- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вядомыя даследчыкі беларускай эміграцыі кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка і кандыдат філалагічных навук, бібліятэказнаўца Лявон Юрэвіч працягваюць аглядаць гэтак званыя lieux de memoire – месцы памяці беларускага жыцця ў замежжы. А пасля дзяліцца знойдзенымі скарбамі з усімі цікаўнымі праз кніжную падсерыю “Спадчына: агледзіны” “Бібліятэкі Бацькаўшчыны”. Назва чарговай падрыхтаванай імі анталогіі “Газеты «Бацькаўшчына» і «Беларус». Выбранае” гаворыць сама за сябе – гэтым разам гісторыкі спынілі ўвагу на найбуйнейшых беларускіх перыёдыках эміграцыі. Але прычына такога выбару не толькі ў тым, што на шчасце ці на жаль, многія са змешчаных у кнізе грунтоўна пракаментаваных артыкулаў да сёння не страцілі актуальнасці. Змушаная адасобленасць беларускіх эмігрантаў ад суродзічаў з метраполіі, цьмяныя перспектывы што да ўз’яднання з імі на роднай зямлі і першыя прыкметы асіміляцыі сталіся той прычынай, якая прымусіла стваральнікаў і супрацоўнікаў гэтых газет ускласці на сябе адмысловую місію. І,зважаючы на 637 нумароў мюнхенскай “Бацькаўшчыны” і 70-гадовую гісторыю ньюёркскага “Беларуса”, які выходзіць і цяпер,гэтую місію яны выканалі бліскуча. Пра няпростыя варункі нараджэння прэсы беларускага замежжа можа сведчыць, да прыкладу, такі факт: рэдакцыя, адказная за падрыхтоўку першых нумароў “Бацькаўшчыны”, месцілася ў лагеры для перамешчаных асобаў (“дыпі”) у Остэргофене.