- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У Дзяржаўным Камітэце Рэспублікі Беларусь па друку зарэгістравана новая незалежная газета «Беларускі Усход», якую заснавалі Хоцімская Свята-Троіцкая праваслаўная царква і саўгас «Трасціно» Хоцімскага раёна. Газета будзе выходзіць на беларускай і рускай мовах — па жаданню аўтараў змяшчаемых матэрыялаў. У розніцу газета будзе распаўсюджвацца ў Хоцімскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім, Чэрыкаўскім і Краснапольскім раёнах (а ў будучым — і ў Мсціслаўскім). Падпісацца ж на «Беларускі Усход» можна ў любым раёне Беларусі. Грамадска-палітычная, літаратурна-мастацкая і рэлігійна-маральная газета «Беларускі Ўсход» лічыць сваёй галоўнай мэтай выхаванне ў чытачоў духоўнасці, высакароднасці, чэснасці, міласэрнасці, таварыскасці, любові да бліжняга, да Бацькаўшчыны, хрысціянскага і агульначалавечага інтэрнацыяналізму, працалюбства і грамадзянскага сумлення. Газета будзе асвятляць і аб'ектыўна адлюстроўваць грамадска-палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё Усходняга краю Беларусі, вытворча-гаспадарчую дзейнасць гаспадарак і прадпрыемстваў усіх форм уласнасці, выяўляць народныя таленты, друкаваць іх літаратурна-мастацкія і іншыя творы, прадстаўляць усім жадаючым старонкі газеты для выказвання разнайстайных думак і меркаванняў.