Беларуская мова праз гульню — місія выдавецтва «Гутэнберг» у эміграцыі
2025-10-14 15:12
Ужо трэці год у Кракаве працуе беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher, якое не толькі выдае кнігі, але і стварае беларускія настольныя гульні. Галоўная рэдактарка Валянціна Андрэева кажа, што гульні — гэта спосаб вярнуць беларускую мову ў паўсядзённасць.
Яна адзначае, што гульні — дарагія праекты, інвестыцыі ў іх супастаўныя з выданнем некалькіх кніг. Але для выдавецтва гэта важна, бо беларусам у эміграцыі не стае «жывой» мовы.
З галоўным рэдактарам выдавецтва Валянцінай Андрэевай мы пагутарылі пра дзіцячую літаратуру, пра значэнне электроннай кніжкі, пра пазлы і настольныя гульні.
Валянціна Андрэева: Нашы гульні — гэта такі штуршок, каб паразмаўляць, пагуляць, пакомунікаваць і засвоіць новыя словы, якія потым выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці. Яны натуральна ўпісваюцца ў сямейнае жыццё, нават калі сям’я яшчэ не гаворыць па-беларуску ўвесь час.
Мы стараемся развіваць гэты кірунак, хоць ён вельмі дарагі. Шчыра кажучы, інвестыцыі ў адзін праект параўнальныя з выданнем некалькіх кніг.
— Гутэнберг спрабуе прадаваць электронныя кнігі?
— Так, у нас ёсць некалькі такіх кніг, якія прадаюцца праз Google Books і Kobo. Але гэта пакуль эксперыментальны праект. У планах — стварыць на сайце раздзел з электроннымі кнігамі, перавесці ў электронны фармат увесь наш выдавецкі партфель і зрабіць яго зручным для чытачоў.
На гэта патрэбны рэсурс, якога пакуль няма, але мы шукаем. Андрэй Янушкевіч кажа, што продаж электронных кніг — гэта невялікі працэнт ад усіх продажаў.
— Ці варта тады ў гэта інвеставаць?
— Варта, бо беларусы, па-першае, у Беларусі павінны мець доступ да беларускіх кніг. Нават калі людзей будзе мала, усё роўна гэта трэба рабіць.
Беларусы, якія жывуць далёка за акіянам — у Аўстраліі, Паўднёвай Амерыцы, куды пошта даходзіць складана — для нас гэта маральны абавязак. Мы тут не дзеля заробку. Калі б хацелі толькі зарабляць, напэўна, займаліся б чымсьці больш прыбытковым.
Мы працуем з літаратурай, ідэямі, супольнасцю, якая ўтвараецца на базе гэтых ідэй. Кожны чытач мае значэнне і сэнс.
— Мастацкая літаратура для дарослых, электронныя кнігі, настольныя гульні, пазлы — і, вядома, дзіцячыя кнігі.
Нядаўна я палічыла: за два з паловай гады мы выдалі шаснаццаць дзіцячых кніг. Хіба гэта не ўражвае? У нас ёсць кнігі для ўсіх узростаў — ад самых маленькіх да падлеткаў.
У хуткім часе прэзентуем кнігу для самых маленькіх 0+, кнігу для купання — такога фармату яшчэ не было ў беларускай літаратуры. Гэта мая любімая сфера, і хочацца, каб яна развівалася. Але ёсць пытанні: многія ў эміграцыі не разумеюць, што на паліцы дзіцяці павінна быць шмат розных кніг. Дзіця не заўсёды можа самастойна выбраць кніжку — на яго ўплываюць розныя фактары.
Яму можа быць сумна, яно крыўдзіцца на маму, бо мама не дала тэлефон, і не можа прыняць рашэнне, якую кніжку чытаць. Таму дарослыя павінны дапамагаць. Каб свет быў разнастайным, каб дзіця ведала розныя культуры, мовы і погляды на жыццё, на паліцы павінны быць кнігі на розных мовах, у тым ліку на беларускай.
Да прыкладу, сёння можна паслухаць казку на беларускай, заўтра — на польскай, паслязаўтра — на ангельскай. Калі даем дзіцяці такое акно магчымасцей, яно атрымлівае ўнікальны досвед, які дарослыя не могуць даць. Мову яно выбярэ самастойна, а адкрытасць і крэатыўнасць атрымлівае дзякуючы розным кнігам на паліцы.
— Валянціна, вы згадалі кнігу для купання. А што яшчэ?
— Настольныя гульні, пазлы, і, вядома, мы заўсёды стараемся здзівіць чытача. Нядаўна выйшла серыя кніжак з налепкамі, якіх у нас мала. Таксама папулярная серыя кардонных кніжак. І яшчэ сёлета мы выпусцім «Гісторыю пра крата» — для дзяцей, якія хочуць даведацца, хто нарабіў яму на галаву .
Мы шукаем сучасныя крэатыўныя фарматы, што адпавядаюць сусветным трэндам. Гэта наш дэвіз, наша місія. Беларуская кніга ні чым не горшая за кнігу на любой іншай мове. Усё павінна быць найлепшым.
— Крэатыў будзе, але без дапамогі штучнага інтэлекту, як самі дэкларуеце на вокладках.
— Штучны інтэлект выкарыстоўваем для рутынных задач, але творчасць — за чалавекам. Мы шануем кожнага, з кім працуем. Кожнаму патрэбна самарэалізацыя і грошы, каб жыць.
Чытачы, бачачы чалавека за кнігай або праектам, адчуваюць гэта як нешта роднае, створанае для іх. Калі праект створаны штучным інтэлектам, нават з укладаннем дызайнера, гэта ўсё роўна холадна. Таму мы стараемся гэтага пазбягаць. Наш знак падкрэслівае: мы людзі, у нас ёсць раскоша займацца творчасцю і атрымліваць задавальненне ад працы.