Анжаліка Борыс: Сябры СПБ ускладуць кветкі да помнікаў паўстанцаў 1863 года
2020-05-02 20:25
Карэктывы на святкаванне Саюзам палякаў Беларусі Дня Сцяга Польшчы, а таксама Дня Канстытуцыі 3-га траўня наклалі падзеі пандэміі каронавірусу.
Анжаліка Борыс, старшыня арганізацыі, расказвае пра мерапрыемствы, якія ўжо пачаліся:
– Сёння адзначаецца Свята Польскага Сцягу і Свята Палоніі і палякаў за мяжой. Мы сёння заспявалі гімн з вучнямі нашай школы імя караля Стэфана Баторыя. Быў з намі таксама генеральны консул. Канешне, лічба вучняў была пяць чалавек, у сувязі з пандэміяй каронавіруса.
У такі спосаб сябры Саюзу палякаў Беларусі павіншавалі ўсіх са святам. Таксама Дзень Канстытуцыі, які святкуецца 3 траўня, адзначыцца ўскладаннем кветак да крыжоў Паўстанцаў 1863 году ў тых рэгіёнах, дзе існуюць суполкі Саюзу палякаў па ўсёй Беларусі. Анжаліка Борыс расказвае:
– Запалім свечкі, ускладзём кветкі да помнікаў студенскіх паўстанцаў. Я буду, і генеральны консул будзе. Мы ўскладзём кветкі каля крыжоў студзенскім паўстанцам у Азёрах. Заўтра а 12-й гадзіне аддзелы Саюза палякаў у Берасці – у Баранавічах, у Ваўкавыску, у Лідзе і ў многіх другіх гарадах, таксама ў той самай гадзіне каля крыжоў паўстанцам ускладуць кветкі і запаляць знічы.
Усе мерапрыемствы пройдуць дыскрэтна, малымі групамі, каб забяспечыць максімальныя меры імуналагічнай бяспекі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя