- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
22 лютага старшыня Беларуска Эстонскага Згуртавання Іда Вірумаа “БЭЗ” Зінаіда Клыга атрымала Ордэн Белай зоркі з рук прэзідэнта Эстонскай Рэспублікі Керсці Кальюлайд. “Бацькаўшчына” звязалася са спадарыняй Зінаідай, каб асабіста павіншаваць сябра Рады і даведацца, як прайшла цырымонія. – Прэзідэнцкі прыём праходзіў у Лауласмаа, за 35 кіламетраў ад Таліна, у новым, толькі ў кастрычніку пабудаваным Цэнтры кампазітара Арво Пярта. Усе запрошаныя змясціліся ва ўтульнай канцэртнай залі, карэспандэнты радыё і тэлебачання тры гадзіны запісвалі ўсё для навін і для гісторыі. Безумоўна, я моцна хвалявалася, але ўсё прайшло вельмі ўрачыста і ў той жа час карэктна і сціпла. Як звычайна на сур’ёзныя імпрэзы, я апранула свой святочны стылізаваны строй у беларускіх колерах, і гэта дапамагала мне быць самой сабой, адчуваць сябе проста і годна ў той час, калі мне ўручалі высокую ўзнагароду. Мне было вельмі прыемна ўсведамляць, што на дзяржаўным узроўні адзначаны праца “БЭЗа” і мая праца, якая звязаная, з аднаго боку, з Беларуссю, і з другога – з праблемамі шматнацыянальнага рэгіёна Іда Вірумаа і ўсей Эстоніі.