Балтыйскі тур Уладзіміра Арлова прайшоў з аншлагам!
2024-03-26 22:40
Клайпеду, Коўна, Вільню, Рыгу, Талін і Хельсінкі наведаў фонд Kamunikat.org з цыклам сустрэчаў „Насустрач Дню Волі з Уладзімірам Арловым”. Усюды сустрэчы прайшлі ў цёплай атмасферы, хаця і не без неспадзяванак.
Напярэдадні 25 сакавіка пісьменьнік і гісторык
Уладзімір Арлоў разам з кампазітарам і музыкам Раманам Арловым ды выдаўцом і дырэктарам фонду Kamunikat.org Яраславам Іванюком выправіліся з Беластока ў бок Балтыкі. Іх чакалі Клайпеда, Коўна, Вільня, Рыга, Талін і Хельсінкі. Сустрэчы з беларусамі дыяспары, размовы пра нашу гісторыю і – цалкам нечакана! - дыскусіі пра літвінізм.
Галоўны фокус творчых сустрэчаў быў скіраваны на гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі, прэзентацыю кніг і аўтограф-сесію. Уладзімір Арлоў меўся прадставіць аматарам літаратуры свае кнігі “Імёны Свабоды”, “Незалежнасць – гэта…”, “Айчына” і іншыя папулярныя выданні. Фонд Kamunikat.org выдаў ужо 12 кніг Уладзімера Арлова. Гэта гістарычныя творы, вершы, проза, эсэ мэтра беларускай літаратуры. У зборніку эсэ — славуты твор «Незалежнасьць – гэта...», напісаны яшчэ ў 1990 годзе і – на жаль – дагэтуль актуальны. Ёсць таксама навінкі – другая частка “Айчыны” („чорна-белы” варыянт).
Леташні еўрапейскі тур Арлова (Польшча-Нямеччына-Італія) даваў падставы меркаваць, што сёлета ўсё паспяхова пройдзе па ўжо адпрацаваным алгарытме, але пасля першай сустрэчы ў Клайпедзе з’явіўся скандальны допіс літоўскага блогера Жыльвінаса Світоюса, які назваў Уладзімера Арлова «ідэолягам ліцьвінізіму». Допіс набіраў папулярнасць і збіраў хэйтараў, арганізатарам – Фонду Kamunikat.org і Міжнароднаму саюзу беларускіх пісьменьнікаў – давялося пераносіць імпрэзу ў Коўна на іншую пляцоўку.
«У Каўнасе, дзякуючы прафэсару Русьцісу Камунтавічусу, нас прыняў Ковенскі ўнівэрсытэт. Дырэктар Інстытуту Вялікага Княства Літоўскага” вельмі прыхільна ставіцца да беларусаў. І сустрэча адбылася там без ніякіх праблемаў», — гаворыць Яраслаў Іванюк.
Гісторыя з абвінавачваннем У. Арлова ў ліцвінізме мела працяг і ў Вільні, дзе па прычынах бяспекі сустрэча была перанесена з адной пляцоўкі (Віленскі беларускі музэй імя І. Луцкевіча) на іншую (прастора “Замак Дапамога”). Віленскі беларускі музэй імя І. Луцкевіча зазначыў: “Мы не можам гарантаваць ні бяспекі Арлова, ні нашай”. У “Замку Дапамога” не абышлося без дыскусіяў і правакацыйных пытанняў.
Напружанне ў паветры сваёй рыторыкай спрабаваў крыху змякчыць прафесар Русціс Камунтавічус, які казаў, што “нерадыкальны літвінізм гэта не пагроза для Літвы, а магчымасць зрабіць Беларусь бліжэй да Захаду...” (“Наша ніва”).
Сустрэча ў Рызе 23 сакавіка прайшла ў спакойнай і дабразычлівай атмасферы на пляцоўцы Латвійскага таварыства беларускай культуры “Сьвітанак” у будынку Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі. Выступіў пасол Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс, які выказаў перакананьне, што «Беларусь стане вольнай, дэмакратычнай і эўрапейскай краінай». Адбыўся кніжны кірмаш у музычным суправаджэнні Рамана Арлова. Традыцыйна прагучала славутае эсэ Уладзіміра Арлова “Незалежнасць – гэта…”, перакладзенае на дзесяткі моваў свету.
Працяг літаратурнага туру ў Таліне і Хельсінках – гэта сустрэчы ў асноўным з маладымі людзьмі.
Ва ўсіх сустрэчах прынялі удзел больш за 200 чалавек.
На пароме ў Хельсінкі Яраслаў Іванюк даведаўся пра ўзнагароджанне яго Медалём Ордэну Пагоні. Старнышя рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла ўзнагародзіла заснавальніка інтэрнэт-бібліятэкі і кіраўніка Фонду «Kamunikat.org» «за ўнёсак у беларускую культуру і адукацыю». „Медаль Ордэну Пагоні гэта таксама ўзнагарода для майго сябра Міраслава Лазоўскага, які загінуў пад Бахмутам” – сказаў Кавалер Ордэну Пагоні Яраслаў Іванюк.