Дар’я Верасная: Фарматы пісьма. З цыкла эсэ «Слова пад ціскам»
2025-09-18 16:51
Што адбываецца са словам, калі яно трапляе пад ціск — цэнзуры, эміграцыі, маўчання, траўмы? Мы запыталі беларускіх аўтарак і аўтараў, як яны пішуць сёння, дзе шукаюць натхненне, што страцілі і што знайшлі нанова. Так нарадзіўся цыкл рэфлексійных эсэ «Слова пад ціскам» — пра творчасць, што перажывае крах і адначасова стварае новыя формы жыцця. Хтосьці піша з выгнання, хтосьці знутры краіны, але ўсе яны сведчаць: літаратура жыве. І калі не ведаеш, з чаго пачаць — пачынаеш з сябе.
У адзін цудоўны момант ты разумееш, што тваіх тэкстаў за цябе ніхто не напіша, што твае тэксты — магчымасць зафіксаваць нешта, не пераўтварыць жыццё ў бясконцы скролінг і мільгаценне карцінак чужога жыцця паміж працамі і падпрацоўкамі, дзе ты проста (ці ж проста?!) зарабляеш грошы. Тваіх грошай за цябе таксама ніхто не заробіць, твае грошы — твая магчымасць пражыць СВАЁ жыццё. Піць смачную каву. Гарбату. Віно. Трымацца. Падтрымліваць блізкіх і час ад часу бачыць мора... І ўсё ж. Нешта муляе і тузае: недзе ў колазвароце часу губляюцца гісторыі, якія ты магла распавесці!
Унутраны імпульс да пісьма быў заўжды, гэта проста джын, які да пары да часу сядзіць у бутэльцы. Дастаткова дысцыплінаваны джын, які памятае пра сям’ю і працу, пра абмежаванні здароўя, якія не дазволяць паліць, бясконца піць каву і не спаць начамі, бо раніцай ты проста не здолееш узняць галавы. І так было заўжды з любімы жарсцямі — яны заўжды помсцяць тваёй няўважлівасці да дробязяў, рэжыму і тайм-менеджменту. Свет Беларусі пасля 2020-га паставіў шмат дадатковых абмежаванняў у жыцці і працы, але тэксты — той самы джын, з якім ты спрабуеш дамаўляцца. Прасцей дамовіцца на кароткі фармат. Вершы можна пісаць у смартфоне. Дзённікавыя запісы — таксама, але з імі варта быць асцярожнай: усёй праўды ўсё роўна не напішаш, бо яна 1) занадта балючая, 2) небяспечная або 3) усё разам! Таму застаюцца вершы. Удых-выдых. З рыфмай або без. Гэта ты і не ты адначасова...
Верш — вобраз... Цябе ранейшай або будучай: ты цяперашняя — занадта пераменлівая субстанцыя. Ты раніцай і ты вечарам — зусім іншы чалавек. «Ты раніцай» — сонца і кава, надзея і аптымізм. «Ты вечарам» — стомленая шэрань, якая катастрафічна не паспявае і патрабуе іншага фармату сутак. Так, 24 і 12 — было б здорава! 24 гадзіны актыўнасці і 12 гадзін сну. Гэта дакладна шыкоўны варыянт... Немагчымы на нашай планеце ☺
З іншага боку, ты з тых людзей, якім патрэбны дэдлайн у тым ці іншым выглядзе. Тое, што прасцей пісаць кнігу, маючы шмат вольнага часу і не маючы цэнзурных абмежаванняў, — ілюзія. Ці пісалася б лепей недзе на парыжскім паддашку або марскім узбярэжжы? Не факт. Усе нашы дэманы паедуць у валізцы ці/і заплечніку (ноўце, нататніку, галаве...) Свабоды не стане больш. Бяспекі? Магчыма! Бы часовы санаторый для стамлёнай душы. Але тэксты ўсё роўна пачынаеш дома і шліфуеш дома. Любая паездка — проста паўза. Усё роўна прыйдзецца вяртацца дадому. Або шукаць іншы дом — і заставацца. Я з тых, хто застаецца ў Беларусі, але адна толькі думка, што прыйдзецца застацца тут назаўжды, без магчымасці выехаць падыхаць іншым паветрам... Адна гэта думка штурхае ў адчай.
Беларускай культурнай прасторы ніколі не ставала прасторы і паветра! Проста да 2020-га ёй давалі трохі месца на ўскрайку афіцыёзу. І ўвогуле, розным культурніцкім плыням можна было суіснаваць мірна і з пэўнай доляй гумару, ніхто нікому не перашкаджаў. Да 2020 года не было такога рэзкага падзелу на вольных мастакоў — і мастакоў, лаяльных да ўлады. Цікавыя аўтары маглі працаваць у дзяржаўных выданнях незалежна ад палітычных поглядаў і стаўлення да ўлады, проста жыццё склалася так. Сям’я, кватэра, грошы... Тым болей, у правінцыі. Дзе ж яшчэ працаваць беларускаму паэту ці празаіку? Гуманітарыю-інтэлектуалу? Канечне, у раёнцы! 2020 год праявіў дзве рэчы: хтосьці з літаратараў сышоў сам на знак пратэсту (ці з пачуцця агіды — усё залежыць ад ступені тонкасці вашай душэўнай арганізацыі!), а кагосьці «сышлі» прымусова, згадаўшы ўсе ранейшыя поспехі на ніве беларускага пісьменства. Бардаўскія спевы. Сустрэчы з рознымі людзьмі. Мітынгі. «Няправільны» творчы саюз. «Апазіцыйныя» кантакты. Еўрапейскі грант... Хай сабе той грант і дапамог вырашыць нейкую лакальную праблему! Тое, што раней было звычайнай справай, цяпер стала ледзь не праяваю экстрэмізму.
З’ехаць/застацца стала няпростым рашэннем для многіх беларусаў пасля падзей 2020 года... Тыя, хто з’ехаў, так ці інакш шукалі сваіх — мы заўжды шукаем сваіх. Беларуская эміграцыя. Беларуская дыяспара. Спачатку гэта ўсё нагадвала нейкія штуршкі, быццам штуршкі крыві, крывацёк з раны хворага і зніжэнне гемаглабіну ўсёй інтэлектуальнай Беларусі ў выніку. Ты спрабуеш выкінуць з галавы асацыяцыі з паразай чарговага паўстання, якое не прынесла нічога добрага ў нашы шэрыя шыроты — суцэльны боль ды страту найлепшых. Спрабуеш выкінуць — і не можаш. Марныя спробы.
Беларуская літаратурная эміграцыя для чалавека, мінімальна абазнанага ў літаратуры, — гэта перш за ўсё Беларускі ПЭН і Саюз беларускіх пісьменнікаў (той, коласаўска-купалаўскі, не чаргінцоўскі). А яшчэ — шматлікія выдавецкія ініцыятывы, якія даюць магчымасць з’явіцца кнігам не толькі пісьменнікаў-эмігрантаў, але і тых, хто застаўся ў Беларусі і спрабуе жыць тут, спрабуе пісаць, падчас вырываючыся за межы РБ. Праўда, такая візавая магчымасць (і магчымасць чыста фізічная!) ёсць далёка не ва ўсіх беларускіх літаратараў. І падчас за межамі Беларусі выдаюцца кнігі, якім цяжка сустрэцца з самім аўтарам. І вельмі цяжка аўтару з Беларусі прыехаць на прэзентацыю сваёй кнігі ў Вільню ці Варшаву... Любая прэзентацыя прадугледжвае візіт журналістаў, а большасць незалежных СМІ абвешчаная ўладамі Беларусі «экстрэмістамі». Пажадана не трапляць у кадр, каб потым не трапіць на допыт на мяжы. І ў турму праз нейкі час.
Пэўнае выйсце — электронныя кнігі і сустрэчы з чытачамі ў ZOOMе.
Здорава, што яны ёсць — Фонд Kamunikat.org, выдавецтвы «Янушкевіч», «Gutenberg Publisher», «Вясна», «Полацкія лабірынты», «Пфляўмбаўм», «Скарына»... І новыя кнігі лятуць у свет, часам яны далятаюць да Маладзечна, Бабруйска ці Полацка. Здорава, што ёсць электронная бібліятэка Kamunikat.org, дзе можна знайсці
шыкоўную калекцыю прозы, паэзіі і перыёдыкі. Онлайн і бясплатна.
Ёсць альманах «Апостраф» і літаратурны онлайн-часопіс «Taŭbin»
«Taŭbin», фэст «Вершы на асфальце», шматлікія літаратурныя прэміі і кніжныя кірмашы... Але няма свабоднай прасторы для камунікацыі беларусаў, для сустрэч офлайн. Безумоўна, галоўнае — кнігі. Кнігі трымаюць на плаве пісьменніка і чытача, ратуюць у перыяды цемры ды міжчасся.
Усё гэта натхняе і дае моцны цёплы штуршок у сэрца — пішы сваё! Ты сядзіш з кубачкам кавы на тэрасе свайго дома з відам на сад, спадзяешся калісьці ўбачыць варшаўскія Лазенкі і адчуць смак салёнай Балтыкі на вуснах. Бо ўсё гэта — ДОМ і падарожжы — частка тваёй ідэнтычнасці. Ты не можаш прыняць прымус абмежаванняў. Што думаць і чытаць, дзе быць і з кім. Бадай, самая вялікая бяда людзей слова па абодва бакі мяжы — немагчымасць сустрэцца.