- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Звяртаем вашу ўвагу на матэрыялы, надрукаваныя ў снежаньскім нумары часопіса. Адкрывае яго артыкул вядомага беларускага гісторыка Рыгора Лазько “Пачатак бальшавіцкай нацыянальнай палітыкі”. Аўтар аналізуе знешне- і ўнутрыпалітычныя аспекты нацыянальнай палітыкі РСДРП(б), якая прыйшла да ўлады ў Расійскай Імперыі ў кастрычніку 1917 г. Адзначае, што абвешчанае новай партыяй улады права народаў былой імперыі на самавызначэнне мела прапагандысцкі характар. Паказвае, як на практыцы вырашалася нацыянальнае пытанне ў першыя гады савецкай улады. Паўстанню 1863—1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі прысвечаныя дзве публікацыі беларускага даследчыка Валянціна Голубева. У першай “Люблю Беларусь! Пароль паўстанцаў 1863—1864 гг.” цалкам публікуецца тэкст паказанняў аднаго з паўстанцаў — Вітольда Парфіяновіча, якія ён даў 2 лютага 1864 г. падчас следства па справе паўстання. Менавіта ў гэтым дакуменце ўзгадваецца пароль паўстанцаў: “Каго любіш? Люблю Беларусь! Так узаемна!”. У другой публікацыі — “Столік аднаногі з круглаю шашачную дошкаю… (лёс рэчаў К.Каліноўскага, канфіскаваных падчас яго арышту)” аўтар расказвае пра лёс рэчаў, канфіскаваных падчас арышту аднаго з кіраўнікоў паўстання. Публікуюцца дакументы, якія тычацца гэтай справы.