Дарота Міхалюк: «Мінулае нельга забараніць, а навуку — пакараць».
2026-02-22 19:06
Паводле тлумачэння ведамства, змест гэтай кнігі «не адпавядае палажэнням дырэктывы Лукашэнкі аб дзяржаўнай ідэалогіі і можа шкодзіць інтарэсам краіны». Ініцыятыва ўнясення выдання ў забаронены спіс паходзіла ад пракуратуры Горацкага раёна.
Такім чынам кніга, прысвечаная гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі, стала непажаданай для распаўсюджвання ў Беларусі.
Працуючы над кнігай, я імкнулася захаваць максімальную а’бектыўнасць, асвятліць праблему з розных бакоў. Тэма не была простай, комплексных даследаванняў не існавала, хоць беларускія гісторыкі ўжо цікавіліся гэтай праблематыкай. Аднак ніхто з іх не адважыўся на ўсебаковае даследаванне. У Польшчы, калі і цікавіліся гісторыяй Беларусі таго перыяду, то пераважна ў кантэксце польска-беларускіх адносін. Мяне ж зацікавіла спроба будавання дзяржаўнасці пасля Першай сусветнай вайны і прычыны няўдачы гэтага незалежніцкага праекта. Я падыходзіла да тэмы бесстаронне, імкнучыся растлумачыць прычыны, наступствы і механізмы розных працэсаў і дзеянняў. Манаграфія адразу набыла шмат чытачоў, а рэцэнзіі з’явіліся ў навуковых часопісах у Польшчы, Літве, Беларусі, Расіі неўзабаве пасля выдання па-польску. Вынікі даследаванняў я неаднаразова прадстаўляла на канферэнцыях, у тым ліку ў акадэмічных асяродках Беларусі. Яшчэ ў 2018 годзе ў Беларускай акадэміі навук адбылася канферэнцыя, прысвечаная пытанням будавання беларускай дзяржаўнасці пасля Першай сусветнай вайны. Пазней — як вядома — усё змянілася. І наколькі моцна, сведчыць маштаб міграцыі гісторыкаў з Беларусі.
Што ж такога ў Вашай кнізе «можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь»?Такое пытанне варта было б задаць тым, хто прыняў рашэнне ўключыць кнігу ў
«спіс забароненых выданняў» у Рэспубліцы Беларусь. Мае
даследаванні датычаць падзей больш як стагадовай даўніны. У савецкія часы тэма Беларускай Народнай Рэспублікі не магла разглядацца, бо супярэчыла савецкай версіі гісторыі. Магчыма, цяпер сітуацыя падобная. Аднак нельга адмаўляць, што
Беларуская Народная Рэспубліка з’яўляецца часткай беларускай гісторыі. Шмат гадоў таму пасля аўтарскай сустрэчы, прысвечанай гэтай кнізе, да мяне падышоў студэнт з Беларусі, які вучыўся ў Польшчы, і падзякаваў за яе напісанне. Ён сказаў, што дзякуючы ёй ганарыцца сваёй гісторыяй, бо раней думаў, што беларусы не праяўлялі ніякіх незалежніцкіх памкненняў і проста пагадзіліся на Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку пад гегемоніяй савецкай Расіі.
Карціна была значна больш складанай, і няма падстаў пра гэта не пісаць. Гэтая размова моцна запомнілася мне, бо сведчыць пра тое, што час, прысвечаны навуковым даследаванням, не марнуецца дарэмна.
Як Вы адчуваеце сябе з тым, што сталі першай даследчыцай з Польшчы, чыя навуковая праца трапіла ў «спіс забароненых кніг» у Рэспубліцы Беларусь?Гэта
свайго роду горкая сатысфакцыя і нешта зусім незвычайнае для краін, дзе дзейнічаюць высокія навуковыя стандарты. Я рада, што
ў Польшчы мы можам працаваць ва ўмовах свабоды даследаванняў, бо для навукоўца няма нічога горшага, чым уплыў на яго высновы або неабходнасць падладжвацца пад палітычную ідэалогію. Патронам універсітэта ў Торуні, дзе я маю гонар працаваць, з’яўляецца
Мікалай Капернік. Нагадаю, што яго навуковая праца
«Аб абарачэннях нябесных сфер» таксама трапіла ў Індэкс забароненых кніг, але вядома, чым скончылася гэтае цэнзураванне навукі. Можна спрабаваць хаваць пэўныя даследчыя тэмы, абмяжоўваць доступ да крыніц, але гэта не мае вялікага сэнсу, бо
мінулае нельга забараніць, а навуку — пакараць.
Ваша манаграфія пра БНР упершыню выйшла больш за 15 гадоў таму. З таго часу большасць беларускіх гісторыкаў, якія пішуць на гэтую тэму, спасылаюцца на Вашы даследаванні, але ніхто не вырашыўся напісаць новую манаграфію. Як Вы лічыце — чаму?Даследчыкі звычайна шукаюць новыя, арыгінальныя тэмы. Многія з іх звязаныя з праблемамі, закранутымі ў маёй кнізе, таму і
з’яўляюцца спасылкі на маю працу. Манаграфія даволі комплексная і грунтоўная, аднак
дзве асобы ўсё ж вырашылі напісаць манаграфіі пра Беларускую Народную Рэспубліку. Аўтары абедзвюх прац улічваюць мой пункт гледжання па шэрагу пытанняў. Інакш і быць не можа, бо крыніцы, якія ляжаць у аснове даследаванняў пра БНР,
вядуць да падобных высноў і інтэрпрэтацый.
Ці другое выданне Вашай кнігі па-польску, якое выйдзе напярэдадні чарговай гадавіны абвяшчэння незалежнасці БНР, будзе істотна адрознівацца ад выдання больш чым пятнаццацігадовай даўнасці?У агульных высновах — не, але гэта будзе
другое выданне, выпраўленае і дапоўненае, бо заўсёды можна выправіць нейкія незаўважаныя раней памылкі. Акрамя таго, з’явіліся новыя навуковыя працы — даследаванні ідуць наперад. Больш вядома пра сітуацыю
беларускага нацыянальнага руху ў Магілёве падчас Першай сусветнай вайны, у горадзе, дзе знаходзіўся расійскі Генеральны штаб. Пашырылася веданне пра дзеячаў Беларускай Народнай Рэспублікі, маю на ўвазе біяграфію
Рамана Скірмунта, які імкнуўся інтэграваць беларускія арганізацыі і, як другі прэм’ер БНР, безвынікова спрабаваў сфармаваць урад. Больш вядома і пра
Паўла Алексюка. Цікавай постаццю з’яўляецца
Іван Краскоўскі — беларус з рускамоўнай сям’і праваслаўных святароў
з Дубіч Царкоўных на Беласточчыне. Пасля вучобы ў Варшаве і Пецярбургу ён быў прафесарам прыватнай гімназіі ў Вільні, заснавальнікам першай юнацкай футбольнай каманды ў рэгіёне ў 1911 годзе. Пасля развалу расейскай манархіі Краскоўскі дзейнічаў на карысць Беларускай Народнай Рэспублікі і адначасова
будаваў структуры Украінскай Народнай Рэспублікі. Ад імя УНР ён узначальваў Дыпламатычную місію ў Грузіі, фактычна стаўшы першым украінскім амбасадарам у гэтай краіне.
Подпіс Краскоўскага стаіць пад Актам Злукі Украінскай Народнай Рэспублікі і Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі ад 22 студзеня 1919 года.
Ці рашэнне пракуратуры ў Мінску, кажучы іранічна, дапамагло таму, каб выйшла другое выданне кнігі па-польску?Не,
яно не мела на гэта ўплыву. Рашэнне пра ўзнаўленне публікацыі Навуковым Выдавецтвам Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні было прынята значна раней. Такую
прапанову я атрымала ў ліпені 2025 года, калі абмяркоўвалася згода на выданне кнігі па-беларуску Фондам Kamunikat.org. Польскага выдання даўно няма ў продажы, а зацікаўленых гэтай тэмай становіцца ўсё больш. Думаю, што
справакаваны вакол кнігі розгалас толькі дадасць ёй чытачоў.
Дзякуй за размову.