Алесю Аркушу – 60 гадоў
2020-05-28 14:12
28-га траўня свой юбілейны дзень народзінаў адзначае пісьменнік, заснавальнік прэміі “Гліняны вялес”, а таксама наш калега, даўні аўтар Беларускага Радыё Рацыя, які вядзе перадачу “Жыццё з літаратурай”.
Алесь Аркуш нарадзіўся ў Жодзіне, скончыў політэхнікум і Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. Стала жыве ў Полацку, у 1993 годзе стварыў Таварыства Вольных Літаратараў і заснаваў літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Ён аўтар 15 кніг паэзіі, прозы і эсэістыкі, і цяпер працуе над новым творам:
– У пісьменніка толькі адзіны план – нешта пісаць. Зараз я пішу такі раман, які называецца “Запавольванне”, гэта вельмі сур’ёзная кніжка, ужо другі год я яе пішу. Пра наканаванне нейкае жыццёвае, метафізіку асобы, пра сувязь з продкамі. Досыць містычная кніжка , звязаная нават з некаторымі таямніцамі асабістымі.
На жаль, склалася так, што ва ўмовах эпідэміі каронавірусу не атрымаецца адзначыць 60-годдзе ў шырокім сяброўскім коле, разам з роднымі і блізкімі, кажа Алесь Аркуш. Затое самаізаляцыя спрыяе творчаму настрою і дае магчымасць паслухаць любімыя творы з асабістай калекцыі вінілавых кружэлак, якая налічвае 2 тысячы штук…
Беларускае Радыё Рацыя сардэчна віншуе нашага калегу з юбілеем!
Беларускае Радыё Рацыя
Фотаздымкі – з асабістага архіва Алеся Аркуша