Беларусы заспявалі „Я нарадзіўся тут” у анлайне
2020-06-02 17:22
Грамадская кампанія «Годна» разам з музыкам Сержуком Доўгушавым, лідарам гурта Vuraj і стваральнікам ініцыятывы «Спеўны сход», запусціла музычны праект «Спяваем Годна».
Сэнс яго: збіраць у анлайн-фармаце беларусаў з розных куткоў свету і спяваць вядомыя і знакавыя беларускія песні разам з іх аўтарамі і выканаўцамі.
Першымі музыкамі, з якімі апрабаваны такі фармат, сталі Зміцер Вайцюшкевіч і Лявон Вольскі.
Сёння мы прэзентуем песню «Я нарадзіўся тут». У запісе паўдзельнічалі Зміцер Вайцюшкевіч, выканаўца песні, і 50 беларусаў, якія жывуць у розных гарадах Беларусі, а таксама ў Літве, Германіі, ЗША, Бразіліі ды іншых краінах свету.
Прэм’ера песні прымеркаваная да 20-годдзя супольнага музычнага праекта
«Я нарадзіўся тут», які быў запісаны і выдадзены ў 2000 годзе.
Прэм’ера песні
«Паветраны шар» з удзелам Лявона Вольскага адбудзецца ў наступны панядзелак, 8 чэрвеня. У запісе новых песень можа паўдзельнічаць кожны ахвотны, для гэтага трэба далучыцца да тэлеграм-канала і чата
«Годна»:
https://t.me/hodnaby.
Там Сяржук Доўгушаў будзе публікаваць анонсы і інструкцыі па новых песнях, а таксама даваць парады як правільна спяваць і граць, каб Яўгену Цярэнцьеву, які ў праекце адказны за вытворчасць відэа і гуку, было прасцей усё гэта зводзіць у адзін ролік.
У планах праекта
«Спявай Годна» запрашаць вядомых беларускіх музыкаў і штотыднёва выпускаць новыя ролікі. Калі вам спадабаўся першы выпуск, то на MolaMola можна падтрымаць праект, каб ён стаў рэгулярным:
https://molamola.by/cmp/7NG А калі скончыцца пандэмія каранавіруса, то арганізатары праекта хочуць сабраць яго ўдзельнікаў і гледачоў, каб ужо ў жывым фармаце нарэшце разам заспяваць гучна і годна.
Беларускае Радыё Рацыя