- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Помнікам беларускаму пісьменніку, драматургу і грамадскаму дзеячу Францішку Аляхновічу на віленскіх могілках Росы абяцае заняцца самкіраванне літоўскай сталіцы. Пахіленую пластыкавую скульптуру Аддзел аховы культурнай спадчыны Вільні ўключыў у другі этап рэстаўрацыі могілак. Помнік, які стварыў скульптар Эдуард Падбярэзскі, усталявалі на Росах у 1989 годзе. Але з часам пластыкавая скульптура пачала знішчацца. У 2008 годзе беларуская грамадскасць Вільні ініцыявала збор сродкаў на новы помнік, але сабраных сродкаў тады не хапіла. Беларусы Вільні звярталіся і да літоўскіх уладаў, але фінансавання не ўдалося знайсці і там. У ліпені пра аварыйны стан помніка Аляхновічу, які пахіліўся, напісала і дзяржаўная газета “Культура”. Дыскусія аднавілася нанова. Свабода спрабавала высветліць у амбасадзе Беларусі ў Вільні, ці далучылася б да аднаўлення помніка МЗС. Там нам паведамілі, што такіх магчымасьцяў, у пасольства, на жаль, няма. Нашчадкі Аляхновіча, якія жывуць у Польшчы, на пытанне Свабоды адказалі, што гатовыя падтрымаць кампанію па зборы сродкаў, але самастойна аплаціць усе працы таксама не могуць. Аднак днямі грамадская арганізацыя “Віленскі Беларускі музей імя Івана Луцкевіча” атрымала адказ з мэрыі літоўскай сталіцы на свой ранейшы ліст. У ім кіраўніца арганізацыі Людвіка Кардзіс пісала пра асобу Францішка Аляхновіча і стан ягонага помніку. Яна прасіла ўключыць рэстаўрацыю помніка ў план агульнага ўпарадкавання могілак Росы.