Беларускі паэт і рэпер Віталь Рыжкоў зладзіць у Варшаве вялікі сольны літаратурны канцэрт “Прэзентацыя”. Імпрэза будзе ўключаць як творчасць аўтара, так і яго расповеды пра жыццё.
Пра імпрэзу і свой шлях
Госць Рацыі –
Віталь Рыжкоў – распавёў карэспандэнтцы "Беларускага Радыё Рацыя"
Марыне Савіцкай.
РР: Што будзе ўяўляць сабой імпрэза?
Віталь Рыжкоў: Дзякуй за пытанне, бо мне падалося, што, сапраўды, людзі не да канца разумеюць, куды яны збіраюцца, альбо не збіраюцца ў гэты момант. Я для сябе гэта дзесьці вызначыў у прэс-рэлізным фармаце, што гэта будзе можа быць лірычны стэндап. Але рыхтуючы матэрыял я заўважыў, што гэта пераўтвараецца ў монап’есу з такіх аскепкаў жыцця, заўважанняў, якія трапляліся мне падчас майго шляху, не толькі творчага, але жыццёвага. На мінулай імпрэзе я спытаў у гледачоў, што можна было б палепшыць, што спадабалася больш, што спадабалася менш. Выявілася, што ў людзей паўстаў запыт на фармат менш творчасці, больш гісторый. Гэта будуць гісторыі, якія складуць нейкую аб’ёмную карцінку. І яны будуць ілюстраваныя маім нейкім творчым даробкам.
РР: Ці плануецца нейкая камунікацыя з залай?
Віталь Рыжкоў: Так. Я прыгадаў стары вельмі фармат ольдскульны, калі падчас такіх мерапрыемстваў, сустрэч з пісьменнікамі, ім перадавалі цыдулкі з залы. Мы дамовіліся, што мы раскладзём такія паперчыны па ўсёй прасторы кінатэатра, і некалькі асадак будзе на кожны рад. І будзе вылучаны час, каб адказаць і пагаманіць на гэтыя тэмы.
Канцэрт “Прэзентацыя” Віталя Рыжкова пройдзе 25 красавіка ў кінатэатры Atlantic (ul. Chmielna 33). Пачатак падзеі ў 19:00.
Цалкам гутарка - у далучаным файле!
Беларускае Радыё Рацыя