, хто нясе народу праўду пра рэжым Лукашэнкі – працягваецца, што любое іншадумства на Беларусі караецца судом.