Блогерка Алена Янушкоўская атрымала папярэджанне ад пракуратуры
2020-05-14 19:43
У пракуратуру Віцебскага раёна блогерку даставілі прымусова. Напярэдадні ёй уручылі позву на 14-га траўня, але яна папярэдзіла, што мае хранічнае захворванне – астму, а таму знаходзіцца на самаізаляцыі.
Алена Янушкоўская даслала электронны ліст у пракуратуру, а таксама патэлефанавала супрацоўніку пракуратуры Аляксею Багдасарану, які яе выклікаў, – запрасіла яго да сябе ў вёску, дзе жыве з дачкой і ўнукамі. Але ў пракуратуру блогерку ўсё-ткі даставілі, даслаўшы па яе міліцэйскі нарад.
Памочнік пракурора Аляксей Багдасаран вынес папярэджанне пра недапушчальнасць абразаў чыноўнікаў у яе відэароліках, распавяла Алена Янушкоўская:
– Ён паказаў мне ролік, дзе я выказваюся наконт Полацкага райвыканкама, які просіць у людзей грошы. «Плач Яраслаўны» я кажу на іх і «розныя нячысцікі». І яшчэ запалохвалі мяне, што могуць абвінаваціць у арганізацыі мітынгаў.
ЧытаПаводле Алены Янушкоўскай, у матэрыялах праверкі не было высноваў лінгвістычнай экспертызы наконт выразаў, ужытых у роліках. Што да «арганізацыі мітынгаў», то саму Алену Янушкоўскую неаднаразова каралі за ўдзел у пратэстных акцыях супраць інтэграцыі з Расеяй.
Сваёй блогерскай дзейнасці спыняць яна не збіраецца, і плануе працягваць асвятляць недахопы беларускай рэчаіснасці ў групах па сацыяльных сетках і ў відэаблогу «Сапраўдная Беларусь».
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск