- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У 1992 г. ажыццявілася шматгадовая мара даследчыкаў i настаўнiкаў-гiсторыкаў Беларусi пра стварэнне рэспублiканскага гістарычнага часопiса. Iдэя гэта ўзнiкла яшчэ ў 1950—1960-я гг., аднак тады рэалiзаваць яе не ўдалося, бо курс на пабудову сацыялiзму i камунiзму i стварэнне новай гiстарычнай супольнасцi “савецкi народ” не прадугледжваў глыбокага і аб’ектыўнага вывучэння нацыянальнай гiсторыi i развіцця гiстарычнай адукацыi. Даследавалася i вывучалася ў ВНУ i школах не гiсторыя Беларусi, а гiсторыя БССР i КПБ як частка курсаў гiсторыi СССР i КПСС. Тэмы навуковых даследаванняў, манаграфiй, доктарскiх i кандыдацкiх дысертацый, вучэбныя праграмы, тэксты падручнiкаў зацвярджалiся ў Маскве, а выкананне навуковых i вучэбных планаў i вучэбны працэс кантралявалiся iдэалагiчнымi службамi ЦК КПБ, а на месцах — партыйнымi камiтэтамi. Сёння ўжо дзiўна гучыць — “Гісторыя СССР (ад старажытных часоў да нашых дзён)” або “Гiсторыя БССР (дасавецкi перыяд)”, але тады так называлiся падручнiкi i вучэбныя курсы ў ВНУ i агульнаадукацыйных школах, i гэта ўспрымалася як нармальная з’ява. (В. Кушнер, Гісторыя, скіраваная ў будучыню, фрагмэнт)