Беларусь атрымала вялікі гуманітарны груз з Польшчы
2020-06-06 13:19
Другая партыя дапамогі ад Польшчы для змагання з эпідэміяй каронавіруса дастаўлена ў Менск на склад «Менск-Белмытнясэрвіс».
З урачыстым словам падчас адгрузкі ў Менску звярнуўся намеснік Амбасадара Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі:
– Я б хацеў, каб гэтае мерапрыемства ўмацавала наша суседства, умацавала нашыя адносіны. Самае галоўнае, што мы змаглі гэта зрабіць. Што мы знайшлі тое, што можам перадаць, што мы арганізавалі гэта маштабна, і спадзяемся, што гэта рэальна дапаможам Беларусі змагацца з эпідэміяй ковіда. А ўжо ў будучым будзем глядзець у залежнасці ад сітуацыі. Польшча і Беларусь блізкія краіны, палякі і беларусы – блізкія народы.
Польскі бок перадаў беларусам буйную партыю масак, лекаў, тэстаў на каронавірус, сродкі індывідуальнай абароны, а таксама апараты ШВЛ.
Самы вялікі гуманітарны груз ад пачатку пандэміі атрымалі шпіталі Гарадзеншчыны.
Распавядае кіраўнік канвою з польскага боку, капітан Якуб Січэк з галоўнай камендатуры Дзяржаўнай пажарнай службы ў Варшаве:
– У Беларусь прыехала вельмі шмат абсталявання. Канвой быў падзелены на два пададдзелы. Адзін прыехаў у Гародню – пяць грузавікоў. Другі канвой паехаў у Менск. Мы паедзем у чатыры гарады Гарадзенскай вобласці, дзе будзем разгружаць тавар. У Гарадзенскую вобласць мы прывезлі рэспіратары, дэзінфікуючыя сродкі, сродкі індывідуальнай аховы – фартухі, камбінезоны, шчыткі і маскі.
З беларускага боку канвой сустракаў Аляксандр Гаўрылік, намеснік кіраўніка ўпраўлення аховы здароўя Гарадзенскага аблвыканкама:
– Гэта ўжо другі груз, які прыйшоў. Сёння прыйшло 6-ць грузавых аўтамабіляў. Усяго будзе каля 45-ці машын, якія пойдуць на Менск, а 6-ць машын ідзе на Гародню. Дзве машыны разгружаюцца на складзе „Медтэхнікі”. Далей будзе Шчучын, Ліда, выгрузка будзе для Смаргоні і лідскай бальніцы. Яшчэ адна машына прыедзе ў Ваўкавыск. У грузе ёсць пяць апаратаў ШВЛ, якія таксама размяркоўваюцца на нашыя ўстановы аховы здароўя. Ёсць рэспіратары, маскі, халаты і камбінезоны, то бок асноўнае што трэба, каб абараніць нашых лекараў.
Гуманітарны груз з Польшчы таксама завязуць у Менск ды іншыя абласныя цэнтры Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота Сяргея Апановіча