Журналіст Аляксандр Лукашук напісаў кнігу ўспамінаў
2024-05-13 15:05
Аляксандр Лукашук, які ўзначальваў Беларускую службу “Радыё Свабода” з 1998 да 2023, выдае кнігу ўспамінаў з назвай “Там, дзе няма цемнаты” (цытата з песні гурта ULIS). Мемуары выходзяць з друку ў праскім выдавецтве Vesna. Урыўкі з кнігі можна пачытаць анлайн.
Ва ўспамінах аўтар расказвае, як стваралася Свабода, што яна рабіла з аўдыторыяй, журналістамі і ім самім. Акрамя гэтага Лукашук расказвае пра афганскі перыяд свайго жыцця. Прэзентацыі “Там, дзе няма цемнаты” плануюцца ў некалькіх еўрапейскіх гарадах, першая з якіх пройдзе ў Вільні.
17 траўня ў 18:00 аўтар раскажа пра кнігу ў віленскім музеі імя І. Луцкевіча. Кожны госць атрымае асобнік у падарунак.