- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пры канцы году самай хвалюючай тэмай для беларусаў стала газавая. Магчымы ланцуговы рост усіх коштаў у зьвязку з рэзкім падаражэньнем расейскіх энэрганосьбітаў трывожыць нават апалітычных абываталяў. Але яшчэ цяжэйшы роздум пануе ў кіроўных вярхох: разбураецца падмурак "беларускага эканамічнага цуду"! Таму афіцыйны Менск наважыўся на перамовах з "Газпромам" трымацца да апошняга. 26 сьнежня чарговы раўнд такіх перамоваў у Маскве скончыўся безвынікова. Расея сьцьвярджае, што і так пайшла на беспрэцэдэнтныя зьніжкі дзеля хаўрусьніка, скінуўшы кошт блакітнага паліва з $200 да $105-110 за тысячу кубамэтраў. Але беларускі бок згодны плаціць максымум $75. Павісла ў паветры і пытаньне продажу паловы акцыяў беларускай газатранспартнай сыстэмы "Газпрому" (чаго даўно дамагаецца расейскі бок, зацікаўлены самастойна кантраляваць транзыт).