- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларускія ўлады стараюцца прадэманстраваць прагрэс у пытаньні правядзеньня выбараў адпаведна са стандартамі АБСЭ. Так, зь ініцыятывы Цэнтральнай камісіі па выбарах на гэтым тыдні быў арганізаваны паўторны паказ па тэлевізіі пяціхвілінных выступаў кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Гэтая навацыя стала адказам беларускіх уладаў на заўвагу назіральнікаў місіі БДІПЧ АБСЭ наконт таго, што ў краіне амаль што не адчуваецца вонкавых прыкмет агітацыйнай кампаніі. Сапраўды, на думку палітолягаў, улады за папярэднія гады адпрацавалі мэтодыку «ціхіх» выбараў, якія практычна не заўважае абываталь. Палітызацыя грамадзтва ў зьвязку з электаральнымі кампаніямі кіроўным вярхам недарэчы. Таму агітацыйныя магчымасьці кандыдатаў жорстка абмежаваныя. Дзяржава выдае ім на плякаты ды ўлёткі суму, эквівалентную 800 даляраў. Гэтага стае на сьціплы наклад невыразнай чорна-белай прадукцыі. Выкарыстоўваць уласныя ці спонсарскія сродкі, дапамогу з-за мяжы закон кандыдатам забараняе. Для сустрэчаў з выбарнікамі мясцовая «вэртыкаль» звычайна вылучае ня самыя людныя месцы.