- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Нарадзіўся ў сям'і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка, а ў 1937 г. хутар быў ліквідаваны і сям'ю паэта перасялілі ва Ушачы. Пасля вайны Рыгор Барадулінн вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954 г.), затым на філалагічным факультэце БДУ (скончыў у 1959 г.) Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969 г.), «Мастацкая літаратура» (з 1972 г.) Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984 г.) Рыгор Барадулін быў дзейным чальцом СБП, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989—1999 гг., прэзідэнт з 1990 г., віцэ-прэзідэнт з 1999 г.). З'яўляўся членам Партыі БНФ, членам Сойма БНФ (з 1989 г.). У 1995—1997 гг. быў у кіраўніцтве Беларускага Фонду Сораса. Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона — мастачка, ёсць унучка Дамініка. Калекцыяніраваў сланоў і чарапах. Рыгор Барадулін вызнаваў сябе як уніята. Памёр 2 сакавіка 2014 г. у сваёй кватэры ў Мінску пасля многіх гадоў пакут ад хваробы Паркінсона. Пахавалі Рыгора Барадуліна ва Ушачах у беларускай народнай вышытай кашулі ў той жа дзень побач з магілай мамы, як таго і жадаў паэт пры жыцці.