Аналітыкі пра прапанову Ціханоўскай
2021-03-19 10:20
Якім можа быць плён звароту Ціханоўскай наконт перамоваў з уладамі? Колькі галасоў на «Голасе» зьбярэ яе прапанова? Ці адбываецца другая хваля грамадзкага пад’ёму? Што будзе 25 сакавіка?Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць палітоляг Андрэй Казакевіч і палітычны аналітык Ян Аўсеюшкін.
Сёньня Сьвятлана Ціханоўская абнародавала зварот з заклікам да пачатку перамоваў пры міжнародным пасярэдніцтве для вырашэньня палітычнага крызісу. Яна заклікала беларусаў выказваць сваё стаўленьне да гэтай прапановы праз плятформу «Голас».
Аўсеюшкін Зараз, калі адкрытыя пратэсты здушаныя, Лукашэнка сьцьвярджае, што крызіс урэгуляваны.
Галасаваньне на «Голасе» за прапанову Ціханоўскай пакажа, што крызіс працягваецца.
Заява Ціханоўскай — перахопліваньне парадку дня ў Лукашэнкі.
Фармат яе прапановы вяртае нас у лета 2020 году.
У жніўні летась, калі Лукашэнка ня зьняў слухаўку на тэлефанаваньне Мэркель, не было такіх санкцыяў і такой пэрспэктывы новых санкцыяў.
Для ўлады пэрспэктывы сумныя, і гэта можа падштурхнуць іх да перамоваў. Прынамсі, ранейшыя спосабы вырашэньня падобных крызісаў не працуюць.
Посьпех кампаніі, абвешчанай Ціханоўскай, залежыць ад унутранага і вонкавага ціску. Калі ўнутры будзе ўсё спакойна, як на могілках, то ніякія перамовы немагчымыя.
Жнівеньскай хвалі пратэстаў папярэднічала кампанія мабілізацыі, якая цягнулася тры месяцы — з траўня.
Ужо на «Голасе» сабралі 100 тысяч галасоў за першую гадзіну пасьля звароту Ціханоўскай.
Наконт 25 сакавіка завышаныя чаканьні.
Нязгодны з думкай, што галасаваньне скасоўвае вулічны пратэст. Калі чалавек ня важыцца прагаласаваць, ён не наважыцца выходзіць на вуліцу.
Казакевіч
Зварот Ціханоўскай — спроба мабілізацыі пратэсту ў бясьпечнай форме.
Калі за яе прапанову прагаласуе мільён ці два мільёны чалавек, гэта пакажа беларусам, уладзе і міжнароднай супольнасьці, што за гэтай пазыцыяй вялікая колькасьць людзей.
Расейцы таксама стаяць перад выбарам, Лукашэнка ня вечны, падтрымліваць яго — гэта для іх дадатковыя рызыкі.
Ні ААН, ні АБСЭ ня ў стане прымусіць Лукашэнку сесьці за стол перамоваў.
Перамовы калі і пачнуцца, то канфідэнцыйна, а не публічна, як пра іх абвясьціла Ціханоўская.
У Расеі зварот Ціханоўскай будзе ўспрыняты як стаўка на Захад, на міжнародныя структуры.
Я ня думаю, што яе зварот дэматывуе пратэст, гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі на «Голасе» прагаласуе мала людзей.
На вуліцу выходзіць небясьпечна, вешаць сьцягі ў сябе — таксама.
Застаецца вывешваць сьцягі ў публічных месцах, застаюцца розныя формы эканамічнага байкоту.