Беларускі сатырычны бестселер «Свінні» выйшаў у фармаце аўдыякнігі. Агучвалі вельмі пазнавальных персанажаў гэтага раману ў тым ліку акторы-купалаўцы – і ў выніку выйшаў сапраўдны аўдыяспектакль пра свіны апакаліпсіс у вёсцы Качанава Груздзеўскага раёна.
Праца над агучкай кнігі
Аляксандра Чарнухі вялася амаль два гады, і цяпер паслухаць «Свіней» можна бясплатна на сайце
audiobooks.by і на ўсіх буйных пляцоўках.
– Бадай, гэта самы доўгі праект, які я рабіла, – кажа прадзюсарка праекту Крысціна Дробыш. – Так склаўся лёс, што кніга чакала свайго часу, каб выйсці менавіта цяпер. Аднак праца над ёй пачалася прыкладна адразу пасля выдання расейскамоўнай версіі. Складана было падступіцца, зразумець з чаго пачаць, каб не сапсаваць смачны тэкст, пераклад, падабраць правільную каманду галасоў са здаровай дозай іроніі і характару. Знайсці грошы і самае складанае для мяне – разабрацца ў безлічы персанажаў, а іх я налічыла больш за 40. Цяпер магу сказаць, што «Свінні» пайшлі ў народ. І гэта крута!
Кнігу ў беларускім перакладзе
Алеся Плоткі агучвалі вядомыя акторы
Сяргей Чуб,
Андрэй Дробыш,
Алег Гарбуз і
Крысціна Дробыш, а гукарэжысурай займаўся
Аляксандр Зелянеўскі.
«Свінні» – гэты дэбютны раман журналіста і пісьменніка Аляксандра Чарнухі, які быў апублікаваны ў 2022 годзе. Праз год з’явіўся пераклад кнігі на беларускую мову, які выйшаў у выдавецтве «Янушкевіч». За два гады кнігу прачыталі ў 42 краінах па ўсім свеце – ад Новай Зеландыі і Паўднёвай Карэі да Іраку і Канады, а прэзентацыі твору адбыліся ў 12 краінах.
«Дажыначны постапакаліпсіс", "Оруэл з-пад Шчучыншчыны", "Дэманічная батлейка" - стылістычна гэта нейкая сумесь сюррэальных фельетонаў Мастаўшчыкова і хтоні ранняга Елізарава плюс Сарокінскі, вядома ж, фінал. Калі б гэты тэкст выйшаў у 2005, ён быў бы роўна такім жа надзённым і актуальным: ён вельмі моцна вяртае ў пекла правінцыйных нулявых. Усё гэта жахліва смешна і нават стамляешся смяяцца, але гэта менавіта батлейка і вар’яцтва» — Таццяна Заміроўская.
«У часы чалавечых трагедый слёзы не ратуюць. Таму Аляксандр Чарнуха паспрабаваў засмяяцца. З’едлівай, саркастычнай усмешкай, але ўсміхнуўся. І аказалася, што на час, у якім выпала нам шчасце жыць, скрозь смех глядзець страшней, чым скрозь слёзы» —
Уладзімір Някляеў.
Спасылка на аўдыёверсію рамана «Свінні»