- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
2 лютага 2008 года Уладзіслаў Аляксандравіч Афанасенка адзначае сваё 60 - годдзе. І гэтая важкая лічба, на мой погляд, зусім не адпавядае той маладой неўтаймаванасці, якая заўсёды жыве ў ягоным сэрцы. Мы з ім знаёмыя больш за дваццаць гадоў -- з тых часоў, калі ён прыйшоў працаваць загадчыкам аддзела культуры Магілёўскага райвыканкама. Ён ніколі не быў кабінетным работнікам -- яму трэба ўсё памацаць сваім рукамі, да ўсяго дайсці сваім розумам. Ад яго заўсёды зыходзіць светлая хваля закаханасці ў жыццё і ў тую справу, якую робіш. І менавіта праз гэта ён нейкім неверагодным чынам прыварожвае людзей да сябе. Уладзіслаў Аляксандравіч -- чалавек шырокай душы і вялікай дабрыні. І ніколі не адмаўляе ў дапамозе. Помню, аднойчы ён прыехаў у Брылі, паслухаў мае песні, якія я толькі-толькі пачаў пісаць, і адразу прапанаваў: “Калі што трэба, -- нотамі мелодыю запісаць ці якую аранжыроўку зрабіць -- звяртайся, усё зробім!” І ў мяне не было ніякага сумневу ў тым, што ўсё так і будзе. Бо ў гэтага чалавек вельмі чуйнае сэрца, якое заўсёды з радасцю адгукаецца на поспехі і здабыткі іншых творцаў. А гэта, як вядома, даволі рэдкая з’ява ў нашы дні. Негледзячы на трапяткую тонкасць сваёй творчай натуры, ён заўсёды скіраваны ў будучыню з пазіцый реалізму і жыццёвай неабходнасці. Росквіт школ мастацтваў у нашым раёне -- заслуга Афанасенкі. Ён і ў Брылях планаваў зрабіць філіял Раманавіцкай дзіцячай школы мастацтваў, але неяк не сышліся зоркі ў брылеўскіх нябёсах...