Абмен у фармаце "пяць на пяць" адбыўся на польска-беларускай
мяжы. Дзяржаўнае агенцтва БелТА cуправадзіла навіну пра абмен такім
тэкстам:
"Тое, што адбываецца, з'яўляецца кульмінацыяй складанага і
працяглага перамоўнага працэсу паміж КДБ Беларусі і Агенцтвам выведкі
Польшчы, які ажыццяўляўся па прамым даручэнні прэзідэнта Беларусі".
У сеціве з'явілася першае фота Анджэя Пачобута на волі. Ён выглядае вельмі худым. Яго прывітаў асабіста Прэм'ер-міністр Польшчы Доналд Туск.
Пачобут трымае ў руцэ беларускі пашпарт. Як піша "Белсат", абмен
адбываўся на пераходзе "Перароў-Белавежа". Польскі бок перадаў пяцярых
грамадзянаў РФ, РБ ды іншых краінаў СНД. Іхныя асобы не раскрываюцца.
КДБ Беларусі падзякавала за дапамогу ў ажыццяўленні гэтага абмену
расейскаму ФСБ.
Напярэдадні абмену
з'явілася інфармацыя, што Спецыяльны пасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі
Джон Коўл 27 красавіка меў насычаную праграму ў Варшаве. Ён сустрэўся не толькі з міністрам замежных спраў і віцэ-прэм'ерам
Радаславам Сікорскім, але і з прэзідэнтам Польшчы.
"Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі прыняў у панядзелак спецыяльнага пасланніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа па Беларусі Джона Коўла", — паведаміла 28 красавіка днём канцылярыя польскага прэзідэнта.
Спецпасланнік ЗША ў Беларусі Джон Коўл пракаментаваў абмен затрыманымі на мяжы Польшчы і Беларусі.
"Мая каманда і я дапамаглі дамагчыся вызвалення трох грамадзян
Польшчы і двух грамадзян Малдовы. Гэты гістарычны вынік стаў магчымы
дзякуючы лідэрству прэзідэнта Трампа, Крысу Сміту і яго камандзе ў
Дзярждэпартаменце, а таксама цеснай каардынацыі з некалькімі надзейнымі
партнёрамі.
Мы дзякуем Польшчы, Малдове і Румыніі за неацэнную падтрымку ў
гэтых намаганнях, а таксама прэзідэнту Лукашэнку за гатоўнасць да
канструктыўнага ўзаемадзеяння са Злучанымі Штатамі", — напісаў ён у X.
Сярод тых, хто сутракаў вызваленага палітвязня Анджэя Пачобута на
беларуска-польскай мяжы, быў намеснік галоўнага рэдактара "Gazety
Wyborczej"
Барташ Вяліньскі, які шмат гадоў дамагаўся
вызвалення Пачобута з турмы. Менавіта ён суправаджаў вызваленага
журналіста ў машыне Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW) па дарозе ў Варшаву
і па дарозе
распытаў яго пра перажытае ў турме і пра вызваленне.
Анджэй Пачобут узгадаў, як трапіў у калонію ў Наваполацку і адразу пасля ўваходу пачуў крыкі вязня, якога катавалі.
"Лагерны капо загадаў новапрыбылым крычаць, каб заглушыць стогны
збітага. Пачобут быў адзіным, хто не крычаў. Ад намесніка начальніка
турмы ён пачуў: «Пачобут, нам не трэба, каб ты быў мёртвы, нам трэба,
каб ты быў жывы». Але пра яго здароўе не дбалі", — пераказвае Барташ Вялінскі словы былога палітвязня.
У 2021 годзе яго змясцілі ў тую частку турмы на Валадарцы, якая прызначалася для асуджаных да смяротнага пакарання.
"Думалі, што мяне адразу запалохаюць, зламаюць, а я не даўся. Два
гады жыў пры адчыненым акне. Зіма, лета. А ў ШІЗА, гэта значыць у
карцары [правёў там 167 дзён], у мяне не было нічога. Спаў на дошках", — расказвае ён.
Таксама Пачобут падзяліўся свежымі ўспамінамі пра ўжо сённяшнія падзеі, калі а 3‑й гадзіны ночы яго разбудзілі.
"Сказалі, што мяне пераводзяць. Добра, падумаў, што паеду ў
крытую турму ў Магілёве, нават узрадаваўся, бо там лепшыя ўмовы, чым у
Наваполацку. Але мяне здзівіла, што загадалі забраць рэчы.
Калі кадэбісты сказалі, што я выязджаю ў Польшчу, я адмовіўся.
Запатрабаваў гарантый, што змагу вярнуцца. Прывезлі чыноўніка
адміністрацыі прэзідэнта, патэлефанавалі польскаму паверанаму ў справах.
Я спытаў, ці змагу вярнуцца ў Беларусь. Ён пацвердзіў. Пацвердзілі і
беларускія чыноўнікі", — сказаў Пачобут.