- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Праект «Эўрапейскі выбар для Беларусі», вынікам якога ёсьць гэтая кніга, стартаваў летась улетку. Ужо тады было ясна, што абяцанай уладамі падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2001 г. эканамічнай лібэралізацыі ня будзе. Нягледзячы на пэўную стабільнасьць, у эканоміцы краіны назіраліся нэгатыўныя тэндэнцыі: рост цэнаў на тавары першай неабходнасьці і камунальныя паслугі, зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці значнай часткі насельніцтва, павелічэньне колькасьці стратных прадпрыемстваў і г. д. Да таго ж адбывалася ўмацаваньне жорсткасьці аўтарытарнага рэжыму, а сацыялягічныя дасьледаваньні адзначалі спаданьне рэйтынгу прэзыдэнта. Усё гэта паказвала, што эканамічная і палітычная сыстэма краіны непазьбежна сутыкнуцца з жорсткай неабходнасьцю рэфармаваньня, а іх далейшая кансэрвацыя можа выклікаць сыстэмны крызыс усяго грамадзтва. Гэты, хай сабе і абстрактны, прагноз актуалізоўваў ідэю дэмакратычных трансфармацыяў у краіне. Сам праект узьнік не на голым месцы. Ажыцьцявіць яго было б немагчыма, калі б у краіне ня склалася сетка незалежных аналітычных асяродкаў, якія ў 2001-2002 гг. выдалі некалькі сур’ёзных працаў. У адной зь іх, а менавіта «Беларуска-расійская інтэграцыя. Аналітычныя артыкулы» (Менск: Энцыклапедыкс, 2002), слушна даводзілася, што «Саюзная дзяржава» - гэта ня што іншае, як «інстытуцыйны фантом», а пэрспэктывы аб’яднаньня Беларусі і Расеі хімэрычныя.