- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Народная песня. Песня “Браток-сусед” на верш Кастуся Цыбульскага напісалася напачатку студзеня 1998 года і адразу зрабілася папулярнай, асабліва ў нашых Брылях. Помніцца, не аднойчы падчас канцэртаў у Брылёўскім СДК з глядзельнай залі выгуквалася: “Нашу давай!” -- і ляцела песня пра суседа з пажаданнем выпіць за сяброў і за беларусаў. З цягам часу яна выйшла за межы нашай краіны -- і вось ужо там далёка, дзе жывуць беларусы, без “Суседа” не абыходзяцца сяброўскія застоллі. Часам з гэтай песняй здараюцца дзіўныя рэчы. Вось, напрыклад, нядаўна ля Палаца піянераў у Магілёве адбывалася свята, на якое з’ехаліся прадстаўнікі розных навучальных устаноў вобласці. Было там нешта накшталт кірмашу -- з вырабамі майстроў, з музыкай і песнямі. І, разглядаючы тут розную прыгажосць, мы раптам пачулі нешта знаёмае, -- ой, ды гэта ж наш “Сусед”! Падышлі, глядзім -- стаяць маладыя выканаўцы ў беларускіх строях і весела так спяваюць брылёўскую песню. Але словы троху нейкія не такія. Пазнаёміліся. Аказваецца, прыехалі яны з Бялынічаў, вучацца ў тамашнім сельскагаспадарчым ліцеі, спяваюць у самадзейнасці. Аднойчы пачулі цікавую народную песню пра суседа, але захацелася неяк перарабіць словы, больш паглыбіць іх. Атрымаўся, на іх погляд, неблагі варыянт, які з задавальненнем усе слухаюць… Калі я сказаў, што тут мая музыка, то спевакі вельмі здзівіліся, бо лічылі песню народнай. Дарэчы, ці не гэта самае галоўнае для любога кампазітара -- калі твая песня знікае ў народзе і вяртаецца адтуль у “народным” выглядзе?..