- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Дырэктар гродзенскага “Цэнтра гарадскога жыцця”, сябра Рады ЗБС “Бацькаўшчына” Павел Мажэйка трое сутак прабыў за кратамі па абвінавачанні ў рэабілітацыі нацызму, але 29 сакавіка выйшаў на волю. Следчыя не пабачылі падстаў для пакідання менеджара культуры ў зняволенні. Справа была заведзеная паводле факта выстаўлення ў “Цэнтры гарадскога жыцця” карціны Алеся Пушкіна, на якой быў намаляваны антысавецкі партызан з Пастаўскага раёна Аўген Жыхар. Хто ж такі Павел Мажэйка, які змог стварыць такі моцны грамадскі асяродак у абласным цэнтры? Калі паглядзець на фота, то мала хто паверыць, што Паўлу далёка не 25 або 30 гадоў, яму 42. Нарадзіўся ў Гродне. Увесь ягоны род з абодвух бакоў паходзіць з Гродзенскага раёна. Мабыць, таму для Паўла заўжды так важна было дзейнічаць менавіта ў сваім горадзе, а не ў Мінску, Варшаве ці дзесьці яшчэ. Бацькі ў Мажэйкі – звычайныя працоўныя людзі: мама працавала на кансервавым заводзе, перабірала рукамі гародніну, пабыла і ў гандлі, бацька ж працаваў у Дэпартаменце аховы, але быў вымушаны сысці адтуль пасля першага зняволення сына. Мажэйка вучыўся на гістарычным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта, але жыццё звязаў з журналістыкай. Ён адзін са шматлікіх выпускнікоў мясцовай Школы маладога журналіста. Мабыць, мала хто з гродзенскіх журналістаў не прайшоў праз яе, а потым не ўладкаваўся ў газету “Пагоня” Міколы Маркевіча. Гэта было хай і найперш рэгіянальнае выданне, але прадавалася яно па ўсёй краіне.