Чытачы «Газеты Слонімскай» не атрымаюць свежы нумар у сераду
2020-11-10 11:09
У гэтую сераду, 11 лістапада, не пабачыць свет чарговы нумар "Газеты Слонімскай". Газета не выйдзе і ў бліжэйшыя дні. Гэта адбылося ўпершыню за 23 гады, з часу выхаду першага нумара "ГС".
Напярэдадні, 9 лістапада, дома ў заснавальніка «Газеты Слонімскай» Ганны Валадашчук міліцыянеры зладзілі ператрус і забралі камп’ютары, тэлефоны, флэшкі. Ганна Валадашчук праходзіць быццам бы сведкай у крымінальнай справе за абразу і паклёп у тэлеграм-канале ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі і яго жонкі.
Пасля ператрусу дома ў Ганны Валадашчук дзясятак міліцыянераў правялі вобшук і ў рэдакцыі газеты. Яны вынеслі камп’ютары дызайнера, журналістаў, бухгалтараў і іншых супрацоўнікаў рэдакцыі. Як нам стала вядома, ператрусы прайшлі і ў кватэрах слонімцаў — сем’ях Крышталь, Салейка, Наўгародскіх. Магчымасці выпусціць нумар мы не маем. Хоць рыхтавалі яго на працягу тыдня.
«Газета Слонімская» заўсёды стаяла на баку простых людзей. У рэдакцыю па дапамогу звярталіся людзі, якія больш нідзе не маглі дабіцца праўды. Газета не адмаўляла ў дапамозе нікому з тых, хто быў пакрыўджаны, прыніжаны і расціснуты абставінамі. Цяпер яна па надуманых некім прычынах сама апынулася ў такім жа становішчы. Калектыў рэдакцыі застаўся без працы і балюча перажывае тое, што здарылася. Колькі часу працягнецца гэтая сітуацыя — невядома. Просім прабачэння ў сваіх чытачоў за тое, што яны не ўбачаць у сваіх паштовых скрынях свежага нумару і не змогуць пачытаць яго.