- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Напярэдадні штучнага сьвята — дня яднаньня народаў Беларусі і Расеі 2 красавіка — Масква і Менск абмяняліся ўколамі. Ананімны прадстаўнік Міністэрства фінансаў Расеі заявіў, што Беларусь не атрымае жаданага для яе крэдыту на 100 мільярдаў расейскіх рублёў. «У пазычальніка ўжо багата забавязаньняў перад Расеяй», — зьедліва зазначыла ўрадавая крыніца. На думку незалежных назіральнікаў, найболей імаверна, што гэтая адмова зьвязаная з ухілістай пазыцыяй Менску ў прынцыповым для Крамля пытаньні прызнаньня Паўднёвай Асэтыі ды Абхазіі. Яно не было ўлучанае ў парадак дня вясновай сэсіі беларускага парлямэнту. Аляксандар Лукашэнка ўсяляк марудзіць у гэтым пытаньні насуперак ціску Масквы, якая раз-пораз нагадвае пра хаўрусьніцкі абавязак. Экспэрты прадказваюць, што прызнаньня ня будзе сама мала да 7 траўня, калі мусіць адбыцца ўстаноўчы саміт новай праграмы ЭЗ «Усходняе партнэрства».