- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Днямі прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі паведаміў пра вынікі эканамічнага разьвіцьця краіны ў першым квартале 2008 году. У прыватнасьці, валавы ўнутраны прадукт павялічыўся на 10,5% пры гадавым прагнозе 11%. Сідорскі назваў і шэраг іншых паказчыкаў, якія, на ягоны погляд, сьведчаць пра станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы. Паводле зьвестак прэм'ера, рост прамысловай вытворчасьці за квартал склаў 113,6%, сельскагаспадарчай вытворчасьці — 106,8%, інвэстыцый у асноўны капітал — 120%. Таксама, паводле папярэдніх зьвестак міністра эканомікі Мікалая Зайчанкі, Беларусь можа выйсьці па выніках першага кварталу на станоўчае сальда замежнага гандлю ў памеры каля 20 млн. даляраў. Варта нагадаць, што летась адмоўнае сальда замежнага гандлю Беларусі склала велізарную для краіны лічбу — 2,75 млрд. даляраў. Гэта стала прадметам вялікай заклапочанасьці ўраду. Як зазначаюць незалежныя экспэрты, пэўны прагрэс сёлета дасягнуты найперш за кошт таго, што наладзіліся пастаўкі нафты з Расеі і, адпаведна, рэзка вырас экспарт беларускіх нафтапрадуктаў.