- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” накіравала ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь прапановы ў дзяржаўную праграму “Беларусы ў свеце” (2021 –2025 гг.). Да працы над гэтым дакументам Згуртаванне прыступіла на просьбу МЗС у часе сёлетняга пасяджэння Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа. У аснову дакумента пакладзеныя прапановы дыяспары, агучаныя на з’ездах беларусаў свету, а таксама аналіз паспяховага досведу іншых унітарных краінаў у галіне двухбаковага супрацоўніцтва са сваімі дыяспарамі. Прапановы складаюцца з немалой колькасці пазіцый і ахінаюць шырокі спектр прыярытэтных кірункаў супрацоўніцтва з дыяспарай: ад спосабаў вызначэння патэнцыялу беларусаў замежжа і стратэгій пабудовы даверу паміж беларусамі замежжа і беларускай дзяржавай, да стварэння ўстойлівых механізмаў прыцягнення дыяспары да развіцця Рэспублікі Беларусь. Рэалізацыя палажэнняў, выкладзеных у прапановах, прадугледжвае стварэнне профільных грамадскіх і дзяржаўных структур, аказанне на сталай аснове арганізацыйнай і юрыдычнай дапамогі ўсім зацікаўленым у супрацоўніцтве з кожнага боку. Адны з самых важных пунктаў прапановаў прысвечаныя стварэнню механізмаў фінансавага ўдзелу беларусаў замежжа ў дзяржаўных і недзяржаўных праектах беларускіх арганізацый, а таксама паглыбленню інтэлектуальнага супрацоўніцтва са спецыялістамі – прадстаўнікамі дыяспары. Асаблівая ўвага ў дакуменце надаецца захадам, скіраваным на захаванне і паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа.