- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Перад тым, як выправіцца 6 жніўня на Алімпіяду ў Пэкін, прэзыдэнт Аляксандар Лукашэнка зрабіў некалькі паездак па рэгіёнах Беларусі, інспэктуючы хаду жніва. Ён падкрэсьліваў, што ўраджай трэба сабраць як мага хутчэй і бяз стратаў, бо на тле ўсясьветнага харчовага крызысу экспарт харчаваньня можа даць краіне немалы прыбытак. На 6 жніўня ў Беларусі было намалочана 4 млн. т збожжа. Паводле папярэдніх прагнозаў, сёлета яго мяркуецца сабраць 8 млн. т. Пры гэтым незалежныя экспэрты мяркуюць, што дзеля рапартаў аб выкананьні плянаў ў беларускім аграрным сэктары, з савецкай завядзёнкі, шырока практыкуюцца прыпіскі. Тым часам, на думку экспэртаў, у стасунках паміж Менскам і Масквой высьпявае лятэнтная напруга на энэргетычнай глебе. 1 жніўня першы намесьнік старшыні ўраду Беларусі Ўладзімер Сямашка заявіў, што ў сувязі са зьменай абставінаў Беларусь і Расея мусяць перагледзець умовы ранейшага газавага кантракту.