Беларускія кнігі ў Любліне падчас тэатральнага фэсту
2025-12-05 14:32
З 8 па 12 снежня ў Любліне пройдзе чарговы фестываль «Bliski Wschód» (Блізкі ўсход), які гэтым разам амаль цалкам будзе прысвечаны беларускай незалежнай тэатральнай супольнасці і перадусім згуртаванню «Вольныя Купалаўцы». Таксама ў межах фэсту 13 снежня (субота) пройдзе кніжны кірмаш ад фонда «Камунікат».
Кнігі беларускіх аўтараў па-беларуску і ў перакладах на польскую мову можна будзе набыць у
Цэнтры культуры 13 снежня (субота) з 15.00 да 20.00. Упершыню ў Люблін завітае з багатым асартыментам выданняў фонд «Камунікат», які святкуе сёлета 25-годдзе. Добрая нагода купіць кнігі сабе і на калядныя падарункі знаёмым і блізкім.
На фестывалі адзначаць пяцігоддзе «Вольных Купалаўцаў» як падпольнай тэатральнай групы — сем дзён паказаў спектакляў, інтэнсіўных размоў і абмену досведам для творцаў, якія штодня працуюць у экстрэмальных акалічнасцях.
У праграме сярод іншага пакажуць спектакль
«Зэкамерон» паводле кнігі
Максіма Знака, «Экстрымісты» паводле твору Юлі Цімафеевай,
«Камедыя Юдзіфі» паводле п’есы
Сяргея Кавалёва і многае іншае.
8 снежня пройдзе аўтарская сустрэча з паэткай і перакладчыцай
Юляй Цімафеевай, 9-га — прэзентацыя польскага перакладу кнігі
Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», 12-га спатканне з драматургам
Сяргеем Кавалёвым, а таксама многае іншае.
На ўсе мерапрыемствы фестывалю ўваход бясплатны. Поўную праграму глядзіце
па спасылцы.