- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Вялікдзень, або як часам пацаркоўнаму называюць Пасха — гэта сьвята Ўваскрошаньня Госпада нашага Ісуса Хрыста. Словы "Вялікі Дзень" ужо самі за сябе гавораць, што гэтае сьвята — найвялікшае сярод іншых хрысьціянскіх сьвятаў. Ад даты Вялікадня залежаць усе іншыя рухомыя сьвяты, устаноўленыя Ўсяленскай Царквою. Наш беларускі народ здаўна ставіўся зь вялікай пашанаю да свае веры Хрыстовай, да ўсіх традыцыяў і звычаяў, зьвязаных із сьвяткаваньнем Вялікадня. Таму ня дзіва, што й да сяньня сярод Беларусаў захавалася шмат прыгожых абрадаў і звычаяў, прысьвячаных найвялікшаму й найстарэйшаму хрысьціянскаму сьвяту — Уваскрошаньню Хрыстоваму. Ужо ад самае Вербнае Нядзелі рыхтуюцца належна і ўрачыста спаткаць сьвята. У сераду або чацьвер Вялікага Тыдня, у най хаце йдзе рухлівая праца. Жанчыны рупяцца старанна прыбраць хату й прыгатаваць вялікодныя стравы, а мужчыны наводзяць парадак у сваёй гаспадарцы паза хатаю. Старадаўным звычаем першых вякоў хрысьціянства, хварбуюцца на чырвоны колер вялікодныя яйкі.